Новы эпізод “Машы і Мядзведзя” пад назвай Game Over літаральна за дзень набраў 7,3 мільёна праглядаў

Маша, але не наша

Новы эпізод “Машы і Мядзведзя” пад назвай Game Over літаральна за дзень набраў 7,3 мільёна праглядаў!.. Прачытала чарговую навіну пра нашумелы расійскі мультсерыял і прызадумалася. Пасля выпуску першага эпізоду мультфільма прайшло амаль пяць гадоў, а ён працягвае біць рэкорды і здзіўляць новымі лічбамі. Сёння канал “Машы і Мядзведзя” ўваходзіць у дзясятку самых папулярных у свеце, мультфільм пакарыў больш за 120 краін, а самую вядомую серыю “Маша плюс каша” толькі на афіцыйнай старонцы серыяла паглядзелі 1 мільярд 700 мільёнаў чалавек! 

На здзіўленне, першапачатковая ідэя настолькі папулярнага сёння серыяла была вельмі простая: на-дзяліць фальклорных герояў рысамі і тэмпераментам сучасных дзяцей і бацькоў. У выніку Маша ператварылася ў гіперактыўнае капрызнае дзіця, а Мядзведзь — у любячага і клапатлівага дарослага, аднак вельмі замучанага нязноснымі выхадкамі гэтага ж дзіцяці.

Але не ўсе адобрылі навінку ад студыі “Анімакорд”. Многія псіхолагі да гэтага часу б’юць трывогу, называючы “Машу і Мядзведзя” мультфільмам небяспечным і шкодным, які выхоўвае ў дзяцей эгаізм і пачуццё беспакаранасці. Іншыя парыруюць ім, настойваючы, што “Маша і Мядзведзь” прапануе прагрэсіўную педагогіку: дзіця паводзіць сябе ўседазволена, але і ўсе свае памылкі таксама выпраўляе само, што выхоўвае яго ўпэўненым і ініцыятыўным. У любым выпадку, нават калі сабраць усе негатывы “Машы і Мядзведзя”, гэты мультфільм нельга паставіць у адзін рад з такімі анімацыйнымі “паразітамі”, як “Тэлепузікі” альбо “Пакемоны”, што прамывалі дзецям мазгі ў паточным рэжыме. У год выходзіць не больш за дзесяць эпізодаў расійскага серыяла па 6 хвілін. І гэта, дарэчы, вельмі ўдалы хранаметраж для заваявання ўвагі дзяцей і праглядаў на YouTube.

Да таго ж серыял вельмі яркі, у ім простыя і запамінальныя дыялогі, якія любяць маленькія гледачы, апісваюцца добра знаёмыя і бацькам, і дзецям сітуацыі з сямейнага жыцця. Вось і ўся формула поспеху культавага мультфільма. Канечне, не лічачы цэлую армію аніматараў і аўтараў, якія працуюць над серыялам, цудоўную рэкламу і ашаламляльную кучу грошай, якія ўкладваюцца ў здымкі, — а гэта не менш за 50 тысяч долараў за кожную хвіліну мультыка. Вось якраз з апошнімі складальнікамі поспеху ў беларускай анімацыі існуюць праблемы.

На “Беларусьфільме” працуюць выдатныя спецыялісты, у нас з’яўляюцца новыя героі і свежыя праекты — як мінімум дзесяць у год. Аднак пакуль, на жаль, ні адзін з іх не дабіўся і чвэрці поспеху расійскіх “Машы і Мядзведзя”. Спецыяльна зайшла на канал YouTube, каб ацаніць вядомасць нашых мультфільмаў. Дык вось, у жыццярадаснага 6-серыйнага фільма Аляксандра Ленкіна “Рыбка па імені Нельга” пра цікаўнага і няўрымслівага карасіка максімум 2700 праглядаў за серыю. У самага папулярнага эпізода серыяла “Несцерка” Ігара Воўчака пра вядомага персанажа народных легенд і паданняў — 3200 праглядаў. І толькі ў “Прыгод рэактыўнага парасяці” таго ж Аляксандра Ленкіна больш за 30—50 тысяч праглядаў за серыю, а ў аднаго эпізода пад назвай “Як хутчэй падрасці” — нават больш за паўмільёна.

І што самае крыўднае — прычына нізкіх рэйтынгаў беларускіх мультфільмаў крыецца не ў іх дрэннай якасці. Наадварот, нашы анімацыйныя праекты вельмі арыгінальныя і ўдалыя. Інакш бы не прывозілі яны з міжнародных фестываляў каштоўныя ўзнагароды. Проста няма каму іх піярыць і “несці ў масы”. І сродкаў на гэта таксама няма. Але, як кажуць, лёд крануўся. Са з’яўленнем культуралагічнага тэлеканала “Беларусь 3” сітуацыя палепшылася. А цяпер, бачыце, і на YouTube можна знайсці нашы мультфільмы. І глядзіце! Павышайце іх рэйтынг, а заадно і свой культурны ўзровень. Бо павучыцца там і сапраўды ёсць чаму.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter