Майстар-клас

Днямі ў Маскве падчас выставы “АграФарм — 2017” прайшоў VIII з’езд расійскага Нацыянальнага саюза вытворцаў малака “Саюзмалако”, які аб’ядноўвае ўсіх расійскіх малочнікаў. Разам з абмеркаваннем праблем галіны перад расійскімі вытворцамі і перапрацоўшчыкамі малака міністрам сельскай гаспадаркі Расіі Аляксандрам Ткачовым была пастаўлена стратэгічная задача на бягучы год і перспектыву: актыўна працягваць работу па насычэнні ўнутранага рынку айчыннымі прадуктамі харчавання і па развіцці экспарту, а таксама зменшыць на працягу бліжэйшых пяці гадоў імпарт малака да 5—10 працэнтаў. Трэнд зразумелы — Расія ў перыяд дзеяння заходніх санкцый і эканамічнага крызісу імкнецца максімальна замяшчаць (скарачаць) імпартную харчовую прадукцыю ўласнай вытворчасцю...

Тым часам кіраўнік аграсектара краіны-суседкі даручыў за 5—7 гадоў “пераўзброіць” малочную галіну Расіі па прыкладу нашай краіны: “Мы з вялікай павагай ставімся да нашых калег з Беларусі. Яны паказалі нам майстар-клас”. Упэўнены, што міністр Ткачоў гаварыў шчыра і ад душы, а не для таго, каб падабацца калегам. Праўда, яго заява прагучала даволі нечакана на фоне канфлікту Рассельгаснагляду і беларускіх вытворцаў харчовай прадукцыі. Апошнія захады кіраўніцтва гэтага расійскага ведамства, якое ажыццяўляе санітарны кантроль на беларуска-расійскай мяжы, выклікаюць шэраг пытанняў. Цэлыя партыі беларускага харчавання па яго загадзе бракаваліся. А 6 лютага Рассельгаснагляд увёў забарону на экспарт у Расію ялавічыны з прадпрыемстваў Мінскай вобласці. Хто ад гэтага выйграў? Думаю, усе толькі згубяць: і беларускія вытворцы, і расійскія спажыўцы якаснай прадукцыі. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заклікае Расію спачатку разбірацца, перш чым уводзіць забарону на пастаўкі харчавання з Беларусі. З гэтай нагоды Міністэрства ўнутраных спраў нашай краіны заявіла, што адказныя асобы Рассельгаснагляду ў парушэнне норм міжнароднага права абмяжоўвалі магчымасць рэалізацыі беларускай прадукцыі ў Расіі і цяпер МУС праводзіць шэраг перадследчых праверак, матэрыялы якіх будуць перададзены ў Следчы камітэт для далейшай прававой ацэнкі.

Між іншым на згаданым аграрным форуме віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы падкрэсліў, што наша краіна адкрыта для супрацоўніцтва і мае намер падзяліцца вопытам, настроена на канструктыўную работу па ўсіх напрамках: “Расія і Беларусь працуюць у межах агульнага рынку, дзе трэба навучыцца дамаўляцца, будаваць узгодненую палітыку дзейнасці як на ўнутраным рынку ЕАЭС, так і на рынках трэціх краін”.

Безумоўна, з цягам часу існуючыя пытанні ва ўзаемаадносінах нашых краін, нават самыя складаныя, будуць вырашаны, паколькі шматбаковыя сувязі паміж народамі Беларусі і Расіі немагчыма разбурыць.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter