Майстар і Кацярына

Андрэй і Кацярына Мяцельскія жывуць у Дзяржынску: абодва — з багатай фантазіяй, назіральнасцю, працавітымі рукамі ды неабыякавымі да хараства душамі. Андрэй ужо вопытны майстар-кераміст, са шматгадовай практыкай, у Кацярыны стаж меншы. Працуючы разам, яны адзін для другога і настаўнікі, і гледачы, і крытыкі...
Чароўная мелодыя Андрэя і Кацярыны Мяцельскіх Андрэй і Кацярына Мяцельскія жывуць у Дзяржынску: абодва — з багатай фантазіяй, назіральнасцю, працавітымі рукамі ды неабыякавымі да хараства душамі. Андрэй ужо вопытны майстар-кераміст, са шматгадовай практыкай, у Кацярыны стаж меншы.
Працуючы разам, яны адзін для другога і настаўнікі, і гледачы, і крытыкі...

Спрадвеку ў Беларусі ганчары — як і кавалі, пчаляры, млынары — лічыліся чараўнікамі, здольнымі адвесці хваробы, паўплываць на ўраджайнасць глебы. Іх майстэрства перадавалася ў спадчыну. У радаводах Андрэя і Кацярыны, аднак, не было ганчароў, яны — па-свойму першыя ў гэтай прафесіі. Прадзед Андрэя, Гілярый Доўнар, быў на Койданаўшчыне (так называлі раней Дзяржыншчыну) заможным, працавітым хлебаробам. У Андрэя з маленства цяга да малявання, а любоў да лепкі з гліны прышчапіла Наталля Ермаловіч у мастацкай школе ў Дзяржынску. Яго талентам дапамагаў раскрыцца і мастак Уладзімір Шчарбін. Потым Андрэй вучыўся ў Беларускім дзяржуніверсітэце культуры і мастацтваў: засвоіў і тэхніку вырабу габеленаў, саломапляценне. А пазней скончыў і Беларускі інстытут правазнаўства, мае дыплом юрыста. Захапляўся і журналістыкай, друкаваўся ў перыёдыцы.
Неяк на Свяце горада ў Баранавічах ладзілася выстава народных умельцаў. На ёй і Кацярына, студэнтка Баранавіцкага дзяржуніверсітэта, выстаўляла ўласныя вырабы. А непадалёку разгарнуў сваю экспазіцыю ганчар Андрэй. Там і пазнаёміліся... Калі верыць мудрай прымаўцы, што шлюбы заключаюцца на нябёсах, дык гэта ў поўнай меры тычыцца Андрэя і Кацярыны: двое талентаў, апантаных любоў’ю да керамікі, у хуткім часе стварылі сям’ю.
Цяпер Андрэй Мяцельскі — вядомы на Беларусі майстар-кераміст, член праўлення Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, удзельнік многіх выставаў, у тым ліку ў Францыі, Малдове, Літве, Расіі. Летась, калі праходзіў фестываль “Славянскі базар у Віцебску”, непадалёк ад горада быў наладжаны пленэр ганчароў. Былі там і Мяцельскія. На вольным паветры, у маляўнічым месцы стаялі печы для абпальвання керамікі, ганчарныя кругі. Лепшыя ганчары краіны паказвалі сваё майстэрства. Мяцельскія ўспамінаюць урачысты момант: “адкрыццё печаў” рабіў міністр культуры Павел Латушка. Ён тонка і да месца пажартаваў, што таксама мае дачыненне да ганчарства, бо слова “латушка” азначае ў беларускай мове назву ганчарнай пасудзіны, у якой смажаць і тушаць мяса.
А нядаўна майстроў Мяцельскіх запрашалі ў адну з акруг Масквы. Андрэй паказваў, як працуе ганчар за кругам, быў у белай нацыянальнай кашулі, якую, з гонарам за мужа заўважыла Кацярына, ён сам шыў, і вышываў арнамент. Масквічы былі ў захапленні, што беларусы збераглі свае традыцыйныя рамёствы, ушанавалі майстроў Ганаровымі граматамі, дыпломамі. Між іншым. Андрэй — адзін з нямногіх, хто скарыстоўвае гліну і саломку, а яны ж цяжка сумяшчаюцца. Уражвае, напрыклад, выкананы ў такой тэхніцы алегарычны твор “Жанчына-Поўня”. А “Дрэва жыцця” сімвалізуе сувязь пакаленняў.
Яшчэ Андрэй — заўзяты аматар музыкі, таму з ахвотай робіць з гліны і акарыны — музычныя інструменты, якія выдаюць прыемныя, незвычайныя гукі. Ну і, вядома ж, у выкананні ганчара-музыкі цудоўныя атрымліваюцца біклагі, гарлачы, кубкі, каганцы... Ведае майстар і такія старажытныя “сакрэты” як дымленне, васкаванне. Наогул, у яго керамікі адметны твар, кожны выраб пазначаны цікавымі мастацкімі знаходкамі — і ўвасабляе глыбокую любоў да Беларусі. І жонка Кацярына вядзе адметную партыю ў сямейным ансамблі майстроў: робіць невялічкія, але вельмі цікавыя керамічныя творы.
Кампазіцыя-абярэг “Мір і згода ў вашу хату” Пад час гутаркі я пацікавіўся, як ставяцца яны да беларускай прыказкі “Ганчар гаршкі лепіць, а ў чарапку есці варыць”. І Кацярына, смеючыся, адказала: ганчарныя вырабы яна з мужам рыхтуюць галоўным чынам на выставы, а паўсядзённы посуд купляюць для сябе ў краме.
Адзін з нядаўніх творчых праектаў майстроў Мяцельскіх быў у Новасібірску. Там праходзіў 5-ы Міжнародны фестываль Сібірскай керамікі. Ездзіў туды адзін Андрэй, а прывёз два дыпломы лаўрэатаў: прызнанне атрымалі творы і яго, і Кацярыны.
...Непадалёк ад Дзяржынска, пры аўтамагістралі Мінск–Брэст нядаўна адкрыўся раённы Дом рамёстваў. Дырэктарам яго прызначылі Кацярыну Мяцельскую, а майстрам-метадыстам па кераміцы стаў Андрэй. Ініцыятар стварэння ўстановы — начальнік аддзела культуры Дзяржынскага райвыканкама Наталля Сінюковіч, улюблёная ў народную творчасць жанчына. У будынку будуць арганізаваны цэхі майстроў: ганчароў, кавалёў, ткачоў. Можна будзе не проста пабачыць, як майстры працуюць, але і палюбавацца іх вырабамі. Таксама як і набыць нешта на памяць у сувенірнай краме.

Лявон Целеш,
г.Дзяржынск
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter