Скоро зима: в районах Минска эвакуируют авто, которые припаркованы с нарушениями

Машыны знікаюць апоўдні

Напярэдадні верагодных снегападаў ДАІ Мінска эвакуіруе машыны, якія могуць перашкодзіць руху снегаўборачнай тэхнікі і ўвогуле стварыць аварыйную сітуацыю. Карэспандэнт «Р» далучылася да супрацоўнікаў ДАІ Маскоўскага раёна, каб даведацца, хто і чаму можа аднойчы не знайсці сваё аўто там, дзе яго пакінуў.

Эвакуацыя машын, якія прыпаркаваны з грубым парушэннем правіл дарожнага руху, будзе працягвацца ўсю зіму.

Дарожныя службы павінны чысціць вуліцы ад снегу, аднак часта гэта праблематычна з-за мноства машын, прыпаркаваных уздоўж праезнай часткі. Нерасчышчаная дарога становіцца слізкай, з-за гэтага тармазны шлях аўтамабіля павялічваецца, што нясе небяспеку. Калі ж пешаходы і вадзіцелі яшчэ і не бачаць адзін аднаго з-за машын, пастаўленых каля пераходаў, гэта можа прывесці да трагедыі.

— Часам людзям сапраўды няма куды паставіць машыну, — прызнае Яўген  Дамалеўскі, старшы інспектар ДПС АДАІ Маскоўскага РАУС. — Мы гэта разумеем і стараемся папярэдзіць вадзіцеляў аб уборцы, просім адагнаць машыны. Эвакуіруем на стаянку, якая ахоўваецца, толькі тыя аўто, якія стаяць з грубым парушэннем правіл дарожнага руху. Іншыя можам проста перавезці на другую вуліцу. Аб гэтым у любым выпадку паведамляем у 102. Пры перамяшчэнні абавязкова састаўляем пратакол агляду.

Супрацоўнікі ДАІ і ААТ «Бел-спецаўтаэвакуацыя» працуюць сёння на вуліцы Караля. Тут шмат адміністрацыйных будынкаў і офісаў, нешырокая праезная частка забіта машынамі, так што снегаўборачная тэхніка сюды наўрад ці праціснецца. Прычым многія стаяць з яўным парушэннем правіл — якраз на пешаходных пераходах. Магчыма таму, што зараз вуліцу падзяліў на дзве тупіковыя часткі плот, які агароджвае будаўніцтва станцыі метро. Але дзеяння дарожных знакаў гэта не адмяняе! Як і руху пешаходаў.

— Паркавацца на вуліцы можна толькі паралельна бардзюру уздоўж праезнай часткі, калі іншае не прадугледжана знакамі, — Яўген акуратна аб’язджае пастаўленыя пад вуглом машыны, багажнікі некаторых займаюць нават другую паласу. — Бачыце, створана перашкода руху, даводзіцца выязджаць на «сустрэчку» — а гэта ўжо магчымая аварыйная сітуацыя.

На Караля працуюць тры эвакуатары.


— Інспектар ДАІ вызначае транспартны сродак, які стаіць з парушэннем ПДР, паведамляе аб гэтым вадзіцелю эвакуатара. Фатаграфуем аўто, фіксуем усе наяўныя пашкоджанні, састаўляем электронны пратакол, які потым адсылаем у службу 102, — тлумачыць працэс Вячаслаў, супрацоўнік «Белспецаўтаэвакуацыі». — Машына адпраўляецца на стаянку.

На калёсах надзейна замацоўваюць стропы крана-маніпулятара.

У «лапах» эвакуатара пагойдваецца зялёны прыгажун «Рэно». Гаспадар пакінуў яго амаль што на пешаходным пераходзе, між тым па правілах паркавацца бліжэй чым за 15 метраў да яго нельга.

На супрацьлеглым баку пераходу стаіць белае аўто. Гэта эвакуіраваць не будуць, бо падаспеў уладальнік. На яго складаюць пратакол за парушэнне правіл прыпынку або стаянкі. Калі на працягу года падобных парушэнняў не было, штраф складзе адну базавую велічыню. Затое не прыйдзецца аплачваць выдаткі на эвакуацыю і паслугі стаянкі.  

«Рэно» адпраўляецца на вуліцу Харкаўскую, 61, а інспектары замяраюць адлегласць да наступнай машыны. Хаця і так відаць, што яна не вытрымана.

Малады мужчына ў шэрым паліто падыходзіць, каб спытаць, куды звозяць машыны — ён не знайшоў свой «Опель». Заадно цікавіцца, чаму яго забралі.

— Дык ён жа на пешаходным пераходзе стаяў!

— А вы бачыце, што пераход несапраўдны? Тут людзі не ходзяць! Тут правілы павінны быць ануліраваны! — кажа аўтамабіліст, праводзячы позіркам пажылую пару, што якраз ідзе па зебры. — І ўвогуле, вы б спачатку арганізавалі месцы, дзе машыны ставіць!

Ад заўвагі, што гэта не ўваходзіць у абавязкі ДАІ, мужчына пакрыўджана адмахваецца і знікае ў напрамку Харкаўскай.

За два дні працы па падрыхтоўцы вуліц да снежнага сезона супрацоўнікі ДАІ эвакуіравалі 53 аўтамабілі, прыпаркаваныя з парушэннем правіл. Затым эстафета ў выглядзе эвакуатараў перайшла да Кастрычніцкага раёна, пасля — да Партызанскага. Такім чынам у бліжэйшы час прыбяруць вуліцы ўсіх раёнаў Мінска.  Пры неабходнасці мерапрыемства будзе паўтарацца.

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter