Маршрутамі вялікіх падзей

У Мінскай вобласці завяршаецца месячнік у гонар Дня Перамогі

На Міншчыне завяршаецца месячнік у гонар Дня Перамогі.

Гэта маштабная акцыя абаронна-патрыятычнай і спартыўнай работы ініцыіравана арганізацыйнай структурай Мінска і Мінскай вобласці ДТСААФ сумесна з Маладзечанскім райвыканкамам.

У дасягненні агульнай перамогі над ворагам немалы ўклад і выхаванцаў абароннага таварыства, якія змагаліся на палі бітвы Вялікай Айчыннай вайны. І сёння ДТСААФ дынамічна развіваецца, актыўна займаецца падрыхтоўкай насельніцтва да абароны і патрыятычным выхаваннем грамадзян.

Адметна, што адкрыццё акцыі было прымеркавана да Міжнароднага дня вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў і адбылося ў Маладзечне ля мемарыяльнага комплексу. У гэтым горадзе фашысцкія захопнікі зрабілі адзін з буйнейшых у Беларусі канцэнтрацыйных лагераў — Шталаг-342, дзе з 1941-га па 1944 год знішчылі больш за 33 тысячы ваеннапалонных і мірных жыхароў.

У час месячніка ў раёнах сталічнай вобласці праходзілі Дні ДТСААФ, аўта- і мота-прабегі па месцах баявой славы беларускага народа, тэматычныя вечары і ўрокі мужнасці, сустрэчы і ўшанаванні ветэранаў вайны і Узброеных Сіл, воінаў-інтэрнацыяналістаў, шматлікія спартыўныя спаборніцтвы.

Таксама ў гонар Дня Перамогі па гарадах-героях і гарадах воінскай славы прайшоў Міжнародны аўтапрабег, прысвечаны 70-годдзю разгрому нямецка-фашысцкіх войскаў у Сталінградскай бітве і 100-годдзю з дня нараджэння першага тройчы Героя Савецкага Саюза маршала авіяцыі А.І. Пакрышкіна. Гэты аўтапрабег ладзіўся ўжо ў чацвёрты раз па ініцыятыве Міжнароднага саюза грамадскіх аб’яднанняў «Саюз добраахвотных таварыстваў садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту Садружнасці Незалежных Дзяржаў». Яго галоўныя мэты — увекавечанне памяці пра Вялікую Перамогу, патрыятычнае выхаванне, адраджэнне і развіццё ваенна-спартыўных традыцый, папулярызацыя тэхнічных і ваенна-прыкладных відаў спорту.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter