«Раздавім фашысцкую гадзіну»: ад агітплаката да часопіса сатыры і гумару «Вожык»

Мастацтва выяўленчай сатыры

Мастацтва выяўленчай сатыры атрымлівала асаблівае развіццё ў няпростыя, складаныя для грамадства перыяды. Яскравым доказам таму з’яўляецца інтэнсіўнае станаўленне сатырычнай графікі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Карыкатуры змяшчаюцца на старонках цэнтральных, франтавых і армейскіх газет, у падпольным друку, у агітацыйных лістоўках    і плакатах. У гады вайны ў Беларусі амаль не было такога партызанскага атрада ці брыгады, у якіх бы не выпускаліся рукапісныя або друкаваныя газеты і часопісы. У іх змяшчаліся плакаты, карыкатуры, ілюстрацыі і жанравыя замалёўкі партызанскіх мастакоў, многія з якіх пазней сталі вядомымі майстрамі выяўленчага мастацтва. 


У пачатку Вялікай Айчыннай вайны па ініцыятыве ЦК кампартыі Беларусі пры штабе цэнтральнага фронту, які знаходзіўся ў Гомелі, пачаў выходзіць агітплакат «Раздавім фашысцкую гадзіну» (выданне газеты «Звязда»). У яго афармленні актыўны ўдзел прымалі беларускія мастакі-прафесіяналы З. Азгур, А. Шаўчэнка, Б. Звінагродскі, Д. Красільнікаў        і таленавіты гомельскі малады мастак-самавучка В. Букаты, што загінуў у росквіце творчых сіл пры выкананні баявога задання.


З 1942 года газета-плакат выдавалася ў Маскве, і яе рэдактарам стаў Кандрат Крапіва. Асноўны аўтарскі актыў складалі беларускія пісьменнікі     і паэты — Янка Купала, Якуб Колас, Кузьма Чорны, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Васіль Вітка, Максім Лужанін, Анатоль Астрэйка, Антон Бялевіч       і іншыя. У падрыхтоўцы нумароў газеты побач з беларускімі мастакамі актыўны ўдзел прымалі маскоўскія і ленінградскія графікі — Кукрыніксы,    В. Гараеў, Л. Брадаты, Б. Яфімаў, Г. Вальк, Д. Дубінскі.


На старонках выдання важнае месца займала самая разнастайная па тэматыцы палітычная карыкатура. Гэта і вострыя малюнкі, якія высмейвалі звар’яцелага Адольфа Гітлера, і шматфігурныя сюжэтныя кампазіцыі аб гора-заваёўніках, і, вядома, сатырычны плакат, што звычайна выконваўся ў дзве-тры фарбы і змяшчаўся на галоўнай паласе. Выданне тыражыравалася друкарскім спосабам і засылалася ў тыл ворага, у партызанскія атрады, распаўсюджвалася сярод насельніцтва на акупіраванай тэрыторыі.


У верасні 1944 г. рэдакцыя пераехала ў Мінск. А неўзабаве пасля таго, як «фашысцкая гадзіна» была раздаўлена, у жніўні 1945 года ЦК КП(б)Б Беларусі прыняў рашэнне аб выданні сатырычнага часопіса, і з таго часу плакат-газета «Раздавім фашысцкую гадзіну» пачала выходзіць пад назвай «Вожык».


Калекцыянер і гісторык, Лаўрэат Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларус «За духоўнае адраджэнне» Уладзімір Ліхадзедаў у рамках праекта «У пошуках страчанага» прадставіў болей чым за 20 арыгінальных выпускаў агітплаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», пачынаючы з самага першага нумара.


9 кастрычніка ў 13.00 у сталічнай бібліятэцы № 5 (вул. Казлова, 2) адбудзецца адкрыццё выставы «Раздавім фашысцкую гадзіну»: ад агітплаката да часопіса сатыры і гумару «Вожык» з удзелам У. Ліхадзедава, галоўнага рэдактара часопіса «Вожык» Ю. Зарэцкай, вядомымі беларускімі пісьменнікамі і мастакамі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter