Мастацтва? Містыка!

Чаму на карцінах з’яўляюцца плямы, а скульптары застаюцца без пальцаў? Не раз чытала пра дзіўныя выпадкі, якія адбываліся з мастакамі і іх працамі. Да прыкладу, напісаў мастак карціну, а праз пару дзён убачыў намаляванага на ёй чалавека, якога да гэтага тут не было. Альбо скончыў майстар працу над партрэтам, а яго натуршчык памёр у хуткім часе. А колькі размоў бывае пра незвычайны ўплыў твораў мастацтва на гледача. Людзі плачуць, страчваюць прытомнасць або заціхаюць, не ў стане вымавіць ні слова. Што гэта — містыка ці супадзенне? Гэтае пытанне мяне б хвалявала мала, калі б падобныя выпадкі не сустрэла ў беларускім мастацтве.

Чаму на карцінах з’яўляюцца плямы, а скульптары застаюцца без пальцаў?

Не раз чытала пра дзіўныя выпадкі, якія адбываліся з мастакамі і іх працамі. Да прыкладу, напісаў мастак карціну, а праз пару дзён убачыў намаляванага на ёй чалавека, якога да гэтага тут не было. Альбо скончыў майстар працу над партрэтам, а яго натуршчык памёр у хуткім часе. А колькі размоў бывае пра незвычайны ўплыў твораў мастацтва на гледача. Людзі плачуць, страчваюць прытомнасць або заціхаюць, не ў стане вымавіць ні слова. Што гэта — містыка ці супадзенне? Гэтае пытанне мяне б хвалявала мала, калі б падобныя выпадкі не сустрэла ў беларускім мастацтве.

Паэт без пальцаў

Прыехаўшы аднойчы ў Ракаў, мястэчка пад Мінскам, не магла не наведаць мастацкую галерэю вядомага беларускага мастака Фелікса Янушкевіча, якая знаходзіцца прама ў яго агародзе.
— Трэба ж дзесьці размясціць свае карціны і працы маіх братоў, — тлумачыў мне Фелікс. Ён і тры яго браты  звязалі жыццё з мастацтвам. Таму ў галерэі акрамя этнаграфічных рэчаў, якімі захапляецца Фелікс, шмат карцін, эскізаў, скульптур — плён працы яго сямейства. Пасярод адной з залаў стаіць велізарны гіпсавы Адам Міцкевіч — форма, па якой адліты помнік паэту ў Навагрудку. Гэта праца брата Фелікса — скульптара Валерыя Янушкевіча. Адразу кінулася ў вочы: на адной руцэ гіпсавага паэта не хапае пальцаў.
— Гэта балючая тэма, — уздыхае мастак, заўважыўшы маё здзіўленне. — Руку паэта пашкодзілі падчас транспарціроўкі. Колькі казаў брату: ну даляпі ты яму пальцы! Усё часу не знаходзіў. А Валерый рабіў скульптуру Агінскага, дыск з балгаркі зляцеў і... прама яму па пальцах. Я ўпэўнены: гэта не проста так.

Гмах у агні

“Вечнае імкненне” — так называецца карціна Сяргея Рымашэўскага, напісаная ім у 2001 годзе. Высокая вежа, здаецца, дакранаецца да неба. А вакол яе ўздымаюцца аблокі дыму. Здаецца, нешта ўрэзалася ў крэпасць. Становіцца жахліва ад сцен, якія абвальваюцца, і людзей, якія нібы лунаюць у паветры. Карціну Сяргей стварыў у жніўні, а ў верасні... адбылася катастрофа ў ЗША: тэрарысты пратаранілі вежы-блізняты.
— Многія бачаць у маёй працы нейкае прарочае гучанне, — кажа Сяргей. — Асабліва амерыканцы: я шмат выстаўляюся за мяжой. Для мяне ж гэта — звычайнае супадзенне. Карціна мае сімвалічнае значэнне. Намаляваны будынак — аналаг Вавілонскай вежы. — Кожны чалавек імкнецца ўвышыню. Усё будуе, будуе... Думае: усё, дабраўся. Але аказваецца ў дурнях: адна акалічнасць — і ўся тэорыя разбурана. Для мяне містыка ў мастацтве не нейкія супадзенні. Містыка — гэта калі ты прыходзіш у музей, глядзіш на карціну... і зачароўваешся. Таму што ў ёй ёсць усё: каханне, нянавісць, жах і пяшчота.

Белая пляма

У 2008 годзе беларускія мастакі Юрый Пеўнеў і Дзяніс Чубукоў рыхтаваліся заваяваць маскоўскія пляцоўкі — збіраліся на конкурс расійскага Тыдня мастацтваў. Дзянісу было прасцей: у яго ўжо была гатовая праца. Юрыю  прыйшлося ствараць нешта новае непасрэдна перад конкурсам.
— Часу аказалася мала, — успамінае мастак. — Я быў у разгубленасці: вельмі хацелася трапіць на конкурс і білеты ўжо былі. Але я разумеў, што твор яшчэ сыраваты, ідэя не зусім рэалізавана.  Тэлефаную Дзянісу: я не еду.
Дзяніс адразу прыехаў да сябра і свежым поглядам літаральна за пяць хвілін дапамог яму завяршыць працу: дзесьці ўвёў новы колер, дзесьці асвяжыў... Усё атрымалася — абодва едуць у Маскву. Работы велізарныя: два на два метры. У вагон з такімі не пускаюць. Прыйшлося разабраць і згарнуць у трубкі.
— Прыехалі ў Маскву. Перш-наперш бяжым у экспазіцыйную залу — выстаўляць працы. Здымаю цэлафан, раскручваю палатно, — успамінае Юрый. — А ў тым месцы, дзе праца дапісвалася ў апошні момант, аказваецца вялікая белая пляма! Я ў шоку. Як так атрымалася? Працу немагчыма ўспрымаць, уся канцэпцыя разбурана.
Што рабіць? Усе ўдзель-нікі даўно выставілі працы, падыходзяць, глядзяць, не разумеючы, што гэта. Нечакана на выставе з’яўляецца знаёмая мастачка: яна таксама прыехала з Беларусі. Дзяніс хутка знаходзіцца: “Вера, губная памада ёсць?”. “Ёсць, толькі ружовая”. Дзяніс бярэ памаду і замазвае пляму. Тлустая памада ідэальна кладзецца на алейную аснову. І выдатна трапляе ў тон! “Што-небудзь яшчэ ёсць?” — пытаецца Дзяніс. “Танальны крэм”, — працягвае цюбік Вера. Праца зноў ажыла! Дарэчы, па выніках конкурсу яна заняла 2-е месца.
Што з расказанага — містыка? Пляма, нечаканая знаёмая з памадай або геніяльная ідэя Дзяніса? Хтосьці, магчыма, наогул нічога звышнатуральнага, тут, зрэшты, як і ў іншых гісторыях не ўбачыць.
Але спрачацца, што вакол мастакоў, скульптараў, літаратараў існуе свая асаб-лівая аўра, дакладна ніхто не стане.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter