Первыми увидели новый центр управления воздушным движением накануне его открытия

Маякі паветранай гавані

Беларусь — прасторныя паветраныя вароты па ўсіх еўрапейскіх кірунках: да пандэміі ў 2019 годзе нашы дыспетчары забяспечвалі транзіт да 1300 самалётаў за суткі. Цяпер інтэнсіўнасць палётаў ва ўсім свеце ўпала, аднак, паводле ацэнак спецыялістаў, праз колькі гадоў паветраны трафік вернецца ў ранейшае, дакавіднае, інтэнсіўнае рэчышча. Нарасціць транзітны патэнцыял, гарантаваць бяспеку палётаў на вышэйшым узроўні, а заадно і павысіць за гэта стаўку авіяцыйнага збору дапаможа новы цэнтр кіравання паветраным рухам, што пачне працу 15 мая. Напярэдадні яго адкрыцця УП «Белаэранавігацыя» паказала комплекс нашым карэспандэнтам.

Першы камень у падмурак цэнтра заклалі яшчэ ў верасні 2016-га. Доўгачаканы аб’ект.

Мінскі цэнтр кіравання паветраным рухам размяшчаецца ля паўднёвай мяжы мікрараёна Сокал. Першы камень у падмурак цэнтра заклалі яшчэ ў верасні 2016-га. Доўгачаканы аб’ект.

— Новы цэнтр дазволіць нам удасканальваць працэдуры абслу­гоў­вання паветранага руху і павя­лічыць прапускную здольнасць, — начальнік цэнтра УУС Аляксандр Шостак асабіста пра­во­дзіць для нас экскурсію. — У цэнт­ры пад адным дахам — 15 структурных падраздзяленняў, у агульнай коль­касці — прыблізна 500 чалавек.

Даследуем калідоры цэнтра. Дыспетчарскі трэнажорны модуль павышае прафесійную падрыхтоўку авіяцыйнага персаналу. Модуль — таму што базіруецца ў дзвюх паасобных залах: дыспетчарскай і пілотаў-аператараў. Ролю пілотаў выканаюць вопытныя дыспетчары. Усе перагаворы — па-англійску.

У цэнтр сцякаюцца радыёлакацыйныя даныя з ўсёй краіны.

Ідзём далей. Аб’яднаная група планавання ўкамплектавана спецыялістамі УП «Белаэра­навігацыя» і ваеннымі. Гэтыя людзі каардынуюць выкарыстанне паветранай прасторы. Разглядаюць і заяўкі на паветраны транзіт праз нашу краіну каля 1500 авіякампаній з 100 краін.

А каардынацыйны цэнтр пошуку і ратавання працуе ў цеснай звязцы з МНС. У выпадку магчымага авіяздарэння разам каардынуюць сілы і сродкі, якія ўдзельнічаюць у пошукавых і аварыйна-выратавальных работах па ліквідацыі наступстваў.

У цэнтр сцякаюцца даныя радыёлакацыйных пазіцый, якія былі раскіданы па ўсёй краіне. Інфармацыя паступае на камутатары і выводзіцца на экран дыспетчара. Ён бачыць нават самыя дробныя аб’екты ў паветранай прасторы краіны.

Сэрца цэнтра — зала кіравання паветраным рухам. На плошчы 600 квадратных метраў — дзясяткі працоўных месцаў дыспетчараў. Менавіта тут сабрана ўсё кіраванне паветраным рухам. Арганізацыя працоўных месцаў дыспетчараў — на высокім узроўні. «Разумны пульт» — звыштэхналагічнае і зручнае працоўнае месца. Ёсць сэнсарныя дапаможныя планшэты, можна рэгуляваць стальніцу і маніторы як зручна, індывідуальнае падсвятленне рэгулюецца па цяпле і інтэнсіўнасці.

У цэнтры пад адным дахам — 15 структурных падраздзяленняў, у агульнай колькасці — прыблізна 500 чалавек.

— Нашы лакацыйныя магчы­масці дазваляюць бачыць далёка — да іншых еўрапейскіх сталіц, — расказвае Аляксандр Шостак. — Таму загадзя валодаем поўнай інфармацыяй пра будучую інтэнсіўнасць паветранага руху.

Да таго ж нашы авіядыспетчары заўсёды гатовы падставіць плячо калегам з суседніх краін, перанакіраваць частку паветранага патоку праз нашу краіну ў выпадку франтальных навальніц або непаладак падчас руху па першапачатковым маршруце.

У новым цэнтры ўжо закладзены вялікі патэнцыял для павелічэння прапускной здольнасці. Структурна паветраная прастора нашай краіны падзелена на дзевяць сектараў, у межах якіх дыспетчары цэнтра арганізоўваюць бяспечныя інтэрвалы паміж паветранымі суднамі. Максімальная загрузка кожнага сектара — да 40 паветраных суднаў у гадзіну, ашаламляльная лічба. Словам, да прыёму любых бартоў і ў розных аб’ёмах нашы авіядыспетчары гатовы поўнасцю. Застаецца толькі чакаць, калі авіякампаніі канчаткова акрыяюць пасля пандэміі і наросцяць паветраны трафік.

ikras@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter