На Х Міжнародным фестывалі тэатраў лялек пакажуць спектаклі з 7 краін

Марыянеткі на выраст

Юбілейны Міжнародны фестываль тэатраў лялек сабраў калектывы з сямі краін.

Калі вы ўпэўнены, што сцэна тэатра лялек падыходзіць толькі для “Трох парсючкоў” ці “Чырвонага Капялюшыка”, але ніяк не для сур’ёзнай драматургіі, а месцы ў зале разлічаны выключна для дзіцячай аўдыторыі, прыйдзіце на спектаклі Х Міжнароднага фестывалю тэатраў лялек, які распачынаецца сёння ў Мінску. Большасць пастановак з яго праграмы адрасавана менавіта дарослай аўдыторыі.

За чатыры дні абяцаюць паказаць 14 спектакляў. Здзіўляць на юбілейным форуме будуць калектывы з Расіі, Ізраіля, Францыі, Балгарыі, Іспаніі, Ірана. Апошнія тры краіны — дэбютанты фестывалю. Актыўны ўдзел у свяце прымаюць айчынныя артысты — калектывы прадстаўлены з кожнай вобласці краіны.

— Беларускія тэатры лялек каціруюцца не толькі ў нас, але і за мяжой. Мы можам ганарыцца сваімі рэжысёрамі. Гэта і Алег Жугжда, і Ігар Казакоў, і Юрый Дзівакоў, і Яўген Карняг, і Аляксандр Янушкевіч. Многія краіны могуць пазайздросціць такому багаццю майстроў, — упэўнены галоўны рэжысёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек і мастацкі кіраўнік фестывалю Аляксей Ляляўскі.

На фестывалі гледачы ўбачаць нешта большае, чым традыцыйныя лялечныя спектаклі. Сёлетнія пастаноўкі — гэта адважнае спалучэнне харэаграфіі, пантамімы і класічных форм тэатра.

— Некаторыя спектаклі, на першы погляд, маюць да тэатра лялек апасродкаваныя адносіны. Для нашага гледача, магчыма, будуць пэўныя адкрыцці. Але за мяжой такія формы работы, такія тэатры існуюць даўно, — тлумачыць дырэктар фестывалю і Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Яўген Клімакоў.

Радуе, што ёсць на фестывалі месца не толькі замежнаму, але і класічнаму беларускаму матэрыялу. Так, сёння ўвечары Брэсцкі тэатр лялек пакажа пастаноўку па “Новай зямлі” Якуба Коласа, а ў панядзелак 21 мая Магілёўскі абласны тэатр лялек здзівіць спектаклем “Сіняя-сіняя” па аднайменным апавяданні Уладзіміра Караткевіча. Дзіцячых спектакляў у праграме няшмат, але абыякавымі дзяцей яны дакладна не пакінуць. Віцебскі тэатр раскажа лірычна-пяшчотную гісторыю пра Умку. А ізраільскі The Train Theater паведаміць пра неверагодныя прыгоды маленькага краўца.

На фестывалі будуць не толькі дэманстравацца спектаклі. Ёсць тут месца і музыцы, і сяброўскаму абмеркаванню спектакляў, і майстар-класам. Да прыкладу, сёння гасцей і ўдзельнікаў чакае незабыўны вечар лялечнага рок-н-рола.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter