Майстар, Маргарыта і іншыя

Спадчына Заіра Азгура — гэта не толькі скульптурныя творы
Заір АзгурЯк вядома, доўгае жыццё ў мастацтве ён прысвяціў скульптуры. Створаныя вялікім талентам постаці, бюсты і сёння арганічна існуюць у культурнай прасторы, іх можна сустрэць не толькі ў музеях, але і на вуліцах, плошчах. Аднак на выставе ў Нацыянальнай бібліятэцы “Я веру ў творчы пачатак Сусвету…”, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння народнага мастака Беларусі і СССР, прадстаўлены ў асноўным плён працы Заіра Ісакавіча... як літаратара.

Вось адна з кніг, выдадзеная ў 1932 годзе — будучы скульптар спрабаваў сябе ў ёй як ілюстратар. Цікава прабегчы вачыма і некаторыя артыкулы Азгура, яго прадмовы да выданняў па беларускім мастацтве. Асобна экспануюцца фатаграфіі з сямейнага архіва. Узнікае жаданне перагарнуць старонкі каталогаў яго выстаў, прыемна дакрануцца да старых рэпрадукцый і паштовак. Чаму на юбілейнай экспазіцыі прадстаўлена не самая вядомая грань таленту Заіра Азгура? Адна з прычын даволі простая: не паспелі закончыць рэканструкцыю ў Мемарыяльным музеі-майстэрні скульптара. Там, як вядома, знаходзіцца амаль уся творчая спадчына Азгура — бюсты, эскізы і нават трохметровыя помнікі.

— Перавозіць экспанаты ў іншае памяшканне мы не рызыкнулі: занадта дарагія гэтыя рэчы для будучых пакаленняў, — гаворыць дырэктар музея Аксана Багданава. — А пасля рамонту ў музеі таксама адкрыецца экспазіцыя. Рыхтуем шмат сюрпрызаў. Напрыклад, у пленэры паркавай скульптуры, прысвечаным Заіру Ісакавічу, ужо згадзіліся ўдзельнічаць не толькі маладыя скульптары. Наладзім выставу жывапісу яго жонкі — мастачкі Галіны Азгур. Адкрыем гурток для юных скульптараў. І, вядома ж, прадоўжым навукова-даследчую працу: будзем вывучаць творчасць скульптара, якая звязана з Віцебскам, Ленінградам і Кіевам.

Шмат цікавага пра дзеда ўспамінае і ўнучка Заіра Ісакавіча — Маргарыта Азгур:

— Ён быў вельмі добрым, любіў сям’ю, з асаблівай павагай ставіўся да сваёй жонкі Галіны Гаўрылаўны. І яна яго ва ўсім падтрымлівала, а творчаму чалавеку гэта вельмі неабходна. Але часам здавалася, што даражэй за сям’ю для яго — творчасць. Ды мы не крыўдзіліся, разумелі: так і павінна быць. Яго душой была майстэрня. Там ствараліся шэдэўры. Я часта назірала, як ён працуе. Над кожным эскізам — доўга, карпатліва. І заўсёды ў яго былі сумненні: ці правільна робіць? Неаднойчы бачыла: дзядуля злепіць нешта — адыдзе, паглядзіць, потым пераробіць. Ён заўсёды імкнуўся да ідэалу. Часта пытаў, што я бачу ў вачах скульптуры, ці жывыя яны?

Нягледзячы на тое, што Азгур яшчэ пры жыцці быў прызнаным майстрам, ён ніколі не пакутаваў ад так званай зорнай хваробы. Калегі, вучні, родныя — многія памятаюць яго чулым і добразычлівым.

— Прыходзіла шмат лістоў, — працягвае ўспамін Маргарыта Заіраўна. — На кожны ён адказваў. Памятаю, звярнуліся да яго жыхары адной з вёсак Брэсцкай вобласці, прасілі дапамагчы купіць аўтобус, каб вазіць дзяцей у школу. Дапамог. І нават падзякі за свае добрыя справы не
чакаў.

Неаднойчы сыну і ўнучцы Заіра Ісаакавіча паступалі прапановы ад замежных калекцыянераў прадаць творы скульптара. Але важным для сям’і было захаваць як мага больш яго твораў на Радзіме. Такім быў запавет самога майстра. Напрыканцы жыцця ўсе свае работы Азгур падарыў мінчанам.

— Мы зрабілі ўсё магчымае для таго, каб яго спадчына не разляцелася па свеце. Захавалі ў майстэрні і асабістыя рэчы, і інструменты. У адным з пакояў стаіць кухонная шафа і посуд, якім карыстаўся дзядуля, крэсла — у ім ён любіў адпачываць. На шматлікіх паліцах — работы: каля пяцісот бюстаў, эскізаў з гіпса, скульптурных кампазіцый. Усё, здаецца, як пры яго жыцці, як быццам майстар выйшаў і вось-вось вернецца…

Рукі Азгура стварылі больш за паўтары тысячы работ. Ён умеў і любіў працаваць. Да апошніх дзён Заір Ісакавіч увекавечваў у граніце, бронзе і мармуры партрэты гістарычных асобаў, а таксама сваіх сучаснікаў: палітыкаў і дзеячаў культуры, герояў Вялікай Айчыннай вайны і людзей працы. Ствараў бюсты сяброў і блізкіх.

На юбілейным вечары перадавалі слова адзін аднаму, як па эстафеце, яго калегі, вучні, людзі, якім пашчасціла быць знаёмымі з майстарам.

“Рабіце так, як разумееце…”

Загадчык кафедры скульптуры Акадэміі мастацтваў Уладзімір Слабодчыкаў успамінаў час, калі толькі закончыў акадэмію:

— Першы раз сустрэў Азгура ў скульптурным цэху. Там адлівалі помнік Якубу Коласу. Уразілі тады памеры работы, ёй было цесна ў памяшканні. А на яе фоне — маленькі скульптар. Потым давялося працаваць разам з Азгурам. Ён раздаваў эскізы, па іх трэба было ляпіць дэталі ці фігуры. Казаў: “Рабіце так, як разумееце. Тады атрымаецца добра”. У размове быў вельмі просты, жартаваў увесь час. Жартаў не дапускаў толькі ў рабоце. Хто ён ёсць для беларускай скульптуры? Азгур — адзін з яе пачынальнікаў, ён закладваў фундамент сучаснай скульптурнай школы.

Партрэт за два сеансы

Заір Азгур любіў працаваць з натуры, умеў “чытаць” фата-графію. Але сам амаль ніколі не пазіраваў. Толькі аднаму скульптару ўдалося зрабіць партрэт Заіра Ісакавіча — Генадзю Мурамцаву:

— Адзін час нашы майстэрні знаходзіліся побач. Часта сустракаліся, Заір Ісакавіч быў чалавекам вельмі камунікабельным, неяк разгутарыліся, нібы дзеля жарту ён згадзіўся мне пазіраваць. І тут я ўжо ад яго не адстаў. Партрэт стварыў за два сеансы. Азгур размаўляў увесь час. Таму з розных бакоў скульптура атрымалася розная — нібы адлюстравана міміка чалавека. Гавораць, добры партрэт той, на якім чалавек змяняецца. Лічу, што гэтая работа мне ўдалася.

Фантастычны імпрэсіяніст

Існуе такое выказванне: спіны нашых настаўнікаў яшчэ доўга будуць наперадзе. У гэтым жа ўпэўнены прафесар, выкладчык Акадэміі мастацтваў Анатоль Арціновіч:

— Калі гавару са студэнтамі пра Азгура, кажу ім: не глядзіце на гады жыцця, не думайце, што гэта мінулае. Творчасць Заіра Ісакавіча яшчэ доўга будзе заставацца будучыняй. Ён — фантастычны імпрэсіяніст. Але пра гэта амаль ніхто не ведае. Скульптар Аляксей Глебаў казаў, што ў Азгура трэба забіраць творы яшчэ на першых стадыях, не адшліфаваныя. Пакуль бачна экспрэсія. Азгур — гэта будучыня ў разуменні пластыкі, экспрэсіі.

Заір Ісакавіч сам меў цудоўнага настаўніка — Міхаіла Керзіна. Менавіта ён выхаваў чатырох народных мастакоў Беларусі — Заіра Азгура, Андрэя Бембеля, Аляксея Глебава і Сяргея Селіханава.

Успаміны сяброў і калег Заіра Ісакавіча былі цёплымі і сардэчнымі. Калі настаў час разыходзіцца, кінула апошні позірк на кнігі з аўтографамі Азгура, на яго фатаграфіі. Нібы развітвалася на некаторы час з творчасцю скульптара. А потым зразумела: ён жа што-дзень побач з намі! Да прыкладу, на плошчы Якуба Коласа ў Мінску — усе ведаюць гэтую цудоўную скульптурную кампазіцыю. Ёсць Азгур і ў Вязынцы. І нават на Барадзінскім полі пад Масквой, дзе стаіць зроблены ім помнік Пятру Баграціёну. Таму з Азгурам нельга развітацца назаўсёды, можна сказаць толькі — да хуткай сустрэчы!

Кацярына Немагай
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter