Аркадий Астапович - мастер лирического графического пейзажа

Мастак тонкай душы

Сёлета адзначаецца 125-годдзе з дня нараджэння Аркадзя Астаповіча. Імя гэтага графіка не вядома шырокай публіцы, не распіярана, як імёны іншых беларускіх мастакоў. Але гэта ніяк не змяншае яго талент.


Аркадзь Антонавіч пражыў кароткае, але насычанае творчасцю жыццё. Нарадзіўся ў Мінску ў 1896 годзе. Вучыўся ў Гродзенскай мужчынскай гімназіі, Політэхнічным інстытуце і Малявальнай школе Імператарскага таварыства заахвочвання мастацтваў у Санкт-Пецярбургу, Малявальнай школе ў Харкаве. Пасля дэмабілізацыі ў 1922 го­дзе выкладаў чарчэнне, маляванне і матэматыку ў школах Мінска и Мінскай губерні.

Большасць работ мастак стварыў у міжваенныя 20—30-я гады мінулага стагоддзя, гэта графічныя пейзажы, якія, як адзначаюць крытыкі, адрозніваюць лірызм, непасрэднасць, тонкі нацыянальны каларыт, узорнасць і сілуэтнасць малюнка, гульня кантрастаў. Невядома, колькі б яшчэ яркіх і таленавітых работ стварыў Аркадзь Астаповіч, калі б не трагічны лёс — мастак загінуў падчас Вялікай Айчыннай вайны ў верасні 1941 года ў баі пад горадам Арлом.




Пазнаёміцца з творчасцю графіка можна ў Нацыянальным мастацкім музеі, у фондах якога знаходзіцца больш за 200 твораў Аркадзя Астаповіча. Спецыяльна да 125-годдзя з дня нараджэння Аркадзя Антонавіча музей падрыхтаваў выставу, на якой экспануюцца як эталонныя працы мастака, так і графічныя аркушы, што рэдка паказваюць публіцы. Як адзначаюць аўтары праекта, экспазіцыя дазваляе ўбачыць увесь шлях тонкай і ўзнёслай душы Аркадзя Астаповіча, якая вырывалася за межы вуглоў і простых ліній. Выстава будзе працаваць да 19 снежня.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter