Майстар Пекар вышывае гладдзю і вырабляе сувеніры з салёнага цеста.

На Ваўкавышчыне, багатай талентамі, Пекары не толькі пякуць, але і вышываюць. Прычым значна лепей за іншых, у чым мы нядаўна ўпэўніліся, наведаўшы гэты гасцінны край.

На Ваўкавышчыне, багатай талентамі, Пекары не толькі пякуць, але і вышываюць. Прычым значна лепей за іншых, у чым мы нядаўна ўпэўніліся, наведаўшы гэты гасцінны край.

Майстар вышыўкі Ірына Пекар з пасёлка Рось Ваўкавыскага раёна памятае, якое цёплае ўражанне на яе зрабілі... урокі працоўнага навучання ў школе. Менавіта тады была закладзена аснова будучага хобі цікаўнай і бойкай дзяўчынкі. Прафесійнай вышывальшчыцай Ірына не стала — вывучылася на мастака-афарміцеля спачатку ў Бабруйску, а потым у Пецярбургу. Але з таго самага часу, як адчула задавальненне ад зробленай працы, як зразумела, які моцны творчы стымул гэта дае, вышываць яна ўжо не пакідала. Ледзь не паўвека майстрыха ўдасканальвала свае навыкі і зараз можа з упэўненасцю эксперта даваць парады іншым, кансультаваць тых, хто толькі захапіўся народнымі рамёствамі. Трэба сказаць, ёсць з кім і самой парадзіцца. Вакол роскага Цэнтра рамёстваў аддзела культуры Ваўкавыскага райвыканкама, дзе наша гераіня працуе ўжо 10 гадоў, гуртуецца шмат зацікаўленых людзей. У Ірыны Пекар — сваё кола.
Нам пашчасціла патрапіць на выставу вышыўкі, дзе працы Ірыны Пекар — на пачэсных месцах. Ды і сама гэтая чароўная вясёлая жанчына — душа “маленькой такой компании” Цэнтра рамёстваў. Дзве яе каляжанкі наперабой распавядалі, які гэта цудоўны чалавек, дасведчаны спецыяліст і добры дарадца.
Яе настойлівасць, жаданне працаваць, дасягаць высокай планкі, якую яна сама сабе ўсталёўвае, сапраўды заслугоўваюць павагі. Напрыклад, адну з першых вышыванак — вялікі абрус — які Ірына вышывала гладдзю аж тры гады! Гэтую працу, скончаную ў 1996 годзе, майстрыха лічыць адной з самых значных і дагэтуль захоўвае яе ў сваім доме.
— Вышыць што-небудзь на дзіцячай футболачцы альбо распашонцы спрабуюць, напэўна, усе мамы, — разважае Ірына. — А мяне чамусьці менавіта вялікія памеры працы заўсёды падштурхоўваюць на тое, каб давесці пачатае да канца. Мне заўсёды хацелася бачыць сур’ёзны вынік сваіх намаганняў. А праца, на якую затрачана шмат часу, высока цэніцца найперш самім аўтарам.
Гэта, вядома, так. Да таго ж мы павінны адзначыць, што ў выпадку Ірыны Пекар з тымі, хто цэніць яе творчасць, недахопу няма. Ды яшчэ як няма! Жыве ў Ваўкавыску жанчына, чыя калекцыя майстрысіных прац ужо значна перавышае ўласную калекцыю Ірыны. Па словах жанчыны, гэтая дзіўная аматарка знаходзіць іх абсалютна ўсюды — на любым кірмашы, на кожным фэсце альбо выставе.
Вялікай папулярнасцю карыстаюцца вышываныя ручнікі Ірыны Пекар, сурвэткі з традыцыйным беларускім арнаментам. Асабліва іх любяць замежныя госці, якія нярэдка наведваюць дагледжаны, утульны Ваўкавыск. “Зараз асабліва цэніцца, калі тая ці іншая мастацкая праца мае нацыянальны каларыт, — тлумачыць дырэктар Цэнтра рамёстваў Святлана Кудаш. — Людзі нарэшце пачалі разумець і адрозніваць проста сувенір ад традыцыйнага нацыянальнага сувеніра. І дзяцей у нашым Цэнтры рамёстваў мы таксама выхоўваем на гэтых паняццях”.
— Традыцыйная беларуская вышыўка, — дадае Ірына, — на самай справе даволі сур’ёзная і складаная рэч. І часу на выраб ручніка патрабуецца нямала, бо адзін і той жа ўзор трэба з дакладнасцю паўтарыць двойчы, на адным і на другім баку тканіны. Да таго ж кожная рысачка, кожны завіток там нешта значаць, нясуць пэўны сэнс. І тым не менш я ў асноўным вышываю ручнікі, — з радасцю і гонарам кажа майстар.
Яе цудоўнымі ручнікамі нядаўна мела шчасце любавацца... ажно цэлае вяселле. Жаніўся адзін з сыноў Ірыны Андрэеўны, і дзве іконы — сынаву і нявестчыну — маці ўпрыгожыла двума ўласнаручна вышытымі вясельнымі ручнікамі...
А з нядаўняга часу майстар па прозвішчы Пекар вядзе ў Цэнтры рамёстваў яшчэ і заняткі па вырабах... з салёнага цеста. Аказваецца, таленты можна адкрываць у сабе ў любым узросце. І трэба іх адкрываць.
Гэта часам дае цудоўны плён.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter