Народный художник Арлен Кашкуревич оформил более 200 книг отечественных и зарубежных авторов

Майстар графікі

artmuseum.by
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР прафесар Арлен Кашкурэвіч з’яўляецца адным з найбольш яркіх майстроў другой паловы ХХ — пачатку XXI стагоддзя. Мастак працаваў у розных тэхніках графікі: лінагравюра, літаграфія, афорт, сухая іголка. Ён пакінуў нам у спадчыну вялікія графічныя цыклы, серыі малюнкаў з разважаннямі на вечныя тэмы дабра і зла, жыцця і смерці, кахання і жаночай прыгажосці. Аднак найбольш важнае месца ў творчасці Арлена Кашкурэвіча займае кніжная графіка.

Яшчэ падчас вучобы ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце Арлен Міхайлавіч выбраў у якасці дыпломнай работы ілюстрацыі да рамана ісландскага аўтара Хальдаўра Лакснеса «Атамная станцыя». Усяго мастак аформіў больш за 200 кніг айчынных і замежных аўтараў, у тым ліку Янкі Купалы, Алеся Адамовіча, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Івана Шамякіна, Аляксандра Пушкіна, Ханса Крысціяна Андэрсена і многіх іншых. Прычым яго работы — гэта не проста выяўленчая перадача сюжэта, а глыбіннае пранікненне ў сутнасць літаратурнага твора, раскрыццё яго філасофска-этычнага зместу. Вельмі паказальны ў гэтым плане цыкл ілюстрацый Кашкурэвіча да трагедыі Гётэ «Фаўст».

У мінчан і гасцей сталіцы ёсць магчымасць бліжэй пазнаёміцца з творчасцю выдатнага аўтара. Нацыянальны мастацкі музей да канца лета запрашае на мемарыяльную выставу «Арлен Міхайлавіч Кашкурэвіч (1929—2013). Да 90-годдзя з дня нараджэння». Эскпазіцыя прадстаўляе больш за 100 работ мастака, выкананых у графічных тэхніках афорта, літаграфіі, лінагравюры, акварэлі, малюнка тушшу і гэтак далей. Аснову выставы, паведамляе artmuseum.by, складаюць работы, якія праславілі Арлена Кашкурэвіча: манументальныя серыі гравюр і ілюстрацыі кніг, якія ўдзельнічалі ў рэспубліканскіх і міжнародных выставах і конкурсах і былі адзначаны высокімі ганаровымі ўзнагародамі. Упершыню шырокай публіцы паказаны малюнкі, жывапіс і шэраг рэдкіх матэрыялаў з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва і сям’і мастака.


delaemvmeste.by

mila@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter