Корреспондент «Р» стала одним из первых пассажиров нового рейса «Белавиа» в Кишинев

Маршруты высокага палёту

Усяго паўтары гадзіны — і вы з Мінска прылятаеце ў Кішынёў. У аўторак «Белавія» выканала першы рэгулярны рэйс па гэтым маршруце. Адным з яго пасажыраў стала і карэспандэнт «Р».

Карта палётаў "Белавія" будзе пашырацца і надалей.
фота аўтара

На першы прамы рэйс з Мінска ў Кішынёў у зале чакання аэрапорта сабралася ні многа ні мала 64 пасажыры, з якіх 24 — транзітныя. Ігар Чаргінец, намеснік генеральнага дырэктара па маркетынгу і знешнеэканамічнай дзейнасці ААТ «Авіякампанія «Белавія», лічыць, такая загрузка рэйса — гэта добры вынік для пачатку:

— Мы будзем выконваць 5 рэйсаў на тыдзень, але, магчыма, у будучыні павялічым іх частату да штодзённых. Мяркуем, што рэйс Мінск — Кішынёў — Мінск стане рэнтабельным, прыбытковым для авіякампаніі. Таксама «Белавія» разлічвае на рост ліку транзітных пасажыраў з адкрыццём гэтага маршруту.

Вылет у Кішынёў давялося крыху пачакаць — яго затрымалі па прычыне непагадзі. На шчасце, ненадоўга: праз паўтары гадзіны туман над сталіцай Малдовы рассейваецца, і нас запрашаюць на борт Embraer-195, у якім прадугледжана 107 крэслаў для пасажыраў. Дарэчы, першапачаткова меркавалася, што рэйс выканае Embraer-175, разлічаны на пералёт 64 пасажыраў эканом-класа і 12 — бізнес-класа, але колькасць жадаючых вылецець у Кішынёў прымусіла замяніць самалёт на больш умяшчальны. Час у дарозе за размовамі ляціць хутчэй: распытваю суседзяў у самалёце, ці даўно чакалі адкрыцця прамога рэйса.

— Раней, каб дабрацца ў Кішынёў з Мінска, трэба было патраціць, як мінімум, 6—7 гадзін! Я ўжо не кажу пра цягнік, які ідзе 26 гадзін. Як толькі даведаўся пра тое, што «Белавія» адкрывае такі рэйс, купіў білет. Еду наведаць сваіх родных. Выдатна, што зараз ёсць такая магчымасць, — дзеліцца Аляксандр, які нарадзіўся ў Малдове, але ўжо больш за 20 гадоў жыве ў Мінску.

Усяго паўтары гадзіны — і вы ў Кішынёве.

Кішынёў сустракае цёпла: 14 градусаў вышэй за нуль і прыемны лёгкі ветрык. Журналістам выпала магчымасць пагутарыць і з прэм’ер-міністрам Малдовы. Павел Філіп разам з 92 пасажырамі накіроўваецца з урадавай дэлегацыяй на зваротным рэйсе ў Мінск, каб прыняць удзел у Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Стаць адным з першых пасажыраў новага рэйса — гэта вялікі гонар, кажа ён:

— Адносіны паміж Беларуссю і Малдовай заснаваны на дружбе, даверы і ўзаемнай павазе. Адкрыццё рэйса стане дадатковым інструментам для развіцця нашага супрацоўніцтва. Да таго ж гэта выдатны прыклад таго, як двухбаковыя адносіны паміж дзвюма дзяржавамі ператвараюцца ў канкрэтныя дзеянні.

Таксама Павел Філіп анансаваў: тысячны пасажыр, які прыляціць у Кішынёў з Мінска, будзе прыняты ўрадам Малдовы і атрымае магчымасць наведаць адно з вінаробных прадпрыемстваў краіны.

Рэйс выконвае борт Embraer-195, у якім прадугледжана 107 крэслаў для пасажыраў.

Вылеты з Мінска ў сталіцу Малдовы будуць ажыццяўляцца ў 13.00 па аўторках, чацвяргах і нядзелях, у 8.00 — па панядзелках і пятніцах. З Кішынёва самалёты будуць вылятаць у 14.05 па аўторках, чацвяргах і нядзелях і ў 9.05 — па панядзелках і пятніцах, а прыбываць у Нацыянальны аэрапорт «Мінск» у 16.30 і 11.30 адпаведна. Кошт палёту ў адзін бок — ад 83 еўра, ад 153 еўра — туды-назад.

Дарэчы, «Белавія» працягне пашыраць карту сваіх палётаў: так, 17 снежня адкрываецца новы рэгулярны рэйс па маршруце Мінск — Варонеж — Мінск.

— У наступным годзе пастараемся адкрыць рэйс у Мюнхен, а таксама, магчыма, у Талін і Мурманск, — падзяліўся планамі генеральны дырэктар авіякампаніі «Белавія» Анатоль Гусараў.

ДАРЭЧЫ

На прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да Дня работнікаў грамадзянскай авіяцыі, дырэктар Дэпартамента па авіяцыі Мінтранса Арцём Сікорскі паведаміў, што ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск» рэалізаваны ўнікальны праект па будаўніцтве другой узлётна-пасадачнай паласы. Яна ўжо не мае абмежаванняў па ўзлёце-пасадцы цяжкіх паветраных суднаў: «Перад намі стаіць задача па выкананні даручэння кіраўніка дзяржавы аб штогадовым павелічэнні пасажырапатоку на 15 і больш працэнтаў. Для рэалізацыі гэтага неабходна зніжэнне коштаў на авіябілеты, пашырэнне геаграфіі палётаў, паляпшэнне сэрвісу для спажыўцоў. У апошнія два-тры гады адбываецца пастаяннае зніжэнне коштаў на авіябілеты. Ключавы фактар — высокая канкурэнцыя». Карэспандэнт Выдавецкага дома «Беларусь сегодня» ў гэтай сувязі задаў пытанне аб магчымасці ўкаранення бюджэтных перавозак па аналогіі з лоўкостамі, калі, напрыклад, магчымы пералёт без багажу. Спецыяліст адзначыў, што для ўвядзення безбагажнага тарыфу неабходна ўнесці змены ў Паветраны кодэкс, а гэта працэдура патрабуе даволі шмат часу: «Мы прыкладаем усе намаганні, каб яе паскорыць. Разлічваем, што ў бліжэйшы час такая паслуга будзе ўкаранёна. Будзем спрабаваць за паўгода ўвесці такі тарыф».

Гендырэктар авіякампаніі «Белавія» Анатоль Гусараў паведаміў журналістам пра папаўненне авіяпарку: «У гэтым годзе мы набылі тры новыя самалёты Embraer. Кошт праекта — звыш 90 мільёнаў долараў. На наступныя два гады ў нас ёсць пэўныя планы па істотным абнаўленнi флоту авіякампаніі. У 2019 годзе ў лізінг набудзем чатыры самалёты Embraer і два самалёты новага пакалення Boeing-737 MAX 8. У 2020 годзе будзем набываць чатыры самалёты Boeing-737 MAX 8 і яшчэ адзін ад Embraer. Такім чынам мы абновім практычна палову флоту авіякампаніі».

matuzova@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter