Студенты МГАК имени академика Высоцкого создали робота для инклюзивного образования

Мая жалезная Ева

Цягнік прагрэсу няўмольна нясецца да новых гарызонтаў. З кожным годам наша жыццё становіцца больш аўтаматызаваным: разумныя тэлефоны, гадзіннікі і нават дамы. Мы акружаны камп’ютарнымі алгарытмамі і праграмнымі кодамі. Яшчэ адну цаглінку ў слуп усеагульнай рабатызацыі заклалі нашы распрацоўшчыкі. Студэнты МДАК iмя акадэмiка Высоцкага стварылі ўнікальнага робата для інклюзіўнай адукацыі. Карэспандэнт «Р» не мог абмінуць гэтую падзею і падрабязна даведаўся пра новую распрацоўку.

Ева таксама можа кіраваць разумным домам па тэхналогіі «блютуз»: уключаць святло, электрапрыборы, ахоўныя сістэмы, ацяпленне.

Сабралі робата студэнты пад навуковым «наглядам» Алены Кулаковай, педагога дадатковай адукацыі Мінскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа імя акадэміка Высоцкага. Застаў Алену Кулакову на занятках у гуртку «Матрыца», там прапісаўся новы робат. У «Матрыцы» дзеці з пяці гадоў вучацца найпростаму праграмаванню. Хлопчыкі і дзяўчынкі з інваліднасцю займаюцца ў сумесных групах. Нават прыкаваныя да ложка дзеці з ДЦП у гуртку спасцігаюць прамудрасці інфарматыкі пры дапамозе новага робата. Які яшчэ прыклад інклюзіі будзе больш паказальным!

Робата юныя праграмісты гуртка назвалі Евай. Магчыма, таму, што ў прататыпе галава робата была сабрана з дэталяў канструктара з маркіроўкай лацінкай EV. Такім чынам, робат — дзяўчынка. У мінулым годзе на конкурсе Robotchallenge ў Пекіне Ева заняла трэцяе месца. Кіраваў ёй дыстанцыйна з Мінска Саша Мацвееў, хлопчык са слабым слыхам. Ева — разумны робат, яна здольная аб’язджаць перашкоды. Хутка яе навучаць інтэлектуальнаму ўзаемадзеянню з чалавекам. Аднак ужо цяпер робат можа адказваць на пытанні, зададзеныя ў адвольнай форме.

Калі зусім спрасціць, робат — «скайп на колах». Толькі з галавой на плячах. Сабралі Еву на 3D-прынтары. Пакуль твар робата маларухомы. У будучыні распрацоўшчыкі надзеляць яго актыўнай мімікай пры дапамозе дзясятка маторчыкаў. У левым воку робата камера. Ну сапраўдны тэрмінатар. Аператар бачыць і чуе на сваім смартфоне тое самае, што і робат. Кіраванне на смартфоне прасцей простага, два паўзункі — развароты і рух наперад. А на «грудным» планшэце робата суразмоўцы бачаць самога аператара. Дарэчы, відэа такіх сурагатных зносін можна трансліраваць у сацыяльных сетках на шырокую аўдыторыю.

Перасоўваецца Ева з хуткасцю да дзесяці кіламетраў у гадзіну, магла б і хутчэй, але мы абмежавалі яе спрыт, каб не разбілася незнарок, — Алена Кулакова клапоціцца аб сваім тварэнні. — Прыладу хадавой часткі робата мы ўзялі ад электрычнай машынкі. На ёй усталяваны тры віды датчыкаў: святла, ультрагукавыя і інфрачырвоныя. Датчыкі патрэбныя робату, каб той не наязджаў на перашкоды альбо не зваліўся, напрыклад, з лесвіцы.

Сэрца робата — літыевы акумулятар. Такі ж, як у вашым смартфоне, толькі больш магутны. Яго хапае прыкладна на чатыры гадзіны аўтаномнай працы. Сабекошт робата — менш за дзве тысячы рублёў. Платы — па пару рублёў, матор ад дзіцячага электрамабіля — 40 рублёў. Самыя дарагія дэталі — планшэт і відэакамера, а таксама тузін усенапраўленых мікрафонаў і блок злучэння з інтэрнэтам.

Сэрца робата — літыевы акумулятар. Такі ж, як у вашым смартфоне, толькі больш магутны.

Але ніхто не ідэальны. Еве як паветра неабходны бесперабойны інтэрнэт. Гэта яе ахілесава пята. Са слабым інтэрнэтам будзе затрымка сувязі. Знікне сігнал, і робат стане цурбаном. Таксама Еву лёгка збіць з ног, дакладней, колаў.

Мабыць, мы паставім GPS-трэкер, каб Ева вярталася на «базу» пры знікненні сігналу, — мае скрупулёзныя пошукі слабых бакоў робата навялі Алену Кулакову на новыя ідэі.

Падобныя робаты ствараюцца і ўкараняюцца ў жыццё па ўсім свеце. У Японіі, напрыклад, арганізавалі дзіўны сацыяльны праект. Людзі з абмежаванымі магчымасцямі пры дапамозе такіх «скайпаў на колах» аддалена працуюць афіцыянтамі. Стваральнікі Евы таксама стараюцца знайсці яшчэ больш сфер для яе выкарыстання.

У сакавіку мы будзем развіваць праект. У прыватнасці,  — дзеліцца Алена Кулакова, — мяркуем звязаць падлеткаў гарадоў-пабрацімаў нашай краіны і Германіі: аднагодкі змогуць расказаць пра сваё жыццё пры дапамозе сурагатных зносін праз робата.

ikras@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter