Мацi паэта

Каб уратаваць чужое жыццё, яна сама пайшла ў вогненную пашчу Хто не ведае лірычна-публіцыстычнай паэмы-споведзі Петруся Броўкі “Голас сэрца”, прысвечанай роднай матулі Алене Сцяпанаўне, якая загінула ў крэматорыі Асвенцыма! Твор не можа не крануць глыбокім пачуццём любові да маці, што напаўняе радкі і строфы. У паэме маюцца канкрэтныя дэталі: напрыклад, пра былога калгаснага брыгадзіра Ісая, які ў вайну стаў камандзірам партызанскага атрада, нярэдка наведваўся ў Пуцілкавічы, дзе нарадзіўся Пятрусь Броўка і ў гады вайны заставалася жыць яго матуля. Гаворыцца ў паэме і пра Асвенцым, з якога не вярнулася Алена Сцяпанаўна. Але не сказана, які гераічны подзвіг здзейсніла звычайная сялянская жанчына, маці народнага паэта! Пра яго, відаць, расказвалі Петрусю Броўку былыя вязні гэтага страшнага пекла Настасся Юльянаўна Перадня і Ніна Волах, да замужжа Подгал, з якімі сустракаўся паэт. П.Броўка абмовіўся нават пра гэту сустрэчу ў адной са строф, маўляў, паланянка сказала яму такое, што лепш бы яна прамаўчала, не гаварыла пра неверагодны факт...
Арышт Алену Сцяпанаўну схапілі ў Пуцілкавічах за сувязь з партызанамі. У хату, расчыніўшы дзверы, уварваліся паліцаі, і адзін з іх, карантыш з вінтоўкай у руках, крыкнуў жанчыне, якая завіхалася каля печы: “Збірай манаткі ды рыхтуйся ў дарогу, партызанская памагатая!” — “Куды гэта мне збірацца?” – не зразумела Алена Сцяпанаўна. “На курорты! – рагатнуў паліцай, пазіраючы на дружбакоў і радуючыся знаходлівасці і трапнаму слоўцу. – Толькі не на савецкія курорты. Хопіць таго, што сынок твой, Петручок, у Маскве як сыр у масле плавае. А цябе адправім на курорты ў Германію. Там уга, якая раскоша і выгода!” – зноў рагатнуў паліцай і мнагазначна зірнуў на астатніх, маўляў, бачыце, які я сёння малайчына, як умела гавару з маці чырвонага камісара! “Ты майго Пятрусіка не чапай, — не ўтрымалася Алена Сцяпанаўна. – Ён табе не роўня! Пятрусік пайшоў на фронт. А ты во бадзяешся тут, у сяле. Як нарадзіўся нелюдзем, так і застаўся ім. Да вайны гультаём ды канакрадам быў і цяпер не лепшы”. – “Ну, ты! Змоўкні! — замахнуўся прыкладам паліцэйскі. – Агітацыю распачала! Жыў як хацеў да вайны, як хачу буду жыць і цяпер. А ты марш на вуліцу, да машыны! Авэк!” – укруціў не да месца нямецкую каманду заядлы служка германскага рэйха і штурхануў жанчыну да дзвярэй. Алена Сцяпанаўна ў чым стаяла ў хаце, у тым і апынулася ў сенцах. На хаду схапіла з крука паддзёўчыну і ішла ўжо па двары, адчуваючы за спінай прыклад, якім паліцэйскі гнаў яе да крытай машыны. Спачатку жанчыну адвезлі ў турму ва Ушачы, дзе ўжо сядзелі яе стрыечная сястра Настасся і яе пяцігадовы сынок Алесь. На другі ці трэці дзень іх павезлі ў Лепель. Машына ўз’ехала на двор, дзе стаялі былыя чырвонаармейскія казармы. Цяпер тут пакутавала ўжо не адна тысяча зняволеных і абяссіленых ад голаду людзей. Сядзелі тут і чатырнаццацігадовая дзяўчынка Ніна Подгал са старэйшай сястрой Марыяй. Трэці дзень у вязняў не было ў роце і макавай расінкі. Ніна галоднымі вачыма прагна глядзела навокал: можа, хто-небудзь адшчодрыць хоць хлебную крошку? Алена Сцяпанаўна хапілася абмацваць рукамі сваю паддзёўкі і – о, якое шчасце! – знайшла ў кішэні, адшукала жменю, а можа, і крыху болей жытніх зярнятак. Як яны трапілі туды і захаваліся, Алена Сцяпанаўна і сама ўжо не помніла. Яна беражліва і асцярожна перасыпала іх у кволую далоньку дзяўчынкі – дапаможа хоць кольвечы спатоліць пакутны голад. Толькі на трэці дзень немцы, як усё роўна злітаваліся, далі па кавалку цвёрдага, бы камень, хлеба-эрзаца і па чарпаку рудой поліўкі. Дні цягнуліся доўга і марудна, як гружаныя каменнем падводы. Нямецкія “курорты” Нарэшце падагналі вялізныя, як стадолы, крытыя брызентам машыны, зняволеных пагрузілі ў кузаў і павезлі ў Віцебск. Там павялі разбітымі і разбуранымі вулачкамі і завулкамі ў гулкую велізарную будыніну. Гаркнулі, каб размяшчаліся на матрацах, на якіх поўзала столькі ўсялякай нечысці, што было боязна на іх нават прысесці. Гэта быў своеасаблівы перавалачны пункт. Адсюль была адна дарога — альбо ў роў, выкапаны за горадам, альбо ў Нямеччыну, на прымусовыя работы ці ў канцлагер. Ноччу ўсіх паднялі на ногі, акружылі аўчаркамі, што з лютым брэхам рваліся з павадкоў, і пагналі на чыгуначны вакзал, дзе ўжо чакаў цягнік з сарака вагонамі-цялятнікамі, разбітымі і пашкуматанымі на дарогах вайны. У кожны запіхвалі не меней за 60 чалавек, а дзяцей — яшчэ і болей. Алена Сцяпанаўна, Настасся з сынком і сёстры Подгал трапілі ў адзін вагон. Больш за два тыдні разбіты таварняк скрыгатаў коламі і рысорамі, цягнуўся па рэйках, прастойваў у тупіках, пакуль не прывалокся ў канцлагер смерці Асвенцым. Па дарозе ад розных хвароб, холаду і голаду падалі на падлогу і не ўставалі дзесяткі, сотні людзей. Іх бралі за рукі і ногі і выкідвалі прама пад адхон. Ніна Подгал ехала побач з Аленай Сцяпанаўнай. З той хвіліны, як маці паэта падзялілася з дзяўчынкай зярняткамі, яна не адходзіла ад яе ні на крок. Калі Алена Сцяпанаўна траціла прытомнасць, Ніна беражліва клала яе галаву сабе на калені і не зводзіла з яе вачэй, баючыся, каб яна не захліпнулася ў невыноснай духаце і смуродзе, што дзень і ночь стаяў у вагоне. Жанчына прыходзіла ў сябе і, балюча ўсміхаючыся аднымі куточкамі вуснаў, казала: “Дасць бог, выжывем і вернемся на сваю родную Ушаччыну...” У Асвенцым цягнік прыйшоў глыбокай ноччу. Алена Сцяпанаўна зірнула вакол сябе і збянтэжылася: на слупах гарэла столькі ліхтароў, што святло сляпіла вочы. Няўжо іх прывезлі ў які-небудзь вялікі нямецкі горад? Цікава, што яны будуць рабіць у гэтым горадзе? Але неўзабаве пабачыла высокія жалезабетонныя слупы, калючы дрот з агароджай, а за імі — вартавыя вышкі і кулямёты. Нумар 61631 Раніцай паланянак пачалі нумараваць, з нямецкай педантычнасцю запісваць у спецыяльны кандуіт. Першую пранумаравалі Ніну Подгал. Следам ішла Алена Сцяпанаўна. Ёй выпаў нумар 61631. Пасля ўліку і рэгістрацыі адабралі 500 чалавек і павялі да страхавітай будыніны, якая, здавалася, напалову была зарытая ў зямлю. Канваіры сказалі, што вядуць у лазню, маўляў, трэба прайсці дэзінфекцыю. Адчыніліся шырокія металічныя вароты, натоўп хлынуў у будыніну, як ў пашчу ненажэрнага звера-страшыдлы. А ледзь толькі вароты зачыніліся — зверху, са столі, праз маленькія дзірачкі-фарсункі пырснуў дробны дожджык, робячыся парай. Некалькі жанчын адразу стацілі прытомнасць і ўпалі на падлогу. Няўжо атрута?! Людзі захваляваліся, натоўп хіснуўся ў адзін і другі бок. І ў гэты момант недзе звонку раўнуў голас, які загадваў перакрыць падачу газа-атруты, маўляў, адбылося невялічкае непаразуменне: у крэматорый прывялі не тых, каго трэба было неадкладна, без хвіліны валакіты адправіць на той свет. Натоўп, як вада праз застаўкі, хлынуў праз вароты на волю. І ў той жа момант процілеглы бок жалезнай падлогі пайшоў уніз. Трупы, якія ляжалі на ёй, пакаціліся на шырокую платформу да вогненнай печы... Ацалелым як узнагароду за выпрабаванне газавай камерай далі па 200 грамаў хлеба-эрзаца, выпечанага з мукі і драўлянага пілавіння, а праз гадзіну – па чарпаку шпінатнай поліўкі. Перад сном выгналі на лагерны двор і трымалі на халодным пранізлівым дажджы каля дзвюх гадзін, пакуль ішла пераклічка. Неўзабаве жанчын разлучылі. Настассю Перадню і яе пяцігадовага сынка Алеся перавялі ў іншы барак, дзе знаходзіліся дзеці. Урачы час ад часу правяралі і аглядвалі дзяцей. На адной з такіх праверак у Алесіка выявілі высокую тэмпературу. Лячылі хлопчыка своеасаблівымі спосабам і метадам. У амбулаторыі на яго чаўбохнулі вядро ледзяной вады і выштурхнулі за дзверы, каб ішоў да маці. У хлопчыка пачалося двухбаковае запаленне лёгкіх. Усю ноч ён кідаўся ў гарачцы, а пад раніцу памёр. Кожны дзесяты Ніна Подгал заставалася з Аленай Сцяпанаўнай у ранейшым бараку. Пажылая жанчына пачувала сябе кепска. І калі хадзіла на паверку ці на працу ў поле, апіралася на руку Ніны. Што да працы, то яна была катаржная. Жанчын прымушалі грузіць на тачку цяжкія камяні, якія, бачна было, знарок прывезлі сюды, а ўслед за гэтым траляваць іх за тры-чатыры сотні метраў ды закопваць у яму. Назаўтра загадвалі адкопваць гэтыя камяні, зноў грузіць і адвозіць на ранейшае месца. Гэты марны занятак не толькі фізічна стамляў жанчын, але літаральна знясільваў маральна і псіхалагічна. Ад здзеку і пакут не хацелася жыць. Ахова ведала, як трэба знішчаць людзей не толькі ў газавых камерах і крэматорыях, але і іншым, як яны казалі, гуманным спосабам. Дзень і ночь дымілі трубы крэматорыя. Адчувалася перагрузка. А зняволеных прывозілі і прывозілі. Людзей якіх толькі нацыянальнасцей не было сярод іх! Яўрэі, палякі, югаславы, румыны, не кажучы ўжо пра рускіх. Для ўсіх не хапала месца ў бараках. Людзі спалі стоячы, а калі ўдавалася прымасціцца дзе-небудзь у закутку, то дзякавалі Богу. Ахоўнікі зразумелі, што адбылося перанасяленне, і паклапаціліся вырашыць гэтую праблему. Выгналі на лагерны двор тысячы зняволеных, загадалі стаць у шарэнгі па сотні чалавек. І наладзілі своеасаблівую латарэю: таго, хто акажацца дзесятым па ліку, адпраўлялі адразу ў крэматорый. Вахманы пайшлі каля кожнай шарэнгі. Бялявая, з віхрастымі валасамі немачка спынілася каля Алены Сцяпанаўны і Ніны, стараючыся зазірнуць у вочы, каб убачыць у іх страх старой жанчыны і дзяўчынкі, магчыма, яе ўнучкі. І, быццам нечаму радуючыся, торкнула бізуном у грудзі Ніны і, крутнуўшыся на абцасах, задаволеная пайшла далей. Ніна збялела. Ёй зараз жа трэба было выйсці з шарэнгі зняволеных. Два здаравенныя ахоўнікі чакалі яе. Але не паспела дзяўчынка крануцца з месца, як яе абхапіла Алена Сцяпанаўна, моцна прытуліла да сябе і... паставіла на сваё дзевятае месца. Сама ж заняла дзесятае, смяротнае... Расцалавала Ніну і, сівенькая, лёгкая і дробная ад голаду і холаду, няспешна падалася па той злавеснай дарожцы, што вяла да газавай камеры і крэматорыя. Ішла яна так, як калісь хадзіла ў поле зажынаць жыта, палоць лён ці на пожню зграбаць сухое, выпетралае на сонцы сена. Ніна хацела кінуцца ўслед за Аленай Сцяпанаўнай, каб хоць нешта сказаць ёй напаследак, нібы гэтым магла дапамагчы ёй. Але яе моцна трымалі невядомыя жанчыны, якія стаялі побач. Ніна павісла ў іх на руках, гледзячы ў той бок, куды ішла маці паэта, простая жанчына, сельская рупліўца і працаўніца... І гучна ў небе ўдарылі званы... ...Яе ніхто не прымушаў прыняць цяжкі і непамерны крыж чужой бяды і смерці. Так зрабіць падказалі ёй уласнае сэрца і душа, тая святая малітва, якую яна шаптала кожную раніцу, устаўшы з ложка і сустракаючы маладзенькае сонейка, шаптала ўпотай, каб не пачуў сын-паэт, камсамолец, а пасля і камуніст, які працаваў старшынёй сельсавета і павінен быў выкарчоўваць з душ людзей рэлігійны дурман, і ў першую чаргу, з душ родных і блізкіх людзей — бацькі і маці. А ён, пэўна, і ведаў, нават не раз чуў, як маці моліцца на ікону, якую хавала ў патаемным кутку, але ні слова не сказаў пра гэта, нават выгляду не падаваў — няхай сабе, нікому яна не робіць крыўды сваімі шчырымі малітвамі! Магчыма, Бог і аберагаў яе ад злосных вачэй і ўсялякай навалачы і пошасці. Аберагаў, відаць, і яе дзяцей. І тут вось падказаў ісці на святую Галгофу, як гэта зрабіў сам Гасподзь, прыняць смерць за чужую душу, якая, магчыма, не паспела яшчэ саграшыць і награшыць у такія маладзенькія гады. Прыняць пакутную смерць, пушынкай вылецець з агню, хай сабе не праведнага агню, а д’яблавага, выбрацца з яго і, ачысціўшыся ад паганай брыдоты, узляцець у неба прама да Бога, які сядзіць там у залатым венчыку. Ён, пэўна, сочыць і цяпер за кожным яе крокам і рухам. Бо гэтак лёгка ёй ступаецца цераз парог д’яблавага пекла, якое ёй трэба прайсці, зведаць яго пакуты і выпрабаванні. Перад гэтым яна паволі павярнулася да людзей, што стаялі ў шарэнгах, здаецца, пабачыла кожнага ў твар. Угледзела сярод іх і Ніну, якая была цяпер падобная да анёла, узрадавалася, што яна застанецца жыць. І ўслед за гэтым перажагнулася, пакланілася ў пояс гэтаму свету і зямлі, аблокам, якія плылі ў небе, і, узняўшы галаву, рашуча ступіла цераз той рубікон, дзе няма і не можа быць ніякага ратунку, ні спадзявання на яго. І адразу стала лёгка і светла на душы, нібы скінула ці сам зваліўся з яе цяжар, які, здаецца, насіла ўсё жыццё. Ступіла наперад і знікла ў агні і полымі маці паэта і маці ўсіх тых, за якіх яна гатова была ахвяраваць сваім жыццём. І, здаецца, у апошні міг яна нібыта пачула, як недзе ў небе гучна ўдарылі званы і чыстая і звонкая мелодыя паплыла над зямлёй, а пасля ўзнялася ў неба і залунала там, разыходзячыся кругамі шырока і далёка. І яшчэ ў апошні міг яна падумала, што Ніна і Настасся абавязкова выблытаюцца з гэтага пекла, вернуцца на родную Ушаччыну. Што Ніна выйдзе замуж і народзіць дзяцей, будзе мець шчаслівую сям’ю, сыноў і дачок, унукаў і праўнукаў, і згадае калі-небудзь і яе добрым і ўдзячным словам. Так яно і сталася праз некалькі гадоў на самай справе.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter