Марш уздоўж фронту

Калiнкавiцкi раён адзначыў гадавiну вызвалення ад фашыстаў

Адбылiся ўрачыстыя мерапрыемствы з нагоды чарговай гадавiны вызвалення Калiнкавiцкага раёна ад фашыстаў

“…162-я стралковая дывiзiя палкоўнiка Чарняка (Чарняк Сцяпан Iванавiч, камандуючы 162-й Сярэдне-Азiяцкай Ноўгарад-Северскай дывiзiяй, Герой Савецкага Саюза. – М.Ж.) з наступленнем цемры дэманстратыўна ўзмацнiла атакi на ранейшым напрамку. Тым часам галоўныя сiлы армii, у тым лiку большасць артылерыйскiх сродкаў, здзейснiлi марш уздоўж фронту ў раён Маканавiчаў. Да свiтання тры стралковыя дывiзii i некалькi артылерыйскiх палкоў занялi зыходныя пазiцыi для нанясення галоўнага ўдару… Атака пачалася сiламi перадавых батальёнаў, што наступалi пры падтрымцы артылерыi. Гэта была, па сутнасцi, разведка боем, але яна аказалася настолькi паспяховай, што неўзабаве без страт мы захапiлi першую траншэю i завязалi бой у глыбiнi варожай абароны. Развiваючы гэты поспех, адначасна нанеслi ўдар сiламi ўсiх дывiзiй першага эшалона. Праз тры гадзiны паласа варожай абароны была перарвана. Войскi выйшлi на ўскраiну Калiнкавiчаў i завязалi баi на вулiцах горада. Неўзабаве Калiнкавiчы былi вызвалены, а 61-я армiя заняла Мазыр. Працiўнiк страцiў моцны апорны пункт ракады Жлобiн—Калiнкавiчы. Тым самым быў пахаваны план злучэння жлобiнскай i калiнкавiцкай нямецкiх груповак…”. Гэта вытрымка з успамiнаў камандуючага 65-й армiяй Беларускага фронту генерал-лейтэнанта Паўла Iванавiча Батава. Сярод тысяч iмён вызвалiцеляў калiнкавiцкай зямлi ад фашысцкай навалы ў студзенi 1944 года яму, двойчы Герою Савецкага Саюза, ганароваму грамадзянiну Калiнкавiчаў, належыць асаблiвае месца. Жыццё чалавека, нават такога славутага, прызнанага народам, на жаль, не вечнае. Ужо чвэрць стагоддзя як спынiлася сэрца легендарнага камандарма Батава. Але i сёння ён нябачна прысутнiчае побач – на мармурнай дошцы мемарыяла герояў у райцэнтры, дзе гэтымi днямi адбылiся мерапрыемствы з нагоды чарговай гадавiны вызвалення Калiнкавiцкага раёна ад фашыстаў. У назве вулiцы ў Калiнкавiчах. Ва ўспамiнах тых, каму давялося вяршыць пад яго прадбачлiвым камандаваннем ратныя справы. Ва ўдзячнай памяцi нашчадкаў воiнаў-вызвалiцеляў, што прынялi гераiчную эстафету ад сваiх бацькоў i дзядоў.

Захаваць жывы ланцужок часу, пабываць на месцах знакавых падзей гераiчнага баявога шляху 65-й армii – менавiта гэтымi мэтамi кiравалася i дачка былога камандуючага Наталля Батава, якая падчас урачыстых мерапрыемстваў наведала палескi горад. Менавiта тут i побач – сведкi ратнага шляху байцоў i камандзiраў 65-й армii. Азарычы, Даманавiчы, Лоеў, Рэчыца, Светлагорск...

Аўтамабiлi з дыпламатычнымi нумарамi апошнiм часам у палескiм райцэнтры не рэдкасць: замежныя госцi перыядычна наведваюць Калiнкавiчы з дзелавымi мэтамi. Але гэты вiзiт супрацоўнiцы расiйскага пасольства (жанчына працуе савет­нiкам Пасольства Расiй­скай Федэрацыi па пытаннях культуры ва Укра­iне) не насiў афiцыйнага характару.

— Павел Iванавiч неаднойчы распавядаў, што Калiнкавiцка-Мазырская вызваленчая аперацыя была адной з найбольш складаных з тых, у якiх 65-й армii давялося ўдзельнiчаць, — распавядала Наталля Батава падчас сустрэч з кiраўнiкамi ўлад раёна, калiнкавiцкiмi ветэранамi, вучнямi СШ № 6 i гiмназii, сацыяльнымi работнiкамi. – Пры жыццi бацька вельмi жадаў, каб мы, яго дзецi, калi-небудзь пабывалi тут. I вось жаданне яго ажыццявiлася. Прыехаць сюды было не надта складана: Кiеў ад Калiнкавiчаў – рукой падаць...

Дарэчы, у райцэнтр шаноўная госця прыбыла не адна, а з удзельнiкам вызвалення Беларусi, ветэранам органаў унутраных спраў, старшынёй асацыяцыi сыноў палка Украiны Пятром Фiлоненкам. Пётр Аляксеевiч – адзiн з прадстаўнiкоў пакалення дзяцей вайны, чалавек з няпростым, але яркiм лёсам. На трэцi дзень вайны ён, 11-гадовы хлопчык, насуперак забароне мацi, збег на фронт. Так здарылася, што пасля неаднаразовых спробаў трапiць у дзеючыя часцi неўзабаве ён быў прыняты ў групу разведчыкаў. Наперадзе сына палка чакалi цяжкiя баi, акружэнне, фашысцкi палон. Пасля ўдалых уцёкаў Пётр Аляксеевiч трапiў у адно з падраз­дзяленняў 26-га танкавага корпуса (пазней 1-ы гвардзейскi Данскi корпус. – М.Ж.), удзельнiчаў у Ста­лiнградскай бiтве, баях на Курскай дузе, вызваленчай аперацыi “Багратыён” на тэрыторыi нашай краiны. У баi за беларускую вёску Гарохаў быў паранены, а 24 чэрвеня 1944 года ён паўтарыў подзвiг Аляксандра Матросава, кiнуўшыся грудзьмi на амбразуру нямецкага дзота. Пашчасцiла: дзякуючы прафесiяналiзму ваенных медыкаў выжыў, хаця давялося пера­несцi 12 складаных аперацый. Вярнуўся на фронт, перамогу сустрэў у Венгрыi. Пасля вайны каля 40 год служыў у крымiнальным вышуку, змагаўся з бандэраўцамi, выйшаў у запас палкоўнiкам.

Не менш знакавы ваенны эпiзод, што стаў для ветэрана Фiлоненкi лёсавызначальным, у першую чаргу як лiтаратара. Распавядаў Пётр Аляксеевiч, што на фронце яму давялося сустрэцца з Канстанцiнам Сiманавым. “Закончыцца гэта вайна, — нiбы ў ваду глядзеў вядомы майстар слова, — i мы напiшам кнiгi. Я – пра жывых i мёртвых, ты, Пецька, — пра вайну, перажытую юным салдатам”. Сёння ў скарбонцы Пятра Фiлоненкi некалькi кнiг аб сынах палка, ён здымаўся ў фiльмах. Ёсць у таленавiтага аўтара i лiрычныя творы – аб каханнi i перамозе дабра над злом. Яны гучалi падчас сустрэч ва ўласным выкананнi Пятра Фiлоненкi.

Агульнасць духоўнага стрыжню людзей, выхаваных на iдэалах савецкага часу, падчас сустрэч у Калiнкавiчах праяўлялася не аднойчы. У гiмназii зала авацыямi суправаджала словы песнi “Москва! Звонят колокола. Москва. Златые купола…». Тут жа Наталля Паўлаўна атрымала ў падарунак нечаканы сюрпрыз: вiдэазапiс мiнулагодняй сустрэчы калiнкавiцкiх гiмназiстаў у расiйскай сталiцы з яе мацi, удавой генерала Батава. А ў музеi воiнскай славы СШ № 6 Калiнкавiчаў як да самых дарагiх рэлiквiй наведвальнiкi дакраналiся да асабiстых рэчаў генерала Паўла Iванавiча Батава. Былы камандарм, дарэчы, асабiста падарыў iх музею, калi наведваў Калiн­кавiчы.

— Мы пераканалiся, што на калiнкавiцкай зямлi трывала жыве памяць аб мiнулай вайне, тут шануюць матэрыялы аб вызвалiцелях, праяўляюць трапяткi клопат аб ветэранах, — за­значыла на развiтанне Наталля Паўлаўна. – Мы павязём з Калiнкавiчаў шмат станоўчых уражанняў. Я зраблю ўсё магчымае, каб даўняя сувязь, якая ўсталявалася ў нашай сям’i з вашым цудоўным горадам, умацоў­валася, каб мае дочкi i ўнукi не толькi ведалi аб Калiнкавiчах i цудоўных жыхарах горада, але i абавязкова асабiста наведалi гэтыя святыя мясцiны...

На здымку: падчас наведвання Наталляй Батавай i Пятром Фiлоненкам экспазiцыi музея аб гераiчным шляху 65-й армii.

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter