Мікалай Бушчык паказвае: сапраўднае мастацтва можа быць святочным, яркім, узвышаным

Мастак, які піша эмоцыямі

Некаторыя лічаць, што беларускі жывапіс стрыманы, а Мікалай Бушчык паказвае: сапраўднае мастацтва можа быць святочным, яркім, узвышаным.
Некаторыя лічаць, што беларускі жывапіс стрыманы, а Мікалай Бушчык паказвае: сапраўднае мастацтва можа быць святочным, яркім, узвышаным.


Мажорны, неверагодна жыццесцвярджальны настрой выпраменьваецца з усіх твораў Мікалая Бушчыка. Добрая чысціня такога  мастацтва падкупляе. Схематычнасць рэдкіх людзей на карцінах, “дзіцячыя” рознакаляровыя домікі і дрэвы падказваюць, што мастак адыходзіць ад канкрэтнасці: гэтыя аб’екты тут — выпадковыя госці. Але да чыста фармальнага падыходу Мікалаю  Бушчыку  далёка. Што гэта не проста геаметрычнай формы плямы на палатне, зразумее нават чалавек, далёкі ад жывапісу. У любым эксперыменце над кожным тонам колеру (а ўсе карціны зіха­цяць дзясяткамі такіх эксперыментаў) відаць паэтычнасць аўтара, яго імкненне перадаць рытмы музыкі, якую ён вельмі любіць. Гэтая захопленасць дае магчымасць працаваць карпатліва і бездакорна, вельмі інтэлігентна — як алеем, так і акварэллю.

Цікавую гульню прапаноўвае аўтар у сваіх назвах, якія па-новаму характарызуюць асобныя колеры. Напрыклад, работа Мікалая Бушчыка “Прастора агню” выканана ў цёплым чырвоным каларыце, але полымя ўбачыць складана. На першы погляд падаецца, што тут толькі творчы пошук мастака ў палітры. А калі адыдзеш, заўважыш, як расцягнутыя шырокія палосы ўяўляюць з сябе пустыню і неба, падзеленыя лініяй далягляду, і маленькая жоўтая пляма аказваецца сонцам...

Яго пейзажы не падобныя да звычайных пейзажаў. Яны — не жарты і нават не выдумкі падсвядомасці, а натуры, якія калісьці ў вандроўках спадарожнічалі аўтару. Яго прырода, па заўвагах не толькі мастацтвазнаўцаў, але і эколагаў, — гэта эмоцыі душы, палотны — пачуцці Усявышняга, а вобразы — думкі Сусвету...

Памятаю персанальную выставу Мікалая Бушчыка. Адна з залаў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі ў тыя дні адрозніваецца ад залаў астатніх. Па-першае, над работамі было прыглушанае, кропкавае асвятленне, якое ўжо з самага ўваходу стварала  пэўную атмасферу — атмасферу нейкай камернасці, глыбіні і таямніцы, магчыма, светабудовы. Увайшоўшы ў залу, хацелася адразу прыглушыць гук свайго голасу і размаўляць шэптам, каб не пару­шыць гармонію — гармонію мастацтва, якую  баішся спалохаць, нібы рэдкую птушку. На сценах — эмоцыі мастака Мікалая Бушчыка, пра якога гавораць, што майстар творыць толькі гэтымі самымі эмоцыямі...


На выставе работ Мікалая Бушчыка

Гульня ўяўлення

— Колькі сябе памятаю — столькі любіў маляваць, — пачынае свой аповед Мікалай. — Спачатку проста перамалёўваў малюнкі, але здзівіў бацькоў у пяць гадоў, калі ад рукі намаляваў абсалютна роўны круг. Тады яны яшчэ ўзялі цыркуль і вымералі. У чатырнаццаць я атрымаў свае першыя фарбы, якія мне, хлопчыку з расійскай глыбінкі, даслалі з горада бабуля і дзядуля, пасля чаго я пачаў рабіць копіі з палотнаў вялікіх мастакоў. “Тры волаты” Васняцова ў маім выкананні з удзячнасцю размясцілі ў настаўніцкай, але мне больш падабалася копія з Левітана. Я заўсёды цаніў класіку. У ёй я бачыў менавіта тое, што нясе ў сабе глыбіню думак і пачуццяў — менавіта гэта і суправаджае мяне ўсё жыццё — не столькі знешні бок рэчаў, колькі сутнасць з’яў і іх эмацыйны бок.

У яго біяграфіі — мастацкая школа ў Краснадары і Тэатральна-мастацкі інстытут у Мінску. Пасля заканчэння альма-матар ён займаецца тым, што любіць — слова “трэба” няма ў яго лексіконе, ды і піша Мікалай Бушчык часцей за ўсё пра тое, што важна для яго і ў чым сёння знаходзіць адказы на свае пытанні і адвечныя пытанні чалавецтва.

Мяне заўсёды здзіўляла, як прыгожа майстар спалучае колеры, як стварае прастору і плоскасць — менавіта такое сапраўднае жывапіснае мысленне. Ён думае выключна колерам: любая эмоцыя, любое ўспрыманне, любая з’ява прыроды ім успрымаецца як колер з яго варыяцыямі. Бо ўсё гэта — яго ўражанні ад рэальнага жыцця, не голыя абстракцыі, а яго адчуванні прыроды на фоне ўражанняў падарожніка. Яго работа — гэта пейзаж, які намаганнем асобы і таленту майстра ператвараецца ў такую буйную стыхію колеру, якой у беларускім жывапісе практычна няма.


Так раскрываюцца вобразы

Успаміны ўражанняў

Ён творыць, калі адчувае, што гатовы, ды і натхненне вызначае як “гатоўнасць пісаць”. Часта ён робіць маленькія эцюды, каб спасцігнуць тое, якім чынам вышэйшыя сілы “размалёўваюць” свет.  Часта ён выходзіць на вуліцу, часам сядзіць ля акна і шмат разважае: пра сяброў, людзей, падзеі — успаміны ўражанняў.  Часам пад музыку.

— Мне падабаецца музыка, якая мае свой стыль, — працягвае мастак, — ад класікі да сучаснага джаза. Праўда, калі гэта джаз, то не дэструктыўны джаз, а той, які будуецца на імправізацыі і выяўленні сябе, як вобраз, на аснове нейкіх эмоцый. Дэструктыўныя рэчы я імкнуся неяк абыходзіць, бо бачу, што яны больш разбураюць  гармонію. Калі я бачу, што думкі выбудоўваюцца ў нейкую станоўчую “лінію” — лінію гармоніі — гэта рэч структурная. А калі наадварот — разбівае ўсё, разламвае, то гэтая рэч дэструктыўная, і я ад яе з лёгкасцю адмаўляюся.

Мастацтва ён лічыць таксама “рэччу”, але рэччу арганічнай, якая застаецца ў часе толькі таму, што дае вобраз і ўяўленне пра час.  Што ж датычыцца шэдэўраў, то і тут у майстра сваё меркаванне

— Я думаю, што шэдэўр, — разважае Мікалай, — гэта твор, у якім злучаюцца творчыя разважанні мастака, кампазітара, паэта — пра час, у якім ён жыве, з думкамі і пачуццямі непасвячоных у творчасць. Бо мастак — гэта заўсёды першаадкрывальнік. Што такое мастакі? Гэта вочы Бога для ўсяго чалавецтва. Што такое музыка? Гэта вушы Бога. А што такое паэзія? Гэта слова Бога.


Такое спалучэнне фарбаў хочацца захаваць надоўга

Вечна ў гармоніі

Размаўляючы з майстрам, адчуваеш, што тая гармонія, пра якую ён гаворыць — яго пастаянны стан. Стан спакою і гармоніі — у ім і яго работах. Таму цікаўлюся, як жа такі стан, які, безумоўна, бывае ў кожнага, захаваць надоўга.

— Трэба быць верным абранаму шляху, — робіць выснову мастак. — Быць верным любові да жыцця і наогул паняццю “любоў”. Усё і заўсёды залежыць ад жадання чалавека, нават калі даводзіцца рабіць выбар. Што выбраць — шлях, у якім душа і розум гучаць сумесна і тым самым спяваюць адным голасам? Гэты шлях не такі грашовы. Альбо дарогу, якая прыносіць добры даход, але ўносіць дысгармонію? Зрабіць выбар няпроста. Нехта больш  прагматычны, нехта больш накіраваны. Кожны вырашыць для сябе сам — што для яго больш важнае.

Так,  пра яго заўсёды пішуць як пра майстра, які валодае выключным пачуццём колеру. “Стыхія колеру”, “выдатны каларыст” — усе азначэнні застаюцца ў сіле, але з усёй адказнасцю магу сказаць: у новых карцінах колеру стала яшчэ больш. Асноўнае ўражанне: урачыстасць сонечных фарбаў, прамяністасць палотнаў, якія, я ўпэўнены, маглі б асвятляць залу музея ў адсутнасці электрычнасці. Дзе “бярэ” мастак столькі сонца, застаецца таямніцай.


М.Бушчык. “Новы Вавілон”, 2001

— Як заўсёды, хочацца свежага погляду на самога сябе і новай прапановы для гледача. Хочацца паказаць новыя кампазіцыі, магчымасці душы.

— Што змянілася ў вашых работах?

— Час змяніўся. Мы адчуваем яго праз гарадскую рэчаіснасць, прастору, наша асяроддзе, парывістасць або спакой лю­дзей. Рытм размовы, узаемаадносінаў, рытм на дарогах, рытм нашых думак, зносінаў у інтэрнэце. Змяняецца твар часу ў рытмах, і ўслед за імі — эмоцыі. А эмоцыі — гэта заўсёды колер. Адсюль гульня цяпла і холаду, усе змены каларыстыкі, вобразнасці. Іншых тлумачэнняў я не знаходжу.

У мяне няма імкнення да публіцыстыкі, да стварэння хронікі, няхай гэтым зоймуцца спецыялісты. Мастак працуе для іншага — паказаць эстэтычны, духоўны пачатак свайго часу.

— Колерам можна ўсё вырашыць: сюжэт, вобразы, кампазіцыю?


— Вядома, можна. Я спрабую, а наколькі ўдаецца, вырашыць толькі будучыня. Цяпер гэта толькі ўражанні, з якімі чалавек згаджаецца або не, але гэта будара­жыць, гэта нечакана. Мастак жа пераводзіць у мастацтва тое, што бачыць — гармонію свету, адчуванне шчасця. Хочацца, каб і людзі гэта ўбачылі, а не ўпадалі ў крайнасці: то баевікі глядзяць, то слязлівыя мыльныя оперы. А свет цудоўна гарманічны. І нават сусветныя карпарацыі, якія забруджваюць прыроду, праяўляюць асцярожнасць — прымаюць рашэнні па экалогіі, па праблемах беднасці. Людзям усё-такі ўласціва думаць пра будучыню, пра дзяцей. Гэтыя разважанні — у карцінах, таму яны больш знакавыя, чым сюжэтныя, храналагічныя.

— У адным з інтэрв’ю вы гаварылі пра адыход ад лакальных тэм. Растлумачце, калі ласка.

— Мне цікавы жывапіс як адкрытае мастацтва. Яно блізкае людзям па-за межамі і мовамі, незалежна ад колеру іх скуры і палітычных пазіцый. Мастацтва павінна быць зразумелым без перакладчыка.

— Вашы акварэлі — гэта ўражанні ад падарожжаў?

— Так, як асабістае ўспрыманне, як камерная музыка: Беларусь, Літва, Балгарыя…  Але падарожжа для мастака — усё жыццё, нават калі ён проста выглядае з акна. У акварэлях ёсць  прага расказаць, які гэта прыгожы падарунак — наша жыццё. Мяне здзіўляе, калі ў жывапісе я бачу паўфатаграфічную канкрэтнасць, калі людзі пішуць не праз эмоцыі. Тэхніцы трэба пакінуць сваё, яна задавальняе самую першую эстэтычную цікаўнасць, а мастак павінен выказацца, як мастак, праламляючы ўбачанае ў душы. Павінен расказаць сваю гісторыю, сваю мелодыю ў фарбах. Угадваецца ў ёй рэальнасць ці не, у натуры яна ўсё роўна зусім іншая, а ў мастака — гэта вобраз, не падобны ні да чаго са створанага раней.

— І ўсё ж такі падарожжа — моцны імпульс для работы?


— Падарожжа цікавае як першы погляд, як адчуванне дзіцяці. Для мяне гэта трэба, каб умець бачыць, радавацца яшчэ чыстымі незатаптанымі пачуццямі. У адно і тое ж месца я еду толькі тады, калі многае забылася, а ў памяці засталіся толькі знакавыя рэчы. І здзіўляюся, што людзі пішуць дрэвы, камяні. Гэта бытавы аспект, а тэмы для мастака — чалавек, зямля, космас. Гэта зусім іншае.

— З гэтага пункту гледжання, усё роўна куды ехаць? У камфортныя краіны ці менш уладкаваныя месцы, але па-свойму цікавыя?

— Ездзіць як турыст мне не хочацца, і экзотыка дзеля экзотыкі таксама не цікавая. Важна разумець, што ты бачыш, і вынесці эстэтычныя ўражанні. Аўстралія, Амерыка, Афрыка…  Не, не грэе.

— А Еўропа цікавая?

— Безумоўна. І нават еўрапеізаваная Азія больш зразумелая, а Усход — не, прыгожа, але не маё.  У нас еўрапейская культура — больш спакойная, разважлівая і мінімалісцкая.

— Купляюць цяпер жывапіс?

— Менш, чым раней. Амаль перасталі купляць сапраўднае мастацтва. Раўчукі, бярозкі купляюць, як рэпрадукцыі ў ГУМе, але гэта ж не пакупкі. Вы ж не скажаце, што здзяйсняеце ўчынак, калі купляеце шкарпэткі. А купіць карціну — гэта ўчы­нак. Вельмі спадзяюся, што сітуацыя пераменіцца. Трэба толькі працягваць рабіць сваё, заставацца сабою і думаць пра свет, Бога і чалавека. Гэта тыя рэчы, якія мяне пастаянна хвалююць.

— Вы заўсёды гаварылі, што культура і мастацтва — вельмі розныя рэчы.


— Так, культура — гэта як глеба, а мастацтва — тое, што на глебе расце. Уклад жыцця — культура, а ўсё, да чаго накіроўваецца душа — светлае, гарманічнае — мастацтва. Калі гаварыць больш прыземлена, творчасць — гэта ўсё, чым людзі займаюцца.  А як яны гэтым займаюцца — гэта ўжо, па-мойму,  мастацтва.

Віктар Міхайлаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter