Якімі фестывалямі вабіць Мінск беларусаў і турыстаў?

Мастацтва на вуліцы

Гадоў дзесяць таму не ў многіх паварочваўся язык назваць Мінск еўрапейскай сталіцай. Успамінаючы пра вулічных музыкантаў Рыма, выканаўцаў фламенка ў Мадрыдзе, жывы раяль у Варшаве, казалі: Мінск недацягвае — жыццё на вуліцах не бурліць! Сёння ж у ім столькі цікавых праектаў, фестываляў і канцэртаў, на якія можа патрапіць любы прахожы, што пазайздросціць і замежнік. Кожныя выхадныя ў Верхнім горадзе можна сустрэць мімаў, фаершчыкаў, аматараў брэйк-данса. Што ўжо казаць пра арганізаваныя open-air.

Фото БелТА
Вакол свету без віз

У нашай краіне пражываюць прадстаўнікі каля 140 нацыянальнасцей. У Мінску іх таксама шмат. Таму стала добрай традыцыяй ладзіць тут дні нацыянальных культур. І дні гэтыя стракацяць рознымі колерамі народнага адзення, пахнуць духмянымі традыцыйнымі стравамі, гучаць на розных мовах і суправаджаюцца гарачымі танцамі і песнямі. Сёлета мінчане і госці ўжо каштавалі літоўскія цэпеліны і грузінскія хачапуры, апраналіся ў індыйскія сары і карэйскія ханбокі, падпявалі шведскаму Secret Service і загадвалі жаданне фінскаму Дзеду Марозу Ёлупукі. Інакш кажучы, здзейснілі ледзь не кругасветнае падарожжа цягам аднаго сезона, які, дарэчы, яшчэ не скончыўся. У верасні запланавана знаёмства з польскай, яўрэйскай і грэчаскай культурамі.
 

Уік-энд з артыстамі

Культурнае вулічнае жыццё Мінска ахоплівае ўсе віды мастацтва: музыку, кіно, скульптуру, жывапіс (як не ўспомніць праект “Мастак і горад” на плошчы Якуба Коласа). Вядома, і без тэатра не абыходзіцца. Звычайна акцёры напаўняюць вуліцы Мінска ў маі, калі толькі-толькі распачынаецца турыстычны сезон. Сёлета Мінскі форум вулічных тэатраў прайшоў ужо ў пяты раз. Тысячы мінчан і гасцей горада завіталі ў гістарычны цэнтр Мінска, каб паназіраць за карнавальным шэсцем артыстаў, пабачыць унікальныя цыркавыя нумары і тэатральныя пастаноўкі, прыняць удзел у майстар-класах і лекцыях аб вулічным мастацтве ад беларускіх і замежных экспертаў. Афіша парадавала выступленнямі таленавітых артыстаў не толькі з Беларусі, але і Германіі, Польшчы, Францыі. Дарэчы, з французскага горада Шамберы да нас прыехала і цыркавая студыя Cie du Fil а Retordre. Артысты на хадулях, акцёры, жанглёры, клоўны, мімы — хто толькі не забаўляў прахожых у той майскі ўік-энд!

Фото БелТА

Моцарт пад адкрытым небам

Калі ў Верхнім горадзе сціхаюць джазавыя суботы, на змену ім прыходзіць “Класіка ля Ратушы”. Нават выпадковыя прахожыя не прапускаюць магчымасці прыпыніцца ў гістарычным месцы, каб паслухаць Моцарта, Баха, Гайдна ці Бетховена. А колькі аматараў высокага мастацтва спецыяльна прыязджаюць на канцэрт пад адкрытым небам з іншых гарадоў! Тут выступаюць выбітныя калектывы і артысты, такія як Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр, Дзяржаўны камерны аркестр і Дзяржаўны камерны хор Беларусі, канцэртны аркестр “Няміга”, заслужаны калектыў Беларусі “Гродзенская капэла”, музычная капэла “Санорус”. А гэта гарантыя таго, што вядомыя творы будуць гучаць якасна і таленавіта.

Фото БелТА

На возера, як у музей

Для аматараў прасторавых аб’ектаў сучаснага мастацтва — праект “Арт-астравы”. Экспазіцыя разгорнута на беразе Камсамольскага возера з сярэдзіны чэрвеня і закрыецца толькі пасля святкавання юбілею Мінска, таму ў жыхароў і гасцей горада яшчэ ёсць магчымасць пазнаёміцца з унікальнымі скульптурамі. Сёлета мастакі і скульптары прадставілі 11 розных па тэхніцы і тэматыцы аб’ектаў. Да прыкладу, лаўрэаты Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва Васіль Цімашоў і Паліна Пірагова выставілі работу з лазы “Лакатар”, якая ўяўляе сабой інтэрактыўную плеценую канструкцыю для рэлаксацыі і сузірання прыроды. А мастачкі па шкле Жанна Марозава і Алена Чэпелева здзівілі “Гарадскімі сакрэцікамі”. Гэта тры бетонныя кольцы-студні, усярэдзіне якіх пад шклом знаходзяцца люстраное дно і кампазіцыя з розных прадметаў гарадскога асяроддзя. Зверху ўсё гэта злёгку прысыпана пяском, прыходзіцца разграбаць яго, каб зазірнуць унутр. Такім чынам глядач нібы саўдзельнічае ў праекце.

Фото БелТА

Фото БелТА
“Джазуюць” усе!

Мінскі чэрвень — гэта не толькі спёка і адпачынак, але і “Джазавыя вечары”. Праект існуе ўжо пяць гадоў. За гэты час ён не толькі разнастаіў вулічнае жыццё горада, але і выхаваў сабе публіку. Многія лічаць джаз камерным мастацтвам, ад якога атрымлівае асалоду ў невялікіх клубах нешматлікае кола яго прыхільнікаў. Аднак сёння на джазавыя вечары завітваюць тысячы слухачоў розных узростаў. Тут можна сустрэць і пенсіянерку ў акулярах, і дарослага мужчыну з доўгімі сівымі валасамі (не іначай як музыкант), і хлопца на веласіпедзе ў модных дзіравых джынсах, і нават маладую маці з дзіцёнкам у слінгу. Атмасфера на вечарах пануе небывалая — мілая, душэўная, інтэлігентная. Сёлета мы слухалі музыкантаў з ЗША, Нідэрландаў, Францыі, Чылі, Туніса, Туркменістана. І гэта быў не толькі класічны джаз. Праект здзівіў міксам розных стыляў і кірункаў, дзе былі этна-джаз, свінг, ф’южн, джаз-фанк, джаз-соўл, мадэрн-джаз, мэйнстрым, рытм-энд-блюз і гэтак далей.

Рамантычная кіназала

Напэўна, многія з нас, натхнёныя кадрамі з фільмаў, дзе героі пад адкрытым небам атрымліваюць асалоду ад прагляду кіно на вялікім экране, марылі апынуцца ў падобнай атмасферы. Але такое ў Мінску не практыкавалася. Была, ды і ёсць магчымасць наведаць аўтакінатэатры (яны існуюць не толькі ў Мінску, але і ў рэгіёнах), але для гэтага неабходна мець машыну. А сёлета фільмы open air можна паглядзець у самым цэнтры горада — на тэрыторыі Верхняга горада. Варта захапіць для ўтульнасці мяккі плед, гарбату ў тэрмасе, і атмасфера будзе не горшай за тую, што можна назіраць у рамантычных фільмах. На экране дэманструюцца карціны ў розных жанрах, якія, як правіла, маюць прэстыжныя прызы і ўзнагароды. Так, адным з першых у праекце Open air CINEMA мінчане ўбачылі намінанта на “Оскар-2017” — шведскую драму “Другое жыццё Уве”.

2do2go.ru


КАРЫСНА ВЕДАЦЬ

Якія яшчэ мінскія фестывалі вартыя ўвагі?

• Міжнародны фестываль рэкламы і маркетынгу “Белы Квадрат” (у красавіку).

• Міжнародны фестываль тэатраў лялек ()у маі).

• Рэспубліканскі фестываль-конкурс моды і фота “Млын моды” (у маі).

• Міжнародны фестываль “Балетнае лета ў Вялікім” (у чэрвені).

• Міжнародны форум тэатральнага мастацтва ТЭАРТ” (у верасні-кастрычніку).

• Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад” (у лістападзе).
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter