Матуля, якая заўсёды побач

Бярэзінскі Дом сямейнага тыпу стаў астраўком выратавання для дзевяцярых дзяцей, кінутых сваімі бацькамі на волю лёсу

Двухгадовую Свету і яе малодшага браціка Максіма Зінаіда Панамарэнка (тады яшчэ арганізатар па ахове дзяцінства Бярэзінскага раённага аддзела адукацыі) падабрала на вуліцы, дзе іх проста кінула родная маці. Што рабіць з дзецьмі, доўга не разважала, а проста прывяла ў знаёмую старую хаціну, да Наталлі Аляксандраўны Арловай, у якой на той час ужо гадаваліся дзве прыёмныя дачушкі — Оля і Ірына.

Гэта здарылася гадоў пяць таму. І шмат чаго змянілася з таго часу. Ірына вывучылася на цырульніка і гаспадыню сядзібы ў Валожыне, там жа сустрэла свайго каханага. Зараз іх сыночку чатыры гады. Оля — чатырохкурсніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Таксама замужам, сустрэла сваю палавінку ў тэхналагічным універсітэце, дзе займалася спачатку. А ў Светы і Максіма з’явілася шмат братоў і сястрычак, значна палепшыліся жыллёвыя ўмовы…

Напачатку сёлетняга года ў Беразіно адбылося ўрачыстае адкрыццё Дома сямейнага тыпу. Зараз тут, пад крылом Наталлі Арловай, знаходзіцца 9 дзяцей. Самы старэйшы, Кірыл, вучыцца ў восьмым класе, а самы малодшы Алежка — другакласнік.

Я завітала сюды ў адзін з кастрычніцкіх дзён, і, аказалася, вельмі дарэчы. Наталля Аляксандраўна ўвіхалася на кухні: у Валерыі быў святочны час — дзень нараджэння і дзень добрых адзнак са школы, а да Люды прыехалі госці з сонечнай Італіі, дзе яна пабывала ўжо двойчы па запрашэнні прыёмнай сям’і па лініі грамадскага аб’яднання “Свет для дзяцей”. Луіджы Камарэлі і Паола Бадалука — прадстаўнікі асацыяцыі  «Крыніца жыцця» — наведаліся з далёкага Чывітавекк’я.

Пакуль Наталля Аляксандраўна рупілася ля кухоннай пліты, пах яе прысмакаў разлятаўся паўсюдна і казытаў насы прысутных нават у суседнім пакоі. А Зінаіда Уладзіміраўна не магла нахваліцца гэтай жанчынай:

— Выхоўваць дзяцей ёй дадзена ад Бога. Гэта і матуля самая цудоўная, і паварыха адметная, і выхавацель адказны, і педагог мудры. Яна — нібы маятнік штодзень… Дзеці вучацца ў яе многаму — і акуратнасці, і зарадку сталі рабіць штодзень, і зубы чысцяць абавязкова, і правілы этыкету асвойваюць. І, спадзяюся, разумеюць на сваім уласным вопыце, што ўтульнасць і цеплыня дома, дзе яны жывуць, гэта перш за ўсё — матуля, якая заўсёды побач.

— Самы залаты час — калі растуць дзеці, вясёлыя, гарэзлівыя, як яны мужнеюць, квітнеюць, як збіраюцца за сталом, распавядаюць пра ўсё, што адбылося за дзень, — гаворыць Наталля Аляксандраўна. І, крыху памаўчаўшы, дадала: — Мне вельмі шкада іх бацькоў, іх матуль. Шкада, што яны не разумеюць, што губляюць. Што гэты каштоўны час для іх ужо ніколі не вернецца…

За ўсе бягучыя гады толькі адна маці — Святлана Барыска з вёскі Бычын —  стараецца вярнуць сваё дзіця, аднавіць свае бацькоўскае права, падтрымлівае з сынам сувязь. Астатніх не хвалюе, як гадуюцца іх дзеці, хто клапатліва ахоўвае іх ад хвароб, своечасова наведваючы бальніцы, хто арганізоўвае іх летні адпачынак, хто радуецца іх поспехам у вучобе…

Алена ГРОМАВА

Фота аўтара


Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter