Давид Якерсон — редкий представитель скульптурного супрематизма

Майстар эксперыментаў


У  Нацыянальным мастацкім музеі праходзіць сумесная з Віцебскім абласным краязнаўчым музеем выстава «Давід Якерсон. Скульптура. Графіка», прымеркаваная да 125-годдзя з дня нараджэння яркага прадстаўніка Віцебскай мастацкай школы, члена вядомага авангарднага аб'яднання «УНОВИС», таленавітага скульптара і графіка Давіда Якерсона.

Давід нарадзіўся ў 1896 го­дзе ў віцебскай яўрэйскай сям'і. Першапачатковую мастацкую адукацыю атрымаў у школе малявання і жывапісу Юдаля Пэна. Пасля вучыўся ў Віцебскім камерцыйным вучылішчы, на будаўнічым факультэце Рыжскага політэхнічнага інстытута, які ў гады Першай сусветнай вайны знаходзіўся ў эвакуацыі ў Маскве. У 1918-м вярнуўся ў родны горад. У гэты час Віцебск быў цэнтрам авангарда — там адначасова выкладалі Марк Шагал і Казімір Малевіч. Пад кіраўніцтвам Шагала ўдзельнічаў у дэкаратыўным афармленні Віцебска да гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі і свята 1 Мая, быў членам губернскай камісіі па ўпрыгожванні горада. Гэты перыяд яго творчасці адрозніваецца эксперыментамі ў галіне форматворчасці і тэхналогій у скульптуры і графіцы. Да прыкладу, Якерсон распрацаваў тэхналогію выразання скульптур з сырога цэменту, што вельмі спрашчала іх выраб. У 1919—1921 гадах кіраваў скульптурнай майстэрняй у Віцебскім народным мастацкім вучылішчы і стварыў вялікую колькасць арыгінальных супрэматычных работ у скульптуры, графіцы і жывапісе.


З 1921 года Якерсон жыве ў Маскве, вучыцца ў Вышэйшых мастацка-тэхнічных майстэрнях, супрацоўнічае з маскоўскім Таварыствам рускіх скульптараў, актыўна выстаўляецца. У 1930-х адмаўляецца ад жывапісных і графічных эксперыментаў і пераходзіць да распрацоўкі сюжэтаў выключна фігурнай скульптуры. На жаль, гэта  была  вымушаная ўмова выжывання для многіх савецкіх мастакоў.

Выстава ў Нацыянальным мастацкім музеі дазваляе прасачыць увесь творчы шлях Давіда Якерсона і ацаніць разнастайнасць яго майстэрства. Тут і эксперыменты ў духу кубізму і экспрэсіянізму, і гарадскія замалёўкі Віцебска, і наватарскія супрэматычныя творы, і фігурная скульптура 1930-х гадоў. Наведаць экспазіцыю можна да 4 красавіка.

mila@sb.by

Фото liveinternet.ru


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter