“Маршрутка” па-беларуску

У школу, турпаездку, на работу — на мiнскiм “малышы” Да серыйнай вытворчасцi прынцыпова новага аўтобуса сярэдняй умяшчальнасцi “МАЗ-256” прыступiлi на Мiнскiм аўтамабiльным заводзе.

У школу, турпаездку, на работу — на мiнскiм “малышы”

Да серыйнай вытворчасцi прынцыпова новага аўтобуса сярэдняй умяшчальнасцi “МАЗ-256” прыступiлi на Мiнскiм аўтамабiльным заводзе.

Сёлета плануецца сабраць каля 300 такiх машын, у наступным годзе — 800, паведамiў карэспандэнту “НГ” дырэктар фiлiяла РУП “МАЗ” “АМАЗ” Рыгор Капач. На аснове базавай мадэлi будуць выпускаць аўтобусы ў мадыфiкацыi службовага, школьнага, турыстычнага, прыгараднага транспарту, маршрутнага таксi, у VIP-выкананнi. У залежнасцi ад камплектацыi колькасць пасажырскiх месцаў будзе вагацца ад 25 да 28, кошт — ад 70 да 120 мiльёнаў рублёў. Па выбары заказчыка ўстанаўлiваецца рухавiк стандартаў Еўра-2 цi Еўра-3. Попыт на такую тэхнiку, сцвярджаюць на сталiчным прадпрыемстве, ужо дэманструюць як айчынныя, так i замежныя спажыўцы. Заказы на машыну даслалi транспартныя арганiзацыi рэспублiкi, Дзяржаўны мытны камiтэт Беларусi, мiнiстэрствы абароны i ўнутраных спраў, iншыя структуры. Таксама звярталiся на мiнскi завод расiяне i ўкраiнцы. Першы прадстаўнiк малых мазаўскiх аўтобусаў выйшаў з варот завода ў чэрвенi мiнулага года. За наступныя шэсць месяцаў на асноўным канвееры фiлiяла “АМАЗ” сабралi яшчэ некалькi такiх машын. А з пачатку бягучага года зборачную вытворчасць перавялi ў былы арматурны цэх, якi быў рэканструяваны i перапрафiлiраваны для выканання новых задач. За першыя два месяцы 2005 года ў новым корпусе сабралi 8 аўтобусаў. За сакавiк плануюць выпусцiць яшчэ 15, а ў красавiку i маi — па 30. З сакавiка поўнасцю адмовяцца ад аднадзвернай мадыфiкацыi, якую збiралi да апошняга часу, i пяройдуць на двухдзверны варыянт, якi, па водгуках спажыўцоў, больш зручны. Асноўным канкурэнтам для “МАЗ-256” на рынку Беларусi сёння з’яўляецца прадукцыя Паўлаўскага аўтазавода, лiчыць дырэктар Рыгор Капач. Але айчынная машына, па яго словах, пераўзыходзiць замежную па дызайне — як унутраным, так i вонкавым. Яшчэ плюсы беларускага аўтобуса — прымяненне самых сучасных пластыкавых матэрыялаў i шырокi выбар, лёгкая даступнасць запчастак. Па цане тэхнiка iдзе прыкладна на роўных — у сярэднiм каля 45 тысяч долараў, праўда, самы танны мiнскi варыянт можа абысцiся яшчэ менш — 35 тысяч. Каля паловы сваiх аўтобусаў, як сярэднiх, так i звычайных, МАЗ плануе прадаваць у замежжа, найперш у краiны СНД. Ёсць шмат заказаў з Украiны, нягледзячы нават на тое, што там даволi развiта аналагiчная вытворчасць. Штогадовая ёмiстасць рынку Расii ацэньваецца ў 120—150 тысяч аўтобусаў. МАЗ пастаўляе ў гэту краiну пакуль што толькi каля 300 адзiнак. “Гэта кропля ў моры. Трэба прадаваць больш”, — выказаў перакананне У.Кароль, першы намеснiк дырэктара па збыту i маркетынгу ВА “БелаўтаМАЗ”. Акрамя прамых паставак тэхнiкi, МАЗ таксама практыкуе арганiзацыю ў замежжы лiнiй па дазборцы беларускiх аўтобусаў, калi да 25 працэнтаў работы выконваецца непасрэдна на месцы. Такiя вытворчасцi ўжо дзейнiчаюць у Данецку, Самары, Яраслаўлi. У блiжэйшы час гэты спiс могуць папоўнiць Крывы Рог i адзiн з гарадоў Алтайскага краю Расii. Iдуць таксама перамовы аб адкрыццi сумеснай вытворчасцi на тэрыторыi Германii. У бягучым годзе МАЗ, як плануецца, выпусцiць 300 аўтобусаў сярэдняга класа i 800 — iншых катэгорый. У далейшым штогадовы аб’ём вытворчасцi вырасце адпаведна да 800 i 1200 машын.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter