Уладальнікам беларускай кампаніі Masquerade Technologies стаў Марк Цукерберг

“Маскарад” у фэйсбуку

Марк Цукерберг, кіраўнік папулярнай ва ўсім свеце сацыяльнай сеткі, набыў беларускую кампанію, якая распрацавала дадатак MSQRD, што замяняе твары на маскі
Марк Цукерберг, кіраўнік папулярнай ва ўсім свеце сацыяльнай сеткі, набыў беларускую кампанію, якая распрацавала дадатак MSQRD, што замяняе твары на маскі



Леа можа стаць... ільвянём


Навіна пра тое, што ўладальнікам беларускай кампаніі Masquerade Technologies стаў Марк Цукерберг, ператварылася ў сенсацыю. Бо бізнесмен укладвае грошы толькі ў мегапаспяховыя праекты. Цану трымаюць у сакрэце, але лік ідзе прыкладна на 100-150 мільёнаў долараў.

— Дзякуй усім, хто павіншаваў каманду MSQRD. Абсалютна бліскучы цім. Зоркі! — напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку беларускі IТ-гуру Юрый Гурскі, які падтрымаў маладых распрацоўшчыкаў.

— Ім па 23-24 гады, і я гатовы ставіць каньяк скрынямі, што гэта не апошняя навіна пра хлопцаў.

Рашэнне мільярдэра набыць фірму зразумелае. Таленавітыя праграмісты не толькі прыдумалі ўнікальную новую тэхналогію, але і стварылі дадатак, які ў кароткія тэрміны набраў шалёную папулярнасць.

З’явіўся MSQRD усяго чатыры месяцы назад. Цяпер яго запампавалі больш за 15 мільёнаў разоў. У хуткім часе можна смела чакаць яшчэ большага росту папулярнасці: на днях дадатак стаў даступны не толькі на iOS, але і на Android.

У “Маскарадзе” 50 масак. Акрамя жывёл, ёсць твары Леанарда Ды Капрыа, Джоні Дэпа, Дональда Трампа і, вядома, знакамітая маланка Дэвіда Боўі. Проста запускаеш, глядзіш у камеру — і цябе грыміруюць у рэжыме анлайн. Кожная маска ідэальна кладзецца на твар і паўтарае міміку. У вобразе можна зрабіць сэлфі, запісаць відэа для сяброў і закінуць усё ў сацсетку або проста захаваць сабе на памяць.

Сярод карыстальнікаў шмат знакамітасцяў. Нават маці акцёра Леанарда Ды Капрыа прымерыла маску з тварам сына і двума “Оскарамі”.


Masquerade Technologies заснавалі Яўген Няўгень (злева), Сяргей Ганчар (на пярэднім плане) і Яўген Зацяпякін у 2015 годзе. Першая рэальная версія дадатку MSQRD была зроблена за 48 гадзін. Яўген Няўгень таксама з’яўляецца заснавальнікам стартапа SplitMetrics (Maps.me) і крэатыўным дырэктарам дабрачыннага аўкцыёну сустрэч “МаеСэнс”. Фота: источник

Стартап за два дні


Дзіўна: першую версію распрацоўшчыкі стварылі ўсяго за двое сутак. Тады было толькі восем эфектаў: вусы, маска тыгра, маска малпы… Такога поспеху не чакалі. Хлопцы запэўніваюць: на піяр не патрацілі ні капейкі. Заснавальнік Яўген Няўгень гаворыць, што спачатку навінку тэставалі сябры:

— Усе былі ў захапленні, пыталіся, дзе запампаваць. І мы выпусцілі дадатак напярэдадні Раства. Галоўнае, відэа і фота з нашай праграмы сталі з’яўляцца ў медыяперсон. Першым “вывеў у свет” дадатак вядомы рэпер Баста. “Запосціў” у Інстаграме відэа ў вобразе зайчыка. Былы саліст групы “Чай удвух” Стас Касцюшкін прымераў на сябе твар барадатай Канчыты Вурст. І панеслася!

Бэтман ды іншыя


— У зусім маладых самы папулярны персанаж Сталін, — гаворыць Яўген Няўгень. — Але, мяркуючы па ўсім, у гэтай масцы для жартаўнікоў уся фішка ў вусах, а не ў палітычнай персоне. Бо многія нават і не ведаюць, хто гэта!

Фанаты закідалі распрацоўшчыкаў просьбамі: просяць зрабіць маскі Бэтмена, Джокера, Халка ды іншых кінагерояў.

— Будучыня стасункаў — за відэа­чатамі, — упэўнены Яўген. — Але ў адрозненне ад тэкставых паведамленняў, дзе нормай сталі смайлікі і стыкеры, у відэасувязі не было магчымасці такой пазітыўнай рэакцыі на суразмоўцу. Гэты прабел мы і запоўнілі. Мэта наступнай версіі — каб любы карыстальнік ствараў свае маскі. У Бразіліі свае персанажы, у Японіі — свае, і ў нас будзе вялікі каталог.

 ДАВЕДКА 


World of tanks, Viber... Хто наступны?

Аляксей ЛЯШЧОЎ, намеснік дэкана факультэта камп’ютарных сістэм і сетак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі:

— Беларусь — краіна з інтэлектуальным рэсурсам. І ён актыўна праяўляецца ў папулярнай і прыбытковай IT-сферы. Але аднаго рэсурсу мала, важна стварыць умовы для яго развіцця. Дзяржава “ўкладваецца” ў чалавечы рэсурс: для школьнікаў праводзяцца розныя алімпіяды, IT-турніры. Вышэйшая адукацыя — профільная, і вельмі якасную адукацыю дае Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі — выпускае запатрабаваных спецыялістаў IT-сферы. Для працвітання праграмістаў у Беларусі робіцца нямала. Да прыкладу, Парк высокіх тэхналогій стрымлівае адток кадраў за мяжу. Таленавітыя маладыя людзі атрымліваюць добрую зарплату, часта выязджаюць у камандзіроўкі за мяжу і выпускаюць прадукты, якія становяцца вядомымі ва ўсім свеце. Беларуская анлайн-гульня World of Tanks, месенджар Viber, дадатак “Маскарад” гэта пацвярджаюць. І яны — не апошнія.

Крысціна Хілько
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter