Маршруты, якія ўзбагачаюць жыццё

Мудрагелістым узорам нанесены на карту Літвы і бліжэйшых да яе краін рознакаляровыя нітачкі… Такім незвычайным спосабам ансамбль беларускай песні “Світанак”, што існуе ў горадзе Вісагінас, адзначае маршруты сваіх канцэртных паездак.
Мудрагелістым узорам нанесены на карту Літвы і бліжэйшых да яе краін рознакаляровыя нітачкі… Такім незвычайным спосабам ансамбль беларускай песні “Світанак”, што існуе ў горадзе Вісагінас, адзначае маршруты сваіх канцэртных паездак.

Святлана КаладзінскаяЛюдзі, апантаныя ідэяй захаваць культурную спадчыну, звярнуліся ў беларускі цэнтр “Крок”, які дзейнічае ў Вісагінасе, з прапановай стварыць песенны калектыў. Ініцыятыва была падхоплена, і зусім хутка нарадзіўся “Світанак”. Пра яго першыя крокі, далейшыя поспехі і ўвогуле пра тое, як жывуць беларусы ў гэтым горадзе, распавядае ўдзельніца калектыву Святлана Каладзінская.

— Пачынаць было даволі няпроста: у нас не было ні песень, ні нот, ні касцюмаў. Затое — быў вялікі запал. Мы сталі ездзіць па гарадах Беларусі, збіраючы матэрыял для нашага рэпертуара. У гурта нават склалася традыцыя — наведваць родныя мясціны яго ўдзельнікаў. Мы пабывалі ў вёсачцы Ёды Віцебскай вобласці, дзе нарадзіўся наш баяніст Міхаіл Патоба, ў Камянцы былі, у Паставах, увогуле шмат месцаў аб’ездзілі. Беларускія калектывы шчодра дзяліліся з намі песнямі, сакрэтамі выканання. А хор імя Цітовіча нават касцюмы падараваў.
Трэба сказаць, што напачатку ансамбль быў выключна песенны. Аднак з цягам часу ўдзельнікі “Світанка” зразумелі: песня без танца — бляклая, цьмяная. Таму вырашылі “аздобіць” свае выступленні танцавальнымі нумарамі. Потым пачалі інсцэніраваць басні, ставіць інтэрмедыі. Сёння рэпертуар “Світанка” даволі багаты: яго канцэрт можа доўжыцца больш за гадзіну.


— У вас ўжо было нямала выступленняў. Дзе ансамбль сустракалі асабліва цёпла?

— Беларусаў прымаюць усюды добра. Штогод мы ўдзельнічаем у святах беларускай песні, якія ладзяцца у розных гарадах Літвы. У 2005 годзе такое свята праходзіла ў Вісагінасе. Выступалі ў Латвіі, Эстоніі, Венгрыі, у Скандынавію наведваліся. Ведаеце, два гады таму “Світанак” быў запрошаны на этнафестываль у Швецыю. Ніколі не забуду, якую цікавасць да нас тады праявілі: з якім здзіўленнем глядзелі на цымбалы, з якім захапленнем мацалі нашы касцюмы. Асаблівы фурор выклікала вопратка, расшытая пацеркамі: шведы разглядалі кожны ўзор, захапляючыся ювелірнай працай беларускіх майстрых.
Не абмінаем і родную Беларусь. У нас склаліся сяброўскія адносіны з ансамблем “Паазер’е” з Пастаў, які штогод запрашае нас на музычнае свята “Звіняць цымбалы і гармонік”. Удзельнічалі ў святкаванні Дзён беларускай пісьменнасці ў Камянцы. Адразу ўсіх паездак і не прыгадаеш. Трэба прызнацца: выступаць у Беларусі хоць і прыемна, але складана. Мясцовая публіка не раз бачыла сапраўды прафесійныя калектывы. Таму, выходзячы на сцэну, мы заўсёды хвалюемся: ці спадабаецца наш канцэрт, ці ўзрушыць ён землякоў? І, калі напрыканцы выступлення гучаць апладысменты, мы адчуваем асалоду, якая ўдвая, а то і ўтрая большая за тую, якую мы зведваем за мяжой.


— Ці часта збіраюцца беларусы ў Вісагінасе?

— Удзельнікі “Світанка” сустракаюцца два разы ў тыдзень на рэпетыцыях. Акрамя таго, бачымся на святах. Самае цудоўнае, на мой погляд, — гэта Купалле. Адзначаем яго ў лепшых традыцыях нашых продкаў: выязджаем на маляўнічыя азёры, водзім карагоды, палім вогнішчы, спяваем усю ноч. Часта да нас далучаюцца іншыя беларускія калектывы, што існуюць у Літве. Атрымліваецца насамрэч дзівоснае свята.

— Калі сустракаецеся, на якой мове размаўляеце?

— Імкнемся на беларускай. Бывае, канешне, праскочыць слова па-літоўску: усё ж не адзін дзень тут жывем. Я, напрыклад, пераехала ў Вісагінас трыццаць гадоў таму. Моладзь заахвочваем вывучаць мову бацькоў: заняткі праводзяцца ў цэнтры “Крок”, у школе ёсць факультатывы. Выкладаюць у “Кроку” і гісторыю Беларусі, рыхтуюць выпускнікоў да паступлення ў беларускія навучальныя ўстановы.

— Акрамя гастроляў са “Світанкам”, ці часта самі прыязджаеце на радзіму?

— Так, наведваюся да родных у Віцебскую вобласць. Вельмі люблю бываць у Мінску. Не магу не адзначыць, якім прыгожым стаў горад. У Вісагінасе, калі глядзім беларускія навіны, шмат чуем пра смелыя праекты будаўнікоў. Нядаўна давялося пабачыць сёе-тое на свае вочы: пабывала ў Нацыянальнай бібліятэцы і падземным гандлёвым цэнтры “Сталіца”. Вярнулася ў Вісагінас і не стамлялася расказваць, як па-сучаснаму, як мадэрнова ўсё зроблена!

Вольга Карней
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter