Марыя i яе «Баявая сяброўка»

Легендарная Марыя Акцябрская была механiкам-вадзiцелем танка Т-34...

Дакладна невядома, цi прачытаў Сталiн тую дзiўную тэлеграму ад маладой дзяўчыны, якая больш за ўсё жадала папасцi на фронт

Каля 16 тысяч савецкiх воiнаў i партызан пахаваны на брацкiх могiлках на тэрыторыi Крынкаўскага сельсавета Лёзненскага раёна. Варта прывесцi наступнае параўнанне: на пачатак 2009 года насельнiцтва Лёзненскага раёна ўсiх узростаў налiчвала 18,2 тысячы грамадзян. Iншымi словамi, за вызваленне гэтай зямлi толькi на тэрыторыi аднаго сельсавета склалi галовы столькi воiнаў, што амаль раўназначна колькасцi сённяшнiх тутэйшых жыхароў.

На Божай лiтургii па святах у мясцовым праваслаўным храме ў гонар Iверскай iконы Божай Мацi, калi чытаюць спiс загiнуўшых i памерлых воiнаў, цяжка назваць усiх пайменна. Але традыцыя склалася павучальная: каб нiводны з патрыётаў не быў аддадзены забыццю.

Зразумела, ёсць у гэтым журботным спiсе асаблiва яркiя асобы. Можна сказаць, зоркай першай велiчынi на небасхiле вечнай памяцi свецiцца iмя Героя Савецкага Саюза Марыi Акцябрскай. У суровыя i трагiчныя днi вызвалення крынкаўскай зямлi легендарная жанчына была механiкам-вадзiцелем танка Т-34. Ды яшчэ з асаблiвым, можна сказаць, эксклюзiўным надпiсам на вежы “Баявая сяброўка”.

I хаця пра жанчыну-героя шмат напiсана i расказана ў пасляваенны час, ёсць патрэба вярнуцца да тых лёсавызначальных падзей. Тым больш што мяне асабiста здзiвiла тое, што аб iх ужо забылi. Ва ўсякiм разе, рэдка хто з маладых людзей, нават на Лёзненшчыне, можа растлумачыць, чаму адна з вулiц райцэнтра Лёзна носiць iмя Марыi Акцябрскай.

Стаю ў роздуме побач з помнiкам-манументам. Быццам на вечнай варце застыў у райцэнтры ўзняты на бетонны п’едэстал танк. У мяне баявая машына абуджае успамiн пра гераiчную i адначасова драматычную гiсторыю жанчыны.

...Летам 1942 года Марыя атрымала пахавальную. З лаканiчным паведамленнем, што палкавы камiсар Iлья Акцябрскi загiнуў у адным з баёў з фашыстамi.

Не стала самага дарагога чалавека... Дзяўчына паставiла мэту — любым чынам трапiць на фронт, каб адпомсцiць ворагу за любiмага, за ўсiх родных, блiзкiх i нават незнаёмых. Нездарма ж яшчэ пры жыццi мужа яна называла сябе яго баявой сяброўкай. Як, дарэчы, амаль усе афiцэрскiя жонкi.

Марыя Акцябрская i да вайны дзялiла з мужам усе нязручнасцi i складанасцi армейскага жыцця. Часта пераязджалi з месца на месца, з гарнiзона ў гарнiзон. Разам з iншымi жонкамi чырвоных камандзiраў скончыла курсы медсясцёр. Яшчэ ў гуртках Асаавiяхiма набыла спецыяльнасць вадзiцеля, стала выдатным стралком, у тым лiку з кулямёта. Як быццам прадчувала, што ў хуткiм часе ўсё гэта стане патрэбным.

З такiм “багажом” i з’явiлася Марыя ў ваенкамат. Але ваенком “не спакусiўся” цэлым радам прафесiй. А можа, проста пашкадаваў адпраўляць у агнявое пекла прыгожую маладзiцу.

Марыя прыдумала iншы варыянт. Яна пра­дала ўсю маёмасць, сямейныя i ўласныя каштоўнасцi. Атрыманыя грошы, даваенныя грашовыя ўклады разам з тэлеграмай адправiла ў Маскву на iмя самога Вярхоўнага Галоўнакамандуючага. Выказала просьбу пабудаваць на гэтыя сродкi танк Т-34 i назваць яго “Баявая сяброўка”.

Дакладна невядома, цi прачытаў асабiста Сталiн тую дзiўную тэлеграму, але просьбу Марыi Акцябрскай задаволiлi. Акрыленая поспехам, маладая жанчына дабiлася, каб яе накiравалi вучыцца на механiка-вадзiцеля трыццацьчацвёркi. У ваенкамаце зразумелi: гэта не дзiвацтва, не гульня на публiку, а сэнс далейшага жыцця.

У кастрычнiку 1942 года Марыя стала курсантам вучэбнага танкавага батальёна. Далей iшла напружаная вучоба. Яна мала чым нагадвала даваенныя заняткi ў гуртках Асаавiяхiма. Тут патрабавалася нежаноцкая фiзiчная трываласць у спалучэннi з вялiкай сiлай волi, упартасцю i настойлiвасцю.

У званнi сяржанта дзяўчыну накiравалi на фронт. А незадоўга перад выпускам курсантаў танкавага батальёна рабочыя аднаго з заводаў Сiбiры знялi з канвеера новенькi Т-34, на якi Марыя сабрала 50 тысяч рублёў – на той час вельмi вялiкiя грошы. На яго бранi спецыяльнай устойлiвай фарбай вывелi надпiс “Баявая сяброўка”.

Сяржант Акцябрская трапiла ў 26-ю гвар­дзейскую танкавую брыгаду другога гвардзейскага Тапiнскага корпуса. Гаспадыня трыццацьчацвёркi радавалася, што ёй выпаў гонар ваяваць побач з праслаўленымi танкiстамi. Большасць з iх прайшлi загартоўку ў баях з ворагам на Волзе, пад Белгарадам, Ельняй, Смаленскам.

У састаў экiпажа “Баявой сяброўкi” ўвайшлi лейтэнант Пётр Чабацько – камандзiр танка, сяржант Генадзь Ясько – камандзiр гарматы, сяржант Мiхаiл Галкiн – стралок-радыст, сяржант Марыя Акцябрская – механiк-вадзiцель. Адзiная сярод мужчын экiпажа яна хутка адчула, як яе спрабуюць засцерагчы ад суровай ваеннай будзённасцi.

— Я такi ж салдат, як усе! Не жадаю нiякiх паблажак. Няўжо вам прыемна пастаянна нагадваць пра тое, што я жанчына?..

Тут я хачу зрабiць тлумачэнне: гэта эксклюзiўная i непрыдуманая iнфармацыя. I такiя падрабязнасцi мне сталi вядомыя дзякую­чы асабiстаму знаёмству ў 1974 годзе з былым камандзiрам праслаўленага танкавага экiпажа “Баявая сяброўка” Пятром Чабацько. Тады Пётр Iванавiч працаваў iнжынерам-будаўнiком у Расii. Захавалiся ў маiм блакноце некаторыя запiсы гутаркi з ветэранам.

— Мы вельмi паважалi Марыю,— успамiнаў Пётр Чабацько. — I не толькi за тое, што яна сабрала вялiкiя грошы, каб пабудаваць баявы танк. Нас уражвалi яе неверагодная сiла волi i патрыятызм, адданасць справе i памяцi загiнуўшага мужа. Можна было толькi здзiўляцца, як рашуча кiравала яна танк у самую гушчыню варожых радоў. Шкада, што не давялося скончыць вайну разам…

Марыя Акцябрская не толькi адмыслова кiравала трыццацьчацвёркай, але часам перасаджвалася за кулямёт. Вось калi спатрэбiлася даваенная школа Асаавiяхiма! Дзесяткi варожых машын, гармат, мноства жывой сiлы знiшчыў экiпаж баявой iмянной машыны. Але як нi старалiся берагчы мужчыны сваю Марыю, аднойчы яе напаткала бяда.

Невялiкая беларуская вёска Крынкi на Лёзненшчыне. Зiма 1944 года, 17 студзеня. На поўным хаду рухаўся на агнявыя пазiцыi экiпаж “Баявой сяброўкi”. Раздаўлена адна гiт­лераўская гармата, iмклiвы разварот на другую. I тут варожы снарад лёг побач i разарваў гусенiцу танка. Давялося весцi рамонт усiм экiпажам пад агнём працiўнiка. Справiлiся паспяхова. Але перш чым паспеў закрыцца люк трыццацьчацвёркi, асколак ад новага снарада смяротна паранiў Марыю.

У яе яшчэ хапiла сiл, каб адвесцi танк пад укрыцце. Цяжкапараненая гаспадыня машыны дала наказ Пятру Чабацько:

— Беражыце “Баявую сяброўку”!..

Пётр Iванавiч, расказваючы той эпiзод, расхваляваўся: апошнюю волю Марыi Акцябрскай выканаць не ўдалося.

— Вайна ёсць вайна. У наступленнi танк быў падбiты гiтлераўцамi. Экiпаж перайшоў на новую машыну. У памяць аб нашай Марыi мы зрабiлi на вежы такi ж самы надпiс. Потым i гэты танк страцiлi. Ужо на чацвёртым, але з адноўленым надпiсам “Баявая сяброўка” скончылi вайну ў пераможнай Германii. Кожны з нашага экiпажа стаў ардэнаносцам. Вось толькi Марыю не збераглi…

А як жа сама гаспадыня “Баявой сяброўкi”? У ваенным шпiталi Смаленска ўрачы змагалiся за яе жыццё. Начальнiк палiтаддзела танкавай брыгады нават паспеў уручыць мужнай жанчыне ордэн Айчыннай вайны першай ступенi. Але i такое “лякарства” не стала цуда­дзейным. Званне Героя Савецкага Саюза ёй прысвоена пасмяротна. Пахавалi Марыю Акцябрскую каля сцяны Cмаленскага крамля.

Сваёй дачкой Марыю Акцябрскую лiчаць Крымская вобласць, дзе нарадзiлася гераiня, Вiцебшчына, дзе яна вяла свой апошнi бой, i Смаленшчына, якая прыняла яе цела.

Iменем жанчыны-легенды названа адна з вулiц райцэнтра Лёзна. А вёска Крынкi “прыбрала” дзяўчынку ў каменную гiмнасцёрку з Залатой Зоркай на грудзях. Там паставiлi помнiк, якi даглядаюць мясцовыя жыхары i школьнiкi. Гучыць па Марыi Акцябрскай памiнальная малiтва ў храме Iверскай iконы Божай Мацi ў лiку ўсiх герояў, склаўшых галовы свае за свабоду i незалежнасць зямлi пад белымi крыламi.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter