Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Мастачка, якая малюе... літаратуру

Мы вельмі часта гаворым у дачыненні да вывучэння айчынннай літаратуры пра вартасці літаратурнага краязнаўства. Мастачка Дзіяна Каласовіч, якая нарадзілася на Салігоршчыне, а жыве і працуе ў Мінску, вырашыла спалучыць літаратурнае і мастацкае краязнаўства. 

Што з гэтага атрымаецца — яшчэ пакажа час. Жывапісным палотнішчам, малюнкам, якія выяўляюць перад намі адрасы Міншчыны, звязаныя з лёсамі тых ці іншых пісьменнікаў, ацэнку дадуць гледачы, мастацтвазнаўцы і проста шараговыя аматары выяўленчага мастацтва. А цяпер Дзіяна Каласовіч падрабязна занатоўвае ўбачанае і адкрытае ёю, спрабуе за кошт свайго светапогляду, уласнага мастацкага зроку разабрацца, чаму менавіта ў пэўным месцы нарадзіліся тыя ці іншыя паэтычныя, празаічныя творы. 

Вось, напрыклад, у Дукоры пад Мінскам творца шукае сляды драматурга Васіля Гарбацэвіча, яўрэйскіх пісьменнікаў братоў Чарных, народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы, які наведваўся сюды за сюжэтам п’есы “Партызаны”, літаратуразнаўца Янкі Казекі, які працаваў тут настаўнікам… 

“Для мяне гэта досыць цікавы вопыт, — прызнаецца Дзіяна Каласовіч. — Звычайна я не працавала гэтак адрасна, каб спалучыць краявід з адрасам і мастацкай і дакументальнай ідэямі. Але гэта захапляе, вымушае па-новаму ўзірацца ў прастору. Далягляды, як мне падаецца, вымалёўваюцца зусім іншыя. Ды і адкрываю шмат новага. Бо перад кожнай паездкай даводзіцца зазіраць  у літаратуру, раіцца з дасведчанымі знаўцамі роднай старонкі…” 

Следам за пухавіцкай Дукорай, іншымі блізкімі да Мінска ваколіцамі, адрасамі літаратурна-краязнаўчых пленэраў, у Дзіяны Каласовіч будуць Любаншчына, Уздзеншчына, Салігоршчына. Як на першы погляд, то і не самыя багатыя на літаратурна-краязнаўчую памяць адрасы. Але Дзіяна лічыць іначай: “У Любані жыве адзін з найстарэйшых дзіцячых пісьменнікаў Беларусі Іван Муравейка. Ён Вялікую Айчынную вайну прайшоў. Мае баявыя ўзнагароды. Ордэны Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны I ступені… На рэйхстагу аўтограф свой пакінуў… У вершах Івана Муравейкі, які нарадзіўся ў самай буйной вёсцы Любаншчыны — Талі, умяшчаецца багата мясцовага матэрыялу. Шматлікія мікратапонімы, родныя, самыя блізкія краявіды натхнілі таленавітага творцу на самыя розныя вершы, песні, апавяданні — усё гэта заварожвае, захапляе. 

А яшчэ пра раку Арэсу, востраў Зыслаў, мястэчка Урэчча, ды іншыя мясціны пісалі паэты Уладзімір Паўлаў, Ніна Маеўская, Сяргей Грахоўскі, Яўген Хвалей, Казімір Камейша… Спадзяюся, што мне ўдасца зазірнуць у іх вобразную сістэму, удасца нешта сваё ўласнае дадаць у мастацкае прачытанне нашай роднай старонкі”. 

Алесь Карлюкевіч

Голас Радзімы № 31 (3535), чацвер, 17 жніўня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter