Майстэрства ў спадчыну

У Мiнску экспануюцца работы кавачыцкiх мастакоў
У Мiнску экспануюцца работы кавачыцкiх мастакоў.

Работы кавачыцкіх майстроў«Кавачыцкая школа» — ад назвы вёскі Кавачыца, што ў Сербii. Менавіта там жывуць, працуюць i ствараюць цудоўныя ўзоры выяўленчага мастацтва эмiгранты са Славакii. Майстэрства малявання там перадаецца ў спадчыну, ад бацькоў дзецям. Магчыма, таму ўсе работы напоўнены шчырасцю i цеплынёй, якая нібы ліецца з палотнаў цiхiм ззяннем найярчэйшых фарбаў: сонечнае золата, бяздонная бiруза, пунсовыя рубiны…

Экспазiцыя «Славацкая сiмфонiя майстроў з Кавачыцы» — своеасаблiвая паэзiя вёскi, спакойная i дабрадушная. Зразумелая, пэўна, у любым кутку свету: работы кавачыцкiх мастакоў з поспехам экспанаваліся ў Вялiкабрытанii, Францыi, Польшчы, ЗША. На карцiнах бачым сялянскi побыт: з пудзiламi ў агародзе, працай на млыне i ўрачыстым святкаваннем Вялiкадня. Здавалася б, звычайныя моманты, але адлюстраваны так натуральна, маляўнiча, што нагадваюць эпiзоды з вядомых славянскiх казак, у якiх дабро заўсёды перамагае ліха. Апынуўшыся на выставе, хтосьцi ўзгадае пра ўдалага гультая Ямелю на печы-падарожнiцы, хтосьцi — пра залатую рыбку, якая ўсё ж можа трапiць на вуду самых цярплiвых, хтосьцi — пра страшных цмокаў, якiя сцерагуць схаваныя скарбы, а хтосьцi — пра гучнагалосых пеўняў, якiя вiтаюць усход, вызваляючы тым самым юнака з ведзьміных кiпцюроў. Як адзначыў пасол Сербii ў Беларусі Срэчка Джукiч, мастакi з Кавачыцы ствараюць чароўны свет, знаёмы i блiзкi кожнаму з дзяцiнства. Гэты свет прыцягвае i не пакiдае абыякавым нiкога, незалежна ад яго жанравых цi тэматычных прыхiльнасцяў.

— Гэта вельмi светлая i добрая выстава, якая адразу ўлюбляе ў сябе, — кажа куратар экспазiцыi Святлана Пракоп’ева. — Звычайна, калi бачыш карцiны ўпершыню, адразу адзначаеш, якая з iх будзе цэнтральнай у музейнай зале, а якая ўвогуле не мае шанцаў у яе трапiць па пэўных крытэрыях. А тут… усе 57 экспанатаў унiкальныя! Бо мы бачым гэтак званае наiўнае мастацтва, што ад самага сэрца аўтараў.

З Мінска выстава паедзе ў Гомель, потым у Магiлёў. На час яе работ у абласных цэнтрах запланаваны прыезд аўтараў з Сербii: яны правядуць майстар-класы.

Нiна Шпакоўская
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter