“Матуліна хата” — гэта супер!

На нядаўняй Міжнароднай выставе “СМІ ў Беларусі”, дзе было шмат цікавага і яркага, не згубіліся сябры “Народнай газеты” — самадзейныя артысты з тэатра фальклору тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна горада Мінска “Матуліна хата”.

На нядаўняй Міжнароднай выставе “СМІ ў Беларусі”, дзе было шмат цікавага і яркага, не згубіліся сябры “Народнай газеты” — самадзейныя артысты з тэатра фальклору тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна горада Мінска “Матуліна хата”. Я была ў камандзіроўцы ў сталіцы акурат у той час, калі ладзілася выстава, і не абмінула яе. Так заўзята спявалі і танчылі артысты, што ўсім хацелася далучыцца да іх. Мне асабліва спадабаліся іх прыпеўкі, такія дасціпныя і нязбітыя. Я нават распытала ў мастацкага кіраўніка Міколы Котава пра яго чарговы калектыў. Завочна я ведала гэтага чалавека па радыё- і тэлепраграмах, чула пра тое, што пасля славутага танцавальнага ансамбля “Прыпяць” ён даў жыццё яшчэ многім.

Мікола Конанавіч распавёў, што ў гэтым калектыве ўдзельнічаюць людзі розных узростаў. Усе яны аб’яднаныя любоўю да народнай творчасці, не шкадуючы часу адточваюць сваё майстэрства і не стамляюцца радаваць людзей. Гэта Рыгор Кляйко, Эльвіра, Таццяна і Марыя Корбут, Любоў Папчалюк, Зоя Швец, Пётр Ількевіч і Міхаіл Слізкі.

Дзякую артыстам за тое, што падарылі радасць сустрэчы з сапраўдным народным мастацтвам. Выдатна, калі спявае душа.

Лілія СТАЛЕТАВА, Барысаў

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter