Марыя МІЦКЕВІЧ: «Мае дзядулі – Янка Маўр і Якуб Колас»

Да 130-годдзя стваральніка аповесцей «Палескія рабінзоны», «Чалавек ідзе», «У краіне райскай птушкі», «Сын вады», рамана «Амок» і іншых вядомых твораў

 

(Заканчэнне. Пачатак у нумарах за 10 і 13 мая.)

— З кім сябраваў пісьменнік, акрамя Якуба Коласа?

— З пісьменнікамі, якія жылі побач. А стасункі з Якубам Коласам былі такія: калі яны пазнаёміліся, то, безумоўна, перапісваліся. У нашым музеі захоўваецца частка тых лістоў. Самае цікавае, што падчас вайны сям’я Коласа апынулася ў Ташкенце, а сям’я Маўра — у Алматы. І мае бацька Міхась з маці Наталляй яшчэ не пазнаёміліся.

Дык вось, напярэдадні вайны Маўр якраз напісаў новую п’есу і павінен быў на наступны дзень атрымаць грошы. Але пачалася вайна. І сям’я пісьменніка амаль што без грошай выехала ў эвакуацыю. Тады Маўр напісаў пісьмо Якубу Коласу, што, маўляў, дачку Наталлю не прымаюць у школу, трэба заплаціць нейкія грошы за іспыты. І Колас прыслаў грошы, яшчэ не ведаючы, што ён дапамагае сваёй будучай нявестцы (смяецца).

— А дзе любіў адпачываць Янка Маўр?

— У Гарадзішчы, пра якое распавядала вышэй. Таксама ездзіў да свайго сябра і вучня, пісьменніка і марака Аляксандра Міронава, які пабудаваў дачу ў Кактэбелі. Там Маўр прыстроіў маленькую верандачку, і нас браў на мора. Было вельмі цікава. Недалёка знаходзіўся санаторый для пісьменнікаў. Там яны вечарамі сустракаліся, гутарылі. Асяроддзе было даволі цікавае.

— Ці прыходзілі людзі з праблемамі да Янкі Маўра?

— Так. Прыходзілі. Янка Маўр у нейкіх старажытных кнігах вычытаў народны рэцэпт, як перамагчы эпілепсію. Пытаўся сунуцца з той інфармацыяй ў Міністэрства аховы здароўя, але там з яго проста сталі смяяцца. Але людзі аднекуль даведаліся пра той рэцэпт і прыходзілі да дзеда. І сапраўды, Янка Маўр дапамагаў у барацьбе з гэтай хваробай.

— Які след пакінула вайна ў лёсе Маўра?

— Было, як і ўсім, складана. Сям’я выйшла з Мінска пешшу, калі яго пачалі бамбіць. І ў тым адзенні, што на іх было апранута. Спачатку ішлі пехатой, потым ехалі нейкімі цягнікамі. Маці ўспамінала, што іх бамбілі. Вакол гінулі людзі…

А ў Алматы Янка Маўр вельмі многа хварэў. І са зрокам было цяжка, і вадзянка была. Але неяк выкарабкаўся. Як лічыць мая маці, у Янкі Маўра быў нейкі анёл-ахоўнік. Бо калі ён быў вельмі малы, здарылася вось што. У іх вёску прыбег шалёны сабака. Ён пакусаў адну дзяўчынку і майго дзеда. Дзяўчынка памерла, і ўсе думалі, што і Маўр памрэ. І да яго ніхто з вяскоўцаў блізка не падыходзіў. Але дзед выжыў. Чаму? Яго маці ў той нешчаслівы дзень мыла бялізну ў карыце. І Маўр ў тую ваду апусціў свае пакусаныя рукі, і хвароба была нейтралізавана шчолакам. Таму ён і застаўся жывы, хоць і хварэў. Потым яго падкасіла воспа, але ўсё абышлося…

— Марыя Міхайлаўна, як вы лічыце, у чым сакрэт таго, што чытачы захапляліся творамі Маўра?

— Мне здаецца, што дзед добра разумеў псіхалогію дзіцяці. Ведаў, што яму цікава ў той ці іншы момант. І яго аповесць «ТВТ» выйшла на некалькі гадоў раней, чым «Цімур і яго каманда». Але па духу вельмі падобная.

Маўр размаўляў з дзецьмі, як з дарослымі. Меў да іх падыход.

— Дзеці дасылалі лісты Янку Маўру?

— Так. Ён вёў перапіску з рознымі дзецьмі. Прыходзілі вельмі цікавыя лісты.

— Можа, аб нечым марыў Янка Маўр? Дзесьці пабываць?

— Калі ён быў маленькі і потым, калі вучыўся, марыў пабываць у іншых краінах. Казаў, што будзе адкладваць грошы, каб зрабіць лодку і на ёй аб’ехаць вакол свету. Ён хацеў вандраваць па іншых краінах. Але гэтага не адбылося. Затое ён вандраваў віртуальна.

— Ці было ў яго нейкае хобі?

— Гэта кнігі. Ён іх збіраў, многа чытаў.

— Дзе Янка Маўр пісаў свае творы?

— У Мінску. І калі мама была маленькая, сям’ёй выязджалі ў Пухавіцкі раён. Там з фанеры пабудавалі невялічкі будыначак, дзе ён любіў пісаць.

Янка Маўр лічыў, што найлепшы адпачынак для сям’і — гэта паездка. І калі яго дзеці былі маленькія, то ездзілі ў Адэсу і ў іншыя месцы Украіны…

Вядома, бабуля больш займалася бытам, а дзед больш працаваў над творамі. У хаце ўсё рабілася для таго, каб Янку Маўру было добра пісаць. Таму дзецям наказвалі, каб стаяла цішыня. Дзед быў «савой» і любіў працаваць увечары.

— А якія творы Янкі Маўра самыя любімыя для вас?

— Я люблю яго маленькія апавяданні, напрыклад, «Слёзы Тубі», «Незвычайныя прынады». Бо ў дзяцінстве, вядома, мне за вялікую кніжку было цяжка брацца. І гэтыя маленькія, лаканічныя творы, мабыць, і засталіся для мяне любімымі.

Лічу, што найлепшая кніга для тых, хто хоча больш даведацца пра самога Маўра і яго жыццё, гэта твор дзеда «Шлях з цемры»…

Мяне заўсёды цікавіла, чаму Янка Маўр многа пісаў пра іншыя краіны, а не пра Беларусь? Але апошні яго рукапіс якраз быў пра Беларусь, пра Лівонскую вайну. І ён меў вялікія планы напісаць пра Грунвальдскую бітву, пра якую тады яшчэ ніхто не казаў і не ведаў. Ды пра крыжацкія войны на Беларусі, пра Тэўтонскі ордэн. І тое, што ён хацеў гэта зрабіць, мала хто ведае…

— Ці былі рысы характару, якія перадаліся нашчадкам ад Янкі Маўра?

— У мяне — зацікаўленасць іншымі краінамі. Я любіла розныя конкурсы, выйграла ў свой час тэлевізійны — «Што вы ведаеце пра Польшчу?» Атрымала прыз…

— Якую спадчыну ён вам пакінуў?

— Свае творы. Гэта найлепшая спадчына.

— Ці былі ў Янкі Маўра шкодныя звычкі?

— Не. Ён любіў добры каньяк, але трошкі піў, не злоўжываў. Дабаўляў яго ў каву.

— Ці ёсць у каго-небудзь з нашадкаў Янкі Маўра літаратурны талент?

— Не перадаўся яшчэ. Будзем чакаць наступных пакаленняў!

— Не магу не спытацца пра Якуба Коласа, які таксама ваш дзед. Якія ўспаміны засталіся аб ім?

— Захаваліся фотаздымкі, дзе я разам з ім. Але мала памятаю яго. Хоць жылі мы з ім у адным доме.

Між іншым, Якуб Колас адышоў на той свет якраз у мой дзень нараджэння. Мне тады споўнілася пяць гадоў. З раніцы, гэта было 13 жніўня, дзед мяне павіншаваў, а потым яго ў той жа дзень і не стала. А сям’я хацела ў той вечар зрабіць мне свята, але яго, вядома, не атрымалася…

А мая бабуля, жонка Янкі Маўра, памерла якраз у дзень нараджэння майго брата Кастуся. Можа, у гэтым ёсць таксама нешта містычнае…

— Марыя Міхайлаўна, як будзеце святкаваць 130-годдзе Янкі Маўра?

— Будзе свята на ноч музеяў ў Дзяржаўным літаратурным музеі Якуба Коласа, адкрыецца выстава, прысвечаная Янку Маўру. Потым пройдзе свята і ў бібліятэцы імя Янкі Маўра, і ў Нацыянальнай бібліятэцы.

А як будзем святкаваць у сям’і? У нас заўсёды хата адчынена для гасцей. Мы ім заўсёды рады.

— І апошняе пытанне. Як адчуваць сябе ўнучкай двух знакамітых пісьменнікаў — Янкі Маўра і Якуба Коласа?

— Гэта і нейкая адказнасць. Таму, паколькі я не стала пісьменніцай, то лічыла, што трэба займацца нечым такім значным, каб было не сорамна перад людзьмі. І зусім нядаўна споўнілася дваццаць гадоў пасля таго, як я адчыніла дабрачынны дзіцячы фонд «Сакавік»…

— Марыя Міхайлаўна, дзякуй за сустрэчу, за такую цікавую размову! Шчасця, здароўя! Усяго вам самага найлепшага!

Вера ГНІЛАЗУБ, «БН»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter