Марыя МІЦКЕВІЧ: «Мае дзядулі – Янка Маўр і Якуб Колас»

МАРЫЯ Міхайлаўна МІЦКЕВІЧ — унучка не толькі славутага пісьменніка Янкі Маўра, але і Якуба Коласа! Яе маці Наталля Іванаўна — дачка Янкі Маўра, а бацька Міхась Канстанцінавіч — сын Якуба Коласа. Сустрэліся мы з ёй ва ўтульным дворыку Дзяржаўнага літаратурнага музея, які названы ў гонар стваральніка «Новай зямлі», напярэдадні святкавання 130-годдзя з дня нараджэння аднаго з яе знакамітых дзядоў — Янкі Маўра. Тут, на сядзібе Коласа, растуць і сёння дрэвы, пасаджаныя самім народным паэтам Беларусі. «У дзяцінстве я любіла залазіць на гэтыя дубы. Малая хадзіла ўся ў сіняках, бо падабалася ся- дзець на дрэвах. Зараз такая прыстойная жанчына, і не скажаш, што ў дзяцінстве сядзела на вышыні вышэй дома», — смяецца Марыя Міхайлаўна.

Да 130-годдзя стваральніка аповесцяў «Палескія рабінзоны», «Чалавек ідзе», «У краіне райскай птушкі», «Сын вады», рамана «Амок» і іншых вядомых твораў

МАРЫЯ Міхайлаўна МІЦКЕВІЧ — унучка не толькі славутага пісьменніка Янкі Маўра, але і Якуба Коласа! Яе маці Наталля Іванаўна — дачка Янкі Маўра, а бацька Міхась Канстанцінавіч — сын Якуба Коласа. Сустрэліся мы з ёй ва ўтульным дворыку Дзяржаўнага літаратурнага музея, які названы ў гонар стваральніка «Новай зямлі», напярэдадні святкавання 130-годдзя з дня нараджэння аднаго з яе знакамітых дзядоў — Янкі Маўра. Тут, на сядзібе Коласа, растуць і сёння дрэвы, пасаджаныя самім народным паэтам Беларусі. «У дзяцінстве я любіла залазіць на гэтыя дубы. Малая хадзіла ўся ў сіняках, бо падабалася ся- дзець на дрэвах. Зараз такая прыстойная жанчына, і не скажаш, што ў дзяцінстве сядзела на вышыні вышэй дома», — смяецца Марыя Міхайлаўна.

— А на каго вы больш падобныя — на Янку Маўра ці Якуба Коласа?

— Калі задаюць такое пытанне, мне падабаецца прыводзіць у адказ словы народнага мастака СССР Заіра Азгура. Калі ён са мной пазнаёміўся, сказаў: «Я ляпіў тваіх і аднаго дзеда, і другога. У цябе ўсё-такі ад Маўраўскага больш».

— Марыя Міхайлаўна, вы добра памятаеце і аднаго дзеда-пісьменніка, і другога?

— Якуба Коласа помню менш, бо мне споўнілася толькі пяць гадоў, калі ён адышоў. Таму аб ім засталіся толькі дзіцячыя ўспаміны. А Янку Маўра помню досыць добра. Мне было дваццаць гадоў, калі яго не стала. Таму ўспаміны аб ім больш значныя.

— Вядома, што ў Коласа ў радаводзе 380 чалавек, а наколькі добра вы ведаеце радавод Маўра?

— Не вельмі многа ведаю пра родных Янкі Маўра, толькі тое, што мая маці ўспамінала пра бабулю, пра дзеда.

Дарэчы, прозвішча бацькі Янкі Маўра было не Фёдараў, а Ільін. Ён быў з Беларусі, але шукаў працу ў розных месцах. І вось калі яны прыехалі ў Лібаву ў Латвіі, там якраз і нарадзіўся мой дзед, будучы пісьменнік.

Бацька Янкі Маўра працаваў на прадпрыемстве простым рабочым, ён вельмі рана памёр. Маці засталася з малым Янкам на руках. І вырашыла вярнуцца ў сваю родную вёску на Беларусь, якая стаяла на мяжы Літвы, Латвіі і Беларусі.

Сам Маўр многа пераязджаў з месца на месца, калі працаваў настаўнікам. Быў і ў вёсцы Турэц Карэліцкага раёна, там нарадзіўся яго старэйшы сын Фёдар. А мая маці нарадзілася менавіта тут, у Мінску.

— А колькі дзяцей было ў вашых бацькоў — Міхася і Наталлі?

— Трое. Старэйшы — Сяргей. Потым нарадзілася я, а затым — брат Кастусь. Ён быў названы ў гонар Якуба Коласа, яго клічуць Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч. Поўны цёзка дзеду. А мяне назвалі ў гонар жонкі Якуба Коласа. Калі ж я чакала сваё першае дзіця, то неяк адчувала, што ў мяне народзіцца хлопчык. І адразу сказала, што свайго сына назаву Іванам — у гонар Янкі Маўра.

— А ў вас колькі дзяцей?

— Таксама трое. Я вельмі шчаслівая маці! Старэйшы — Іван, а потым Бог даў мне двайнятак — Васіля і Васіліну. Дарэчы, Васіліна, таксама як і я, засталася на прозвішчы Міцкевіч. А сыны ўжо на прозвішчы бацькі. У нас у сям’і такая традыцыя, што жанчыны пакідаюць прозвішча Міцкевіч.

А ў майго брата Сяргея ёсць сын Яраслаў і ўнук Ян. Брат Кастусь так і не ажаніўся, у яго няма дзяцей.

— А калі пазнаёміліся Янка Маўр і Якуб Колас?

— У 1906 годзе, на знакамітым нелегальным настаўніцкім з’ездзе ў Мікалаеўшчыне Стаўбцоўскага раёна. Гэта таксама вельмі цікава, што праз столькі год — сорак — пасля іх першай сустрэчы пазнаёміліся іх дзеці. Прычым у Маскве, у авіяцыйным інстытуце, дзе вучыліся.

— Марыя Міхайлаўна, вашы бацькі выпадкова пазнаёміліся?

— Так атрымалася, што калі мая маці Наталля гасціла ў Мінску ў бацькоў, забыла сваё студэнцкае пасведчанне. Яна патэлефанавала, і Янка Маўр сказаў, што сын Якуба Коласа хутка едзе ў Маскву, і ён перадасць праз яго дакумент. Вось тады Міхась адвёз тое пасведчанне. Ён пайшоў шукаць маю маці на яе курсе: «Дзе тут Наталля Фёдарава?» — «Гэта я». — «А на пасведчанні прыгажэйшая!» (смяецца). Вось так пачалося іх знаёмства. Яны сталі сустракацца, а потым ажаніліся.

Вера ГНІЛАЗУБ, «БН»

Фота аўтара

(Працяг будзе.)

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?
Новости
Все новости