Марка высокай трываласці

У снежні мінулага года быў закладзены першы блок у падмурак новага прадпрыемства. Завод высокадакладнага, высокатрывалага чыгуннага ліцця ўзводзіцца на базе філіяла ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Мінскі маторны завод». Гэта буйны праект у айчынным машынабудаванні, які ўваходзіць у пералік зацверджаных урадам важнейшых інвестыцыйных праектаў, а таксама ў дзяржаўную праграму інавацыйнага развіцця Беларусі на 2011—2015 гады.

Сёлета на рэалізацыю маштабных планаў інвеставана 91,6 млрд. рублёў. Зараз, як адзначае намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Мінскі маторны завод» Аляксандр Серада, работы ідуць у гра-фіку, каб здаць аб’ект ва ўстаноўлены тэрмін. За год асвоены вялікі аб’ём будаўніча-мантажных работ, падрыхтавана тэрыторыя, зроблены фундамент каркаса ліцейнай вытворчасці, зманціраваны яго калоны, завершана абуладкаванне артэзіянскай свідравіны, падводзяцца інжынерныя сеткі, ідуць іншыя работы. Разам з тым праведзены конкурсы па выбары пастаўшчыкоў абсталявання і тэхналогій для вытворчасці адлівак. Пераможцамі ў іх сталі польскія і літоўскія кампаніі.

Гэты вытворчы аб’ект неаднаразова называўся знакавым для айчыннай прамысловасці. І па маштабах вытворчасці, і па ўнікальнасці тэхналогій, і па здольнасці забяспечыць сур’ёзную эканомію сродкаў за кошт зніжэння імпартнай залежнасці. Плануецца, што ён зэканоміць краіне вялікія грошы, імпартазамяшчэнне складзе ў межах 25 млн. долараў штогод. Першая чарга завода будзе ўведзена ў эксплуатацыю ў ліпені 2014 года. Толькі гэта ўжо дазволіць на першым этапе цалкам адмовіцца ад набыцця імпартных дэталяў для камплектацыі рухавікоў, што выпускае ММЗ. Разам з тым, як падкрэсліў Аляксандр Серада, на вытворчасці мяркуецца атрымліваць матэрыял з высокімі фізіка-механічнымі ўласцівасцямі для вырабу навейшых распрацовак вопытных узораў рухавікоў.

Тэрмін завяршэння ўсяго праекта — 2017 год, арыенціровачны кошт — 120 млн. еўра. Штогод завод плануе вырабляць 50 тысяч тон чыгунных адлівак з матэрыялаў высокатрывалых марак, усяго больш за 120 найменняў. Тут будуць выкарыстоўваць самыя перадавыя тэхналогіі вытворчасці і аўтаматызаванае абсталяванне. Дастаткова сказаць, што больш за 75 % ад каштарыса — гэта кошт абсталявання сусветнага ўзроўню.

Немалаважна і тое, што будаўніцтва новага завода станоўча адаб’ецца не толькі на далейшым развіцці філіяла і холдынга, але і на развіцці рэгіёна ў цэлым.

Марына БАРАДАЎКА, «Р»
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter