Мастак вясны.

Якая «Чайка» была ў Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, чым захапляўся жывапісец і як характарызаваў яго карціны Сталін.

Якая «Чайка» была ў Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, чым захапляўся жывапісец і як характарызаваў яго карціны Сталін.

Мастацкае асяроддзе Беларусі адзначыла 140-годдзе з дня нараджэння свайго вядомага земляка, народнага мастака Беларусі і РСФСР Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. Да сёння працягваюцца спрэчкі, чыім жа мы павінны лічыць мастака – рускім ці беларускім жывапісцам. З аднаго боку, ён яўна працягвае традыцыі рускіх пейзажыстаў. А з другога – нарадзіўся на Беларусі, называў сябе беларусам і ў канцы жыцця прыехаў на радзіму, каб пакінуць на памяць аб ёй цэлую серыю вытанчаных пейзажаў. Кім жа з’яўляецца для нас Бялыніцкі-Біруля, дзе любіў працаваць мастак і адкуль чэрпаў натхненне, даведалася карэспандэнт «СВ».

Вітольд, хоць і нарадзіўся на Беларусі, быў не надта звязаны са сваёй радзімай. Хлопчыку не было і шасці гадоў, калі яго бацькі прадалі сядзібу ў Крынках каля Бялыніч і пераехалі ў Арол, а затым у Кіеў. Яго ўспаміны пра Беларусь у асноўным звязаны з паездкамі разам з бацькам, які служыў у дняпроўскім параходстве і часта браў сына ў плаванне па Дняпры, Прыпяці і Сожы.

Беларусам звацца

– Прызнацца, вельмі цяжка зразумець асобу мастака, – гаворыць навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Юлія Лісай. – Зараз працую з яго запісамі і асаблівага патрыятызму за Вітольдам не назіраю. Хоць гэта лёгка растлумачыць – ён пакінуў Беларусь зусім маленькім. У 11 гадоў паступіў у Кіеўскі кадэцкі корпус, вучыўся ў мастацкай школе, затым у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. Пра Беларусь ён успамінае толькі ў 47-м годзе, калі яму было ўжо досыць многа гадоў – магчыма, усіх пад старасць цягне на радзіму. Ён прыехаў сюды, казаў, што вельмі даўно не з’яўляўся на радзіме, што хоча шмат пісаць пра Беларусь... Але што яму перашкаджала зрабіць гэта раней?! Дзіўнага тут, праўда, мала – скажонае адчуванне сваёй нацыянальнасці характэрна для ўсіх людзей, якія трапілі пад млын царскай імперыі, а потым і Савецкага Саюза. Для нас прыемна ўжо тое, што мастак называў сябе беларусам.
Да таго ж многія даследчыкі сцвярджаюць, што менавіта дзіцячыя ўражанні мастака ад Беларусі, няяркай і спакойнай прыгажосці яе прыроды з лясамі, палямі, рэчкамі, балотцамі і паўплывалі на арыгінальную творчасць мастака. «Маё жыццё з дзяцінства назаўсёды звязана з прыродай. У ёй і з ёю я бачыў сэнс жыцця», – напіша неяк ва ўспамінах Вітольд.

«Біруля, падсабляй»

Вітольд Бялыніцкі-Біруля лічыцца адным з самых моцных пейзажыстаў 30–40-х гадоў. Практычна ўсе мастацтвазнаўцы пішуць, што лепшага за Бялыніцкага ў той час нікога не было.
– Сапраўды добры мастак, але камусьці ён можа здацца... крыху сумным, – гаворыць Юлія Лісай. – У яго працах паўтараюцца практычна адны і тыя ж матывы. Мастак вельмі любіць памежныя станы – вечар, дзень, восень, вясну (ёй мастак наогул прысвяціў больш за 200 карцін)... Гэта не Шышкін, якога называюць мастаком яркага лета і поўдня. Бялыніцкі зусім іншы: жамчужны каларыт, ніякіх яркіх фарбаў, шмат паўтаноў. Гэта вельмі вытанчаны мастак.
Яго карціны – сапраўднае прызнанне ў любові роднай прыродзе, яе ціхай непаўторнай прыгажосці.
– Гэта як трэба любіць прыроду і вёску, каб гадзінамі прападаць сярод балота, слоты, дажджу... Прачытала нядаўна ліст Вітольда Дубоўскаму ад 25 лістапада 1907 года: «Хутчэй бы вясна, уцячы на вёску. Выстаўка, горад, усё гэта перашкаджае працаваць і жыць». Вядома, у мастака была свая дача ў Цвярской губерні на беразе возера Удомля, якую ён пяшчотна назваў «Чайкай», – дзеліцца Юлія.
Вядома, Бялыніцкі-Біруля быў вельмі хлебасольным чалавекам. У «Чайцы» заўсёды было поўна гасцей, а яшчэ... дзяцей. На сваёй дачы Вітольд арганізаваў мастацкую школу для дзетак з суседніх вёсак, спецыяльна заказваў з Масквы гіпсы і іншыя ўзоры для навучання рабят.
– Каля мастака заўсёды быў народ, – гаворыць навуковы супрацоўнік. – У яго была вельмі моцная любоў да простых людзей, ён адносіўся да іх са спачуваннем. А яны ў сваю чаргу хадзілі да яго нават пры савецкай уладзе як да мясцовага пана. Што б ні здарылася, чаго б ні хапала – «Біруля, падсабляй».

Мемарыяльны пейзаж

Вітольд Бялыніцкі-Біруля рана атрымаў прызнанне. Мастак пачаў выстаўляць свае працы яшчэ падчас вучобы ў Маскоўскім вучылішчы, затым прымаў удзел у рабоце Таварыства перасоўных мастацкіх выстаў, Маскоўскага таварыства мастакоў... У 1909 годзе за карціну «Гадзіна цішыні» атрымаў залаты медаль на міжнароднай выставе ў Мюнхене.
– Акрамя гэтага мастак з’яўляецца ў рускім мастацтве пачынальнікам мемарыяльнага пейзажу, звязанага з памяццю аб вядомых людзях, – расказвае Юлія Лісай. – Як мне падаецца, мемарыяльны пейзаж з’яўвіўся ў творчасці Бялыніцкага не ад лёгкага жыцця. Першую серыю такіх пейзажаў ён напісаў у 1924 годзе. Пасля смерці Леніна мастак едзе ў Горкі Ленінскія, каб намаляваць мясціны, дзе жыў вялікі правадыр. Сапраўды час быў вельмі цяжкі, бывала, і есці не было чаго. А пішучы такія карціны, можна было разлічваць на дзяржаўныя закупкі і заказы. Тым больш што асобы Пушкіна, Чайкоўскага і іншых вельмі легальныя, бяспечныя нават у савецкіх рэаліях.
Цікавы выпадак звязаны з мемарыяльнымі пейзажамі Бялыніцкага-Бірулі. Аднойчы на яго выставу прыйшоў сам Сталін. Ён доўга стаяў ля карціны, дзе былі выявы горада Горы, месца яго нараджэння. Усе замерлі: што ж скажа правадыр народаў?! Пасля доўгай паўзы Сталін нарэшце вымавіў: «Вельмі падобна...». Дакладна вядома, калі Бялыніцкаму-Бірулю прысуджалі званне народнага мастака, то яго прозвішча ў спісе было не выкраслена, а падкрэслена – відаць, запомніўся яму мастак.
Сёння імем жывапісца названы вуліцы ў Бялынічах і Магілёве, там жа дзейнічаюць музеі, прысвечаныя Бялыніцкаму-Бірулю, больш за 450 прац мастака захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter