Сення ў Купалаўскім тэатры адбудзецца прэм’ера спектакля Мікалая Пінігіна “Талерантнасць”

Маскі далоў!

Мікалай Пінігін выпускае другі спектакль за сезон. Аб чым яму захацелася пагаварыць з гледачом на гэты раз
Сёння ў Купалаўскім тэатры адбудзецца прэм’ера спектакля мастацкага кіраўніка Мікалая Пінігіна “Талерантнасць” па п’есе французскага драматурга Ясміны Рэза “Бог разні”. Пінігін ужо працаваў з яе творамі: і ў Вялікім драматычным тэатры ў Санкт-Пецярбургу, і ў Мінску, калі ставіў яе хітовы АRT. “Талерантнасць” — зноў камерная трагікамічная гісторыя аб непаразуменні, уяўнай паліткарэктнасці і стэрэатыпах мыслення ў сучасным грамадстве і сям’і. Дзеянне адбываецца ў інтэр’ерах адной парыжскай кватэры. Але размова ў хуткім часе выходзіць на абагульненне. За рэспектабельным буржуазным іміджам герояў мы раптоўна бачым раз’юшаных жывёл, амаль малпаў, якія абараняюць сваю тэрыторыю, свае правы, свой прайд... Аб тонкай мяжы паміж жывёлай і чалавекам, месцы тэатра ў сучаснай гуманітарнай іерархіі каштоўнасцей мы пагутарылі з Мікалаем Пінігіным.


— Мікалай Мікалаевіч, вам даводзілася калі-небудзь бараніць сваіх дзяцей, як героям п’есы, высвятляць адносіны такім чынам?

— Дзякуй Богу, не. Спадзяюся, я выхоўваў сваіх дзяцей не для таго, каб яны зубы палкай выбівалі. Дарэчы, мае дзеці ўжо дарослыя і ўнукі ёсць.

— Вы неканфліктны чалавек?

— Думаю, што неканфліктны.

— Але ж гэта “ўнутраная малпа” таксама сядзіць у вас?

— Яна ў кожным з нас сядзіць. Мы — звяры і людзі адначасова. У нас ёсць свядомасць, але і звярыны пачатак. Такое закладзена ў чалавеку, таму што гэта функцыя аховы віду. Падстаў левую ці правую шчаку... Гэта ўсё прыгожая тэорыя, а раптам — вайна, што мы будзем рабіць?

— Жэрці адзін аднаго. Пра гэта ж Быкаў і пісаў.

— Так. На жаль.

— Вы глядзелі фільм Рамана Паланскі “Бог разні” па гэтай п’есе з Джодзі Фостэр і Крыстаферам Вальцам?

— Не, не глядзеў. Наўмысна.

І іншыя спектаклі па гэтаму твору не глядзеў. Навошта?

— Гэта ж можа натхніць?

— Не, я не раблю такога.

— Гэта п’еса ўсё ж такі — не інтэлектуальны “фаст-фуд”?

— Мне не падабаецца слова “фаст-фуд”.

— Я маю на ўвазе, што, напрыклад, ёсць Гаральд Пінтэр, які таксама піша пра чалавечую варожасць і адносіны...

— Я б іх не параўноўваў. Гэта зусім розныя аўтары. Рэза — глыбокі аўтар. Я лічу яе ART лепшай сучаснай п’есай другой паловы дваццатага стагоддзя. Люблю, калі ў драматургіі форма лёгкая, а закладзеная ў творы праблема — сур’ёзная. Рэза сапраўдны драматург. Ёсць характары, думкі, усё ёсць — што яшчэ трэба рэжысёру?

— Вы паспяваеце сёння сачыць за тэатральнымі падзеямі?

— Амаль не. Я не паспяваю ні кіно глядзець, ні ў тэатр хадзіць, таму што выпускаю ўжо другі спектакль за сезон.

— Апошняя трансляцыя “Золотой маски” была падобна хутчэй на палітычны мітынг. Усе выказваліся ў падрымку Кірыла Сярэбранікава. А такое адчуванне, што беларускі тэатр наўмысна дыстанцуецца ад гэтых падзей. Я не бачу салідарнасці.

— Салідарнасці з кім?

— З расійскімі калегамі.

— Я не ведаю, у чым там канкрэтна справа. Да яго ж прэтэнзіі не ў сэнсе мастацтва сёння. Вось у Вялікім тэатры выйшаў балет “Нурэеў”, з замарозкай, затрымкай, але ж выйшаў.

Як мастацкі кіраўнік я ніякага дачынення да грошай не маю. І мяне, напрыклад, немагчыма пасадзіць, таму што я не матэрыальна адказны чалавек. Сярэбранікава судзяць за фестываль, у якім ён удзельнічаў як дырэктар, я так разумею. Але ж мне цяжка гэта абмяркоўваць. Трэба глядзець канкрэтныя дакументы Следчага камітэта. Тое, што Сярэбранікаў — таленавіты рэжысёр еўрапейскага ўзроўню, гэта бясспрэчна. Падабаецца ці не падабацца мне яго творчасць — іншая справа. Зараз яго фільм трапіў у Канны.

— Ала Дзямідава сказала на той цырымоніі, што “место театра сегодня в детской комнате”.

— Чаму?

— Нівеліруецца тая роля тэатра, якая была, напрыклад, у савецкія часы.

— У савецкія часы тэатр быў рэлігіяй, медыя, бібліятэкай і палітычным клубам адначасова. Такога больш не будзе. Я заўсёды зайздросціў Таўстаногаву: Дастаеўскі яшчэ быў амаль забаронены, а ён ставіў “Ідыёта” ў 1957 годзе. На табе дазвол! І 6 кіламетраў чарга за квіткамі ўздоўж Фантанкі. Конная міліцыя... Зараз тэатр і мастацтва занялі тое месца, якое яны займаюць ва ўсім свеце...

— Якое?

— Адно са шматлікіх. А там была штучна створаная савецкая сітуацыя, калі ў варонках цэнзуры існаваў тэатр з дуляй у кішэні. І чэргі танна апранутых людзей з авоськамі з кефірам і батонам... Я бачыў фотаздымкі тых чэргаў. У савецкія часы не было інтэрнэту, свабоднай прэсы, тэлебачання ў тым аб’ёме, што зараз. Толькі Кабзон спяваў і харанілі Брэжнева.

— Настальгіруеце па тым часе?

— Не. Я аб адным толькі шкадую.

У савецкія часы грошы нічога не азначалі. Што б ты ні рабіў, усё роўна атрымоўваў свае 120 рублёў. Таму працаваць у тэатр ішлі інтэлігентныя, разумныя людзі. У Таўстаногава была лепшая трупа ў свеце. Больш такой нідзе не было і не будзе. А я першыя гады прафесійна працаваў на тэлебачанні. І мая першая перадача была “Пісьменнікі і пяцігодка”: што пісьменнік за пяцігодку павінен напісаць пра надоі і калгас. А потым я прыйшоў у Рускі тэатр працаваць артыстам, і гэта быў глыток чыстага паветра. “Трохграшовая опера”, “Макбет”... І не было ніякага маразму пра пяцігодкі.

Калі адна крытыкеса з Даніі даведалася, што ў нас будзе перабудова, яна сказала: “Мне вас шкада... Вы страціце сваё мастацтва, перш за ўсё — тэатр”. Калі паўстала пытанне: мы хочам добра жыць ці мы хочам добрага мастацтва, мы выбралі “добра жыць”. А гэта несумяшчальна. Я зараз гэта бачу па польскім тэатры. Тэатра часоў Вайды і апладысментаў па 30 хвілін пасля заканчэння спектакля ўжо не будзе. Тэатр жыве са сваім часам і са сваім часам памірае.

Мяне, напрыклад, не цягне назад. Калі гультаям сказалі: “Плывіце!” — гэта стала праблемай. Таму што не ўсе захацелі плыць самастойна. Не ва ўсіх ёсць талент і здольнасці. У гэтым дэндрарыі вырошчвалі савецкага чалавека, але нічога не атрымалася. У мяне студэнты, калі пачалася перабудова, кінулі выпіваць і сталі ездзіць на машынах, няхай дрэнных, таму што з’явіліся перспектывы. А мы як п’янствавалі... Ого як! Таму што не было чаго рабіць... Не было перспектыў. І ўсе пілі ад бессэнсоўнасці жыцця.

— Вы савецкі чалавек?

— Да трыццаці з нечым ім быў, так як пражыў у Савецкім Саюзе. Але зараз у мяне ніякай настальгіі няма.

Я яшчэ раней да перабудовы і тоўстых літаратурных часопісаў чытаў кніжкі з Захаду, Булгакава, Салжаніцына...

І ў мяне ўжо тады не засталося ніякіх санціментаў наконт савецкай улады.

— Вы сапраўды задумалі рэмейк “Тутэйшых”, калі знойдзеце “маладога Віктара Манаева?”

— Па-першае, я не ўпэўнены, што яго знайду. Па-другое, я ўсё ж такі не вельмі ўпэўнены, што гэта сёння патрэбна. Але ў нас 100-годдзе тэатра ў 2020 годзе, а ў рэпертуары адна “Паўлінка”. Можа, і зробім. П’еса вострая, трэба шукаць адпаведную форму. Нікога не абвінавачваць, хутчэй, аб чымсьці пашкадаваць...

— Здаецца, усе пытанні, закладзеныя Купалай у гэтай п’есе, сёння толькі абвастрыліся. І месца Беларусі паміж Захадам і Усходам не змянілася.

— А яно зменіцца толькі пасля наступнага ледніковага перыяду. Пакуль геапалітычная сітуацыя такая, Беларусь будзе знаходзіцца паміж візантыйскай і лацінскай цывілізацыямі. Паміж спрэчкай Захаду і Усходу, заходняга пратэстантызму і рускага праваслаўя. На маім жыцці гэта сітуацыя не скончыцца.

— Можа, проста трэба браць лепшае з Захаду і Усходу?

— Нічога іншага нам не застаецца. Трэба ведаць Міцкевіча, Чайкоўскага, Вайду, Міхалкова... У нас ёсць вялікая перавага перад іншымі народамі, і трэба яе выкарыстоўваць: мы чытаем і па-руску, і па-беларуску... І наша геапалітычнае становішча трэба ўспрымаць як прывілею, а не кару.

— Вы задаволеныя мастацкім вынікам “Рэвізора”?

(Іранічна.) Мастак ніколі не можа быць задаволены сабой.

— Калі квіткоў не дастаць — гэта ж прыемна?

— Прыемна, але я не задаволены гледачом. Калісьці ў Фаіны Ранеўскай спыталі: “Як прайшоў спектакль?” Яна адказала: “Так сабе, глядач халтурыў”. Я зрабіў спектакль на трасянцы, калі б не гэта, то і не браўся б за Гогаля. Навошта мне гэтыя батфорты і камзолы з дзевятнаццатага стагоддзя? А я паставіў пра нашых раённых хлопцаў. І вось прыходзіць жанчына-глядач і кажа: “Нацыянальны тэатр, а мовы не ведаюць!” І пачынае папраўляць акцёраў, перакладаць мужу. Яны нават не разумеюць, што гэта сцёб.

— Ці можна прабіцца да такога гледача?

— Я спрабую. І мы робім сёння тое, што мы робім. Я сумленна стаўлюся да сваёй працы.

pepel@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter