Майстар з Беларусі — лепшы ў Расіі

Снежныя скульптуры, як і ёлачныя цацкі, нядоўга радуюць гледачоў, але тым ярчэй застаюцца ў памяці фантазіі і майстэрства іх стваральнікаў. Акрамя ўдзельнікаў з Расіі конкурс у Новасібірску сабраў майстраў з Казахстана, Малдовы і Беларусі.
Рукатворныя цуды з ільду і снегуСнежныя скульптуры, як і ёлачныя цацкі, нядоўга радуюць гледачоў, але тым ярчэй застаюцца ў памяці фантазіі і майстэрства іх стваральнікаў. Акрамя ўдзельнікаў з Расіі конкурс у Новасібірску сабраў майстраў з Казахстана, Малдовы і Беларусі.

Ужо ў чацвёрты раз радаваў сібірскіх беларусаў сваімі снежнымі творамі Міхаіл Пракапенка з вёскі Цялуша Бабруйскага раёна. Летась творца са сваёй кампазіцыяй “У чаканні Калядаў” заняў трэцяе месца, цяпер жа яго работа, што прысвячалася 115-годдзю горада Новасібірска і мела назву “Абярэг”, была прызнана лепшай на конкурсе.

Дарэчы, перамагчы майстру з Беларусі дапамог сын Міхаіл. Пераможца ўпершыню ўзяў з сабой хлопца на конкурс. Малодшы Пракапенка таксама захапляецца рознымі рамёствамі. У прыватнасці займаецца і вышываннем, і бісерапляценнем.

— З бацькам без справы не застанешся! — з жартам гаворыць Міша. І сапраўды, рэдкай шчодрасці душа у старэйшага Міхаіла, які нават вершы піша. Прывучае да працы і творчасці дзяцей, з якіх, дарэчы, трое — прыёмныя.

Што і казаць, прыемна было зноў пабачыцца з Міхаілам Пракапенкам, пазнаёміцца з яго сынам і шчыра парадавацца перамозе беларускага майстра на расійскім конкурсе. Мы, беларусы-сібіракі, сардэчна дзякуем землякам за падараваныя хвіліны шчасця і чакаем да сябе ў госці ўсіх, хто гатоў падзяліцца і цеплынёй душы, і талентам.

Людміла Шчаслівенка,
г. Новасібірск
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter