Марцін, кінь цыгарэту!

У Мінску ўжо тры гады жыве акула, якую выгадавалі тут з яйка

На гэтым тыдні жывёлы былі як ніколі актыўныя. Спачатку «зоркамі» Інтэрнэту сталі воўк і ліса, якія выбраліся у Мінск пагуляць, а потым сабака з вёскі Запруддзе Глыбоцкага раёна, які праспяваў на ўсю краіну пад акампанемент мабільнага. Але ж гэта не ўсе цуды, на якія здольныя браты нашы меншыя. Вось мы і вырашылі спытаць у чытачоў: «А чым вас здзіўлялі жывёлы?»

Аляксандр ЦІХАНОВІЧ, спявак, прадзюсер, рэжысёр, акцёр, шоўмен:

— Джэсі, якую я падабраў на вуліцы маленькім шчанюком, пражыла з намі 14 гадоў. Яна была вельмі разумная. Я навучыў яе казаць: «Мама». А часам нават прасіў праспяваць, і яна тягнула «Ма-ма». А яшчэ Джэсі не любіла, калі ў доме сварацца. Яна адразу ж падыходзіла да мяне ці да Ядзi і біла лапай па руцэ: маўляў, цішэй. У машыне яна заўсёды сядзела са мной за рулём і калі бачыла, што нехта нас падразае або перабягае вуліцу ў неналежным месцы, адразу ж пачынала брахаць.

Уладзімір ВАРАБ’ЁЎ, галоўны ўрач «Ветэрынарнай клінікі Вараб’ёва»:

— Неяк нам прынеслі 18-гадовага сабаку, якому тэрмінова патрэбна была аперацыя. Але «рэзаць» жывёлу ў такім узросце небяспечна: можа не вытрымаць. Калегі былі супраць, я ж не мог глядзець, як пацыент мучыцца. Паслухаў сэрца — рытм добры, і вырашыў аперыраваць. Усё прайшло ўдала. Гаспадар забраў яго дадому, але праз 10 дзён, калі трэба было здымаць швы, яны не вярнуліся. Мужчына прывёз сабаку праз месяц: ён быў у рэйсе. Мы радаваліся: з пацыентам ўсё добра. Але яшчэ больш радасці было праз два гады, калі гаспадар зноў прывёз да нас свайго сябра, якога ўкусіў клешч. Зараз жывёлiнка адчувае сябе добра.

Ірына ПІКУН, радыётэлефаніст Бабруйскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях:

— Гадоў 10 таму нам патэлефанавала жанчына і папрасіла: «Дапамажыце каню!» Аказалася, яны з мужам аднекуль ехалі на машыне і ўбачылі на дарозе мужчыну, побач з якім ляжала і ледзь дыхала жывёла. Мы хутка адправілі да іх выратавальнікаў. Праз некалькі хвілін, пакуль нашы хлопцы яшчэ ехалі, нас набраў муж жанчыны, што тэлефанавала. «Калі ласка, хутчэй, — прасіў ён. — Жонка плача каля каня, накрыла яго сваёй курткай». Жывёлу мы выратавалі. Пазней гэтыя людзі яшчэ раз ператэлефанавалі, каб сказаць дзякуй.

Аляксей АЗАРАЎ, дырэктар цэнтра акіянаграфіі «Адкрыты акіян»:

— У нас ужо тры гады жыве акула. І, наколькі я ведаю, яна адзіная ў Беларусі. Яе прывезлі да нас з Расіі яшчэ ў яйку, і некалькі месяцаў, пакуль яна не вылупіліся, жыла ў нас у інкубатары.

Міхаіл АДЗІЕЎ, ветэрынар агратурыстычнага комплексу «Гарадзенскі маёнтак «Каробчыцы»:

— Я размаўляю з чорнымі лебедзямі, якія жывуць у вадаёме ў нашым маёнтку. Люблю іх падражніць, напрыклад: «Есці сёння не будзеце». Яны абураюцца ў адказ: «Не-е». Ці пытаюся: «Есці будзеце?» Яны спяваюць: «Та-ак». А яшчэ ў нас ёсць цікавая казуля — Марцін. Тры месяцы таму ён абзавёўся шкоднай звычкай — пачаў «паліць». Любіць жывёла цыгарэтны дым. Калі на яго пусціць «воблака», адразу ж бегае задаволены. Казулі вельмі хутка прывыкаюць да нікатыну, і мы з яго шкоднай звычкай змагаемся.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter