«Мартын, прыязджай у Беларусь!»

У Смілавічах, дзе знаходзіцца палацава-паркавы комплекс...

У Смілавічах, дзе знаходзіцца старадаўні палацава-паркавы комплекс Манюшкаў—Ваньковічаў, шмат стагоддзяў у міры і згодзе жывуць людзі розных нацыянальнасцей: беларусы, палякі, татары, яўрэі, украінцы, рускія, прадстаўнікі прыбалтыйскіх, каўказскіх і сярэднеазіяцкіх народаў. Ёсць нават немцы. Адзін з прадстаўнікоў нямецкай дыяспары мястэчка — Алік Кухаронак, які цяпер працуе ў аэрапорце Мінск-2.

Алік распавядаў, як школьнікам любіў лазіць на вежу старадаўняга палаца. Там некалі знаходзіліся куранты, аб якіх нагадаў у оперы «Страшны двор» Станіслаў Манюшка. Адсюль Алік любаваўся алеямі старадаўняга парка, акуратна падстрыжанымі кустамі і дрэвамі… Рукатворны ландшафт прасціраўся ад тэхнікума, што месціў-ся ў палацы Ваньковічаў, да нашай школы-«дзеравянкі», пад якую прыстасавалі былую салдацкую казарму. Мала хто ведае, што ў Смілавічах яшчэ з часоў Вялікага княства Літоўскага стаяў ваенны гарнізон з салдацкімі казармамі, а ў часы вайны з Масковіяй 1654—1667 гг. тут канцэнтраваліся войскі вялікага гетмана літоўскага Льва Сапегі.

Я падумаў, што не выпадкова менавіта Алік Кухаронак звярнуў увагу на акуратны ландшафт навокал нашага тэхнікума і школы. Бо акуратнасць жыве ў генах гэтага нямецкага беларуса. Аляксандр паходзіць з паволжскіх немцаў, што пасяліліся на тэрыторыі Расійскай імперыі яшчэ ў часы Пятра Вялікага.

Алік ведае гісторыю свайго роду. На беларускую зямлю прыехаў яго дзед Мартын і бабуля Варвара Махт, ратуючыся ад голаду, які ў 30-я гады мінулага стагоддзя пачаўся ў Паволжы.

Сябра дзеда нейкім чынам аказаўся ў Дукоры і напісаў пісьмо прыкладна такога зместу: «Мартын, прыяз-джай у Беларусь. Тут ёсць бульба, капуста, буракі, яблыкі, грыбы, ягады… З голаду не памром».

У 1931 годзе дзед Мартын і бабуля Варвара Махт прыехалі ў Дукору, а з Дукоры перабраліся ў Смілавічы. У саўгасе «Серп i молат», які пазней стаў «учхозом» Смілавіцкага тэхнікума, засталася ўся сям’я. Маці Аліка Кліменціна працавала на кухні. Астатнія члены сям’i — у садзе. Велізарны сад, пасаджаны яшчэ ў панскія часы, даваў садавіну і гародніну штабу Беларускай ваеннай акругі. Кіраваў садам вялікі энтузіяст сваёй справы Зінкевіч, які жыў на Садовай вуліцы, адразу за прыгожай старадаўняй цаглянай агароджай саду.

Хапала яблыкаў штабу ў Мінску, хапала і іншым. Нам, школьнікам, таксама хапала. Помню, як усім класам у час пераменак мы лазілі ў сад праз плот, набіралі за пазуху тых духмяных пладоў і ўцякалі, каб не злавіў вартаўнік.

У мінулым годзе Аляксандр Кухаронак ездзіў да сваякоў у Германію. Яны жывуць цяпер у гарадку Эрлангер, прыгарадзе Нюрнберга.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter