Мары, якія здзяйсняюцца

Выстава “Адзін свет — адна мара” ў мінскім кінатэатры “Цэнтральны” расказвае пра тое, аб чым марылі ў дзяцінстве беларускія алімпійскія чэмпіёны
Выстава “Адзін свет — адна мара” ў мінскім кінатэатры “Цэнтральны” расказвае пра тое, аб чым марылі ў дзяцінстве беларускія алімпійскія чэмпіёны.

У атацы — Аляксандр РаманькоўНаведвальнікі ўбачылі дзіцячыя фатаграфіі алімпійскіх чэмпіёнаў (шматлікія здымкі выстаўлены ўпершыню), даведаліся, якімі былі нашы алімпійцы ў пачатку свайго шляху да спартыўных вяршыняў. А побач экспанаваліся “чэмпіёнскія” фатаграфіі, зробленыя, калі алімпійскія мары ўжо спраўдзіліся.

Вось Марына Лобач — алімпійская чэмпіёнка па мастацкай гімнастыцы, любіміца фатографаў — на здымку са стужкай падчас спаборніцтваў. А побач фатаграфія — пухленькая дзяўчынка, у якой ледзь угадваецца будучая сусветна вядомая спартсменка. “Я марыла танцаваць пад прыгожую музыку і пры гэтым жадала быць у цэнтры ўвагі. Усё і сумясцілася ў мастацкай гімнастыцы”, — прыгадвае знакамітая спартсменка.

Аляксандр Раманькоў на дзіцячай фатаграфіі сярод іншых дзяцей з рапірамі “другі злева”. На суседнім здымку — таксама з рапірай, але тая ўжо гнецца пад цяжарам медалёў.

На выставе былі прадстаўлены фатаграфіі алімпійскай чэмпіёнкі па фехтаванні Алены Бяловай, алімпійскай чэмпіёнкі па грэблі Алены Хлопцавай, алімпійскага чэмпіёна па грэблі Уладзіміра Раманоўскага, алімпійскай чэмпіёнкі па баскетболе Таццяны Белашапкі.

Экспанаваліся таксама фатаграфіі-пераможцы фотаконкурсу аб спорце і здаровым ладзе жыцця. На іх — дзеці, якія (як некалі алімпійскія чэмпіёны) цяпер робяць свае першыя крокі да Алімпу. Можа быць, гадоў праз 20-30 побач з іх дзіцячымі фатаграфіямі таксама з’явяцца “чэмпіёнскія” здымкі. А можа, дзеці не стануць чэмпіёнамі Алімпійскіх гульняў, але будуць добрымі ўрачамі, педагогамі, юрыстамі... Важна, каб адносіны да жыцця і мэты былі ў іх чэмпіёнскімі, лічаць арганізатары экспазіцыі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter