Вестка пра тое, што сёлета адзначаецца юбілей Францыска Скарыны, ідзе з паштовымі адпраўленнямі па ўсім свеце

Марка ў гонар першадрукара

Як вядома, даследчыкі схіляюц­ца да думкі: год нараджэння вялі­кага палачаніна — 1490-ы. У сувязі з гэтым сёлета Міністэрства сувязі ды інфарматызацыі Беларусі выпусціла ў абарачэнне паштовы блок “525 гадоў з дня нараджэння Францыска Скарыны”. Асновай блока, які выканаў мастак Іван Лукін, стаў партрэт беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара і тэкст з ягонай вядомай прадмовы да кнігі “Юдифъ”. 

Варта адзначыць: беларуская пошта супольна працуе цяпер у справе папулярызацыі культурнай спадчыны Беларусі з Нацыянальнай бібліятэкай. І падобны праект — ужо традыцыйны. Так, калі адзначаліся 75-, 80- і 90-годдзе Нацыянальнай бібліятэкі (апошняе — у 2012 годзе), у паштовы зварот паступалі адпаведныя маркіраваныя канверты. А 7 верасня 1997 года былі выпушчаныя 4 маркі, прысвечаныя 480-годдзю беларускага кнігадрукавання. На марках адлюстраваны Полацкі, Кракаўскі, Пражскі ды Віленскі перыяды жыцця  Францыска Скарыны.

Чарговы выпуск паштовай маркі, прысвечанай беларускаму першадрукару, ужо займае годнае месца ў філатэлістычных калекцыях. Маркі купляюць і турысты з іншых краін — як выдатны і арыгінальны сувенір з  Беларусі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter