Маральна-этычныя патрабаванні да падарункаў на вяселлі

Цэлы шэраг забаронаў і абмежаванняў датычыўся грошай, якімі адорвалі маладых. На Віцебшчыне “пасля заканчэння дарэння шаферкі лічылі грошы, колькасць якіх павінна была быць цотнай, каб маладыя да глыбокай старасці жылі ў пары, астатнія дробныя грошы раскідвалі дзецям”. На Міншчыне да адорвання грашамі ставіліся вельмі строга.

(Заканчэнне. Пачатак у №127.)

Па-першае, іх нельга было класці на стол (гэта сімвалічнае прадпісанне бытуе ў нашай свядомасці да гэтай пары), таму побач з жаніхом і нявестай ставілі вялікую талерку, яе засцілалі спецыяльна вытканым для гэтага выпадку ручніком (пазней — хусцінай), на які людзі і клалі манеты або купюры. Па-другое, падчас адорвання ні ў якім разе нельга было перадаваць грошы з рук гасцей у рукі маладым. Па-трэцяе, пасля заканчэння працэдуры адорвання ручнік або хусціну з грашамі тут жа звязвалі і садзілі на іх нявесту, а ў некаторых мясцінах — самую старэйшую жанчыну сям’і. Пры гэтым хусціну клалі на лаву так, каб вузлы аказаліся знізу. Пасля гэтых абавязковых рытуальных дзеянняў маці маладой забірала “скарб” і выходзіла з ім у кладоўку. На простае пытанне, для чаго гэта рабілася, нашы сучаснікі, як правіла, адказваюць адназначна: пералічыць. На самай жа справе маці выконвала вельмі адказную ролю. Справа ў тым, што пераважная большасць людзей прыходзілі на вяселле са шчырымі пажаданнямі і адорвалі маладых, жадаючы ім толькі дабрабыту. Аднак у гэтым рытуале магла быць закладзена міна запаволенага дзеяння. Цяжка хворыя людзі маглі “зводзіць” на грошы невылечныя, задаўненыя хваробы. Такія грошы нядобразычліўцы маглі падарыць на вяселлі маладым. Менавіта таму наша традыцыя катэгарычна забараняла перадаваць грошы непасрэдна з рук у рукі жаніху або нявесце, а руплівая маці “выклікала агонь на сябе”. Яна ішла ў падсобнае памяшканне і там пералічвала грошы, імкнучыся памацаць літаральна кожную купюру і тым самым забраць магчымыя непрыемнасці на сябе (той, хто першым дакранецца, той і забярэ на сябе чужое ліха). 
Разам з тым на вяселлі заўсёды знаходзіўся дзядзька, які акрамя сур’ёзных пажаданняў мог пажартаваць і зрабіць незвычайны падарунак. Напрыклад, ён прыгаворваў: “Дарую маладога князя і маладую княгіню падаркам: тым канём, што не дагоніш усім сялом” — і выпускаў з рук вераб’я.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter