З цікавай ініцыятывай прыехаў у Беларусь украінскі мастак Міхайла Кублік

Мастакоўскі мост

З цікавай ініцыятывай прыехаў у Беларусь украінскі мастак Міхайла Кублік


Сівабародага, у класічным мастакоўскім берэце чалавека з уважлівым позіркам прывёў у рэдакцыю Віктар Камісарук, намеснік старшыні праўлення Усеўкраінскага саюза беларусаў. Гэтая суполка, дарэчы, падключылася да міжнароднага мастацкага праекта. Яно і зразумела: беларусы Украіны — за пашырэнне рознабаковых кантактаў паміж краінамі. А ідэя Міхайлы Кубліка такая: пабудаваць мост — мастацкі ды мастакоўскі — паміж Украінай і Беларуссю.


Міхайла Кублік і Віктар Камісарук сустрэліся ў Мінску

Пунктам адліку ў тым будаўніцтве стане выстава карцін, прысвечаных Беларусі, у Днепрапятроўску. Там Міхайла Аляксеевіч, член Нацыянальнага саюза мастакоў Украіны, нарадзіўся, жыве і працуе. У 1991-м закончыў мастацка-графічнае аддзяленне Ленінградскага педінстытута імя Герцэна. Піша ў розных жанрах, любіць архітэктурны жывапіс ды і саму прыгожую архітэктуру. Як прызнаўся госць, яго ўвесь час цягнула ў сярэднявечныя кварталы любых гарадоў. Пасля распаду СССР ён вырашыў напісаць серыю карцін і тым самым у адным праекце як бы паяднаць родную яму Украіну з Беларуссю і Расіяй. Ужо напісана каля 200 карцін: храмы, замкі, сакральныя месцы...

Зрабіць персанальную выставу “Зямля праваслаўных славян” мастак задумаў у 2013-м. З прапановай быў у Культурным цэнтры Украіны ў Маскве, і там яе падтрымалі. Аднак пазней паміж краінамі пачаліся непаразуменні, і выстава ў Маскве не адбылася. Руку дапамогі мастаку тым часам працягнулі актывісты рэгіянальнага грамадскага аб’яднання Днепрапятроўскай вобласці “Беларусы Прыдняпроўя” — ёй кіруе Валерый Каралёў. З іх падтрымкаю ў горадзе рыхтуецца персанальная выстава карцін Міхайлы Кубліка, прысвечаная святыням Украіны і Беларусі. На ёй будзе амаль 80 карцін-акварэляў. Гэта, сцвярджае аўтар, толькі частка праекта “Украіна — Беларусь. Сакральныя святыні славян”. У яго ёсць працы, прысвечаныя каменным будынкам Беларусі XII-XV стагоддзяў, якія і цяпер — візітныя карткі гарадоў і месцаў, наведаных мастаком. Ёсць пейзажы, краявіды Беларусі. “Жыхарам Днепрапятроўска цікава ж пабачыць, як выглядае беларуская зямля, яе прыгажосць, — гаворыць Міхайла Кублік. — Як мастак заўважу: у нас вельмі шмат агульнага, але ёсць і адрозненні, якія, праўда, адразу і не разгледзіш. Напрыклад, восень ваша не падобная на восень ва Украіне, Расіі. Тут іншым колерам жоўкнуць бярозы. У Расіі гэта яркі, амаль цытрынавы (лимонный) колер, у Беларусі — далікатныя мяккія адценні жоўтага”.


Карціна Міхайлы Кубліка “Беларусь. Гродна”. 2012 г.

Ён спадзяецца, што выстава ў Днепрапятроўску паспрыяе паглыбленню культурных сувязяў паміж краінамі. За ёй, мяркуе, будуць вернісажы мастакоў не толькі Украіны, але і Беларусі. Дзеля таго Міхайла і прыязджаў у Мінск. “Варта гэтую выставу зрабіць не проста маёй выставай, — разважае ён. — Вось хай бы з яе пачалася цэлая акцыя па аднаўленні тых культурных сувязяў, якія былі раней, а цяпер неяк паразгубіліся”. Мастак сустракаўся з кіраўніцтвам Палаца мастацтва, работнікамі Міністэрства культуры, калегамі з Саюза мастакоў Беларусі. Разам абмяркоўвалі, як далей супрацоўнічаць. Бо, па словах госця, за апошнія 25 гадоў не было ніводнай міждзяржаўнай выставы прафесійных мастакоў Беларусі ды Украіны.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter