Мая суседка Людміла Воўчак

Знаёмая, пачуўшы гісторыю маёй суседкі Люды Воўчак, у захапленні ўсклікнула: «Мы стогнем, як толькі ў нас з’яўляюцца дзве-тры балячкі. А Люда не стагнала не з такой бядой, не кляла свой лёс. Во ў каго трэба вучыцца!»

Знаёмая, пачуўшы гісторыю маёй суседкі Люды Воўчак, у захапленні ўсклікнула: «Мы стогнем, як толькі ў нас з’яўляюцца дзве-тры балячкі. А Люда не стагнала не з такой бядой, не кляла свой лёс. Во ў каго трэба вучыцца!»

Каб падсілкавацца аўрай роднага дома, пабачыць сяброў, добрых знаёмых і суседзяў Люда Воўчак даволі часта прыязджае ў Смілавічы, асабліва перад важнымі падзеямі ў сваім жыцці.

Вось і нядаўна, з’язджаючы з крутога спуску ад сваёй каліткі на вуліцы Камсамольскай (з якой, прытанцоўваючы, некалі бегла ў школу ці выганяла пасвіць козачак), Люда ўбачыла сяброў дзяцінства ля хаты, у якой некалі жыў і вучыў яе розуму пісьменнік Эдуард Ярашэвіч.  Кінулася да іх з радасным крыкам. Якім шчаслівым, натхнёным у гэты момант быў яе твар! Моцныя, загарэлыя рукі нашай шматразовай чэмпіёнкі Еўропы, свету, паралімпійскіх гульняў, быццам пушынку, штурханулі наперад інвалідную каляску з тытанавага сплаву. Здалося на імгненне, што кіруе яна не каляскай, а калясніцай, якая нясе па небе вопытную наезніцу — багіню прыгажосці!

Люду Воўчак я ведаю яшчэ з той пары, калі маці яе, медсястра Галіна, вазіла дачушку ў калясцы. Жылі мы амаль па суседству, на Камсамольскай вуліцы ў Смілавічах. Бацька Людмілы пакінуў сям’ю, калі дачка была яшчэ маленькай.

Жаданне перамагаць я заўважыў у Люды яшчэ тады, калі яна толькі навучылася плаваць. Неяк у гарачы сонечны дзень дзеці купаліся на рэчцы. Навыперадкі яны паплылі да другога берага нашай Волмы. Нашмат старэйшая Таня пачала абганяць Люду. І тады меншая дзяўчынка замалаціла ручкамі і ножкамі па ва-дзе з усіх сіл і абагнала саперніцу.

Люда любіла бегаць з ранняга дзяцінства. Ніхто не прымушаў яе гэта рабіць: ні маці, ні настаўнікі фізкультуры, ні трэнеры. Ды і трэнераў у тыя гады ў яе яшчэ не было. На вуліцы лье дождж. Чую: нехта шлёпае па лужах. Выглядваю ў акно. Так і ёсць: гэта мая маленькая суседка Люда Воўчак. Яна часта бегала навыперадкі з козачкамі, якіх гнала міма нашай хаты на выган на беразе Волмы.

Хаця і невысокая, але моцна збітая, упартая і настойлівая вучаніца смілавіцкай сярэдняй школы, Люда Воўчак адразу звяр-нула на сябе ўвагу настаўнікаў. Яна пачала ўдзельнічаць у чэрвеньскіх раённых і мінскіх абласных спаборніцтвах па бегу на розныя дыстанцыі. Нядаўна я быў на зборы ветэранаў спорту Чэрвеньскага раёна, бо сам паўстагоддзя таму быў чэмпіёнам раёна. Выступоўцы гаварылі, што да вынікаў Люды Воўчак пятнаццацігадовай даўнасці ў гэтым відзе спорту ў раёне да гэтага часу яшчэ ніхто нават не наблізіўся.

Люду Воўчак заўважылі ў спартыўных кругах рэспублікі і залічылі ў школу алімпійскага рэзерву. Прайшло яшчэ пару гадоў. Неяк мая юная суседка, калі я купаўся ў Волме, падплыла да мяне і радасна паведаміла, што стала кандыдатам у майстры спорту.

Жыццярадасная, дружалюбная Люда не адмаўлялася і ад звычайных радасцей. Нярэдка са сваёй кампаніяй падлеткаў разам з маім сынам яны збіраліся ў нашай хаце, каб павесяліцца...

Хто тады мог падумаць, што пройдзе нейкі час і на спартыўным алімпе імя нашай Люды будзе зіхацець сярод зорак першай велічыні!

Але аб гэтым можна было здагадацца. Таму што энергія з Люды заўсёды так і біла фантанам. Нават на аўтастанцыі Смілавічаў, чакаючы аўтобуса на Мінск, Люда Воўчак не магла спакойна стаяць на месцы. Яна танцавала, падпрыгвала, скакала. Ужо тады можна было заўважыць неардынарны талент дзяўчыны. Ёсць такое паняцце, як мышачная радасць. Ад хуткага руху Люда (гэта было бачна няўзброеным вокам) адчувала велізарную радасць.

Але колькі жыццёвых выпрабаванняў прыйшлося вытрымаць, каб дасягнуць сусветных вышынь!

Акрамя Бога, ніхто не можа сказаць, што чакае нас напера-дзе і да чаго трэба рыхтавацца... Люда ўжо выступала за зборную Беларусі на чэмпіянатах свету, займала даволі высокія месцы на чэмпіянатах Еўропы, стала майстрам спорту міжнароднага класа. Ды раптам здарылася бяда. Папраўляючы антэну на даху інтэрната, яна сарвалася і пашкодзiла пазваночнiк. Ёй зрабілі аперацыю. Апрытомнеўшы, Люда была ў жаху, бо не адчувала ніжнюю частку тулава. Людзе дапамагалі, як маглі, медыкі і ўся сям’я.

Але колькі слёз выплакала наша Люда, нерухома лежачы ў ложку, ведае толькі яна сама, а яшчэ Галіна Пятроўна, яе маці. Яна забылася, што такое свой дом. Кожны дзень пасля дзяжурства ў Смілавіцкай бальніцы, дзе працуе старшай медсястрой, Галіна ляцела ў Мінск, каб падбадзёрыць любімую дачушку, дапамагаючы выкарабкацца з бяды і падзяліць з ёй гора. Клопаты аб дачцэ засланілі ўсё. Яна амаль забылася, што ў яе ёсць трацякласнік Дзіма і муж Яша.

Як жыць далей? Адны апускаюцца на жыццёвае дно, не здолеўшы перажыць бяду. Іншыя, якіх няшмат, выкараскваюцца. У гэтыя цяжкія дні Люда думала аб Эдуардзе Ярашэвічу, які яшчэ нядаўна жыў па суседству. З ім у юнацтве здарылася падобная бяда — параліч ног. Эдзік не апусціў рукі, упарта працаваў над сабой і стаў пісьменнікам. Але Людзе было наканавана іншае — спорт. І яна зноў пачала ўпарта трэніравацца — цяпер у інваліднай калясцы.

Неяк я прыйшоў на наш любімы лужок на беразе Волмы. Люда гартала канспект, рыхтуючыся да экзаменаў. У той час яна вучылася ў Акадэміі фізвыхавання. Побач стаяла яе каляска. Было горача, і я прапанаваў дзяўчыне перанесці яе ў рэчку, паплаваць. Але Люда сама дабралася да вады, паплавала і гэтак жа выбралася на бераг — на руках.

Люда імкнулася знайсці сябе ў новым, нязвыклым становішчы з паралізаванымі нагамі: трэніравала дзяцей-калясачнікаў у рэабілітацыйным цэнтры, падымала штангу, займалася з гантэлямі, штурхала ядро. Нават нарматыў майстра спорту выканала па штанзе. Але яе цягнула ў вялікі спорт. Паспрабавала заняцца плаваннем, але пасля аднаго спаборніцтва яна зразумела, што гэта не яе прызванне.

Іншы раз прыходзілі сумненні: ці пасільную ношу яна збіраецца ўзваліць на сябе? Але журба і сумненні праходзілі, як толькі з’яўляліся новыя ідэі, новыя задумкі. Аднойчы ў Смілавічы пазваніла заслужаны трэнер Беларусі Тамара Шыманская і прапанавала Людзе Воўчак прыняць удзел у лыжных гонках у Раўбічах сярод спартсменаў з абмежаванымі магчымасцямі. На тых спаборніцтвах Люда Воўчак паказала нядрэнны вынік і з таго часу звязала свой лёс з гэтым відам спорту. Упарта трэніравалася і адразу на першай Алімпіядзе, у якой прыняла ўдзел, — Паралімпійскіх гульнях у Турыне ў 2006 годзе заваявала аж чатыры медалі: адзін залаты і тры срэбраных!

Але наша Люда не той чалавек, каб спыняцца на дасягнутым. Па прапанове свайго таленавітага трэнера Тамары Шыманскай не менш таленавітая яе вучаніца занялася адаптацыйным веславаннем. Хутка і ў гэтым відзе спорту яна дасягнула высокіх вынікаў. На лодцы, выдзеленай Прэзідэнцкiм спартыўным клубам, Люда Воўчак, упершыню прыняўшы ўдзел у чэмпіянаце свету ў 2007 годзе ў Германіі, адразу заняла другое месца, атрымаўшы срэбраны медаль. Затым яна атрымала срэбраны медаль на Пекінскай паралімпіядзе.

З Ванкуверскай паралімпіяды Людміла Воўчак таксама прывезла некалькі медалёў.

Смілавічане вельмі ганарацца сваёй зямлячкай. Але ёсць і зайдроснікі. Ім і ў галаву не прыходзіць, якой тытанічнай працай дастаюцца спартсменам ганарары... Колькі трэба пота праліць, колькі працы, колькі волі… Хацелася б паглядзець на нядобразычліўцаў, якія пагадзіліся б на падобныя выпрабаванні.

Люда Воўчак — дзеючая спартсменка, але час робіць сваё, і Люда гэта добра разумее. Цяпер яна вучыцца ў аспірантуры Акадэміі фізвыхавання. Не здзіўлюся, калі ў недалёкім часе імя прыгожай, таленавітай, элегантнай Людмілы Воўчак будзе гэтак жа зіхацець сярод прафесарска-выкладчыцкага складу акадэміі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter