Манументальнае жыццё Кабзара

Колькі ў свеце помнікаў Тарасу Шаўчэнку — не палічыў, пэўна, ніхто, а вось на фотавыставе ў Мінску іх роўна 120Неяк пачула добры жарт: маўляў, дзе збіраюцца тры ўкраінцы, павінен быць і адзін бюст Тараса Шаўчэнкі. Пра гэта ўспомнілася на адкрыцці выставы “Манументальная Шаўчэнкіяна” ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі: яна прысвячаецца 195-м угодкам Кабзара.
У Руслана Цяліпскага (другі справа) — свой шлях да КабзараКолькі ў свеце помнікаў Тарасу Шаўчэнку — не палічыў, пэўна, ніхто, а вось на фотавыставе ў Мінску іх роўна 120
Неяк пачула добры жарт: маўляў, дзе збіраюцца тры ўкраінцы, павінен быць і адзін бюст Тараса Шаўчэнкі. Пра гэта ўспомнілася на адкрыцці выставы “Манументальная Шаўчэнкіяна” ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі: яна прысвячаецца 195-м угодкам Кабзара. Уявіце сабе: 120 прыгожых фотаработ, на якіх помнікі, бюсты, стэлы з розных куткоў свету. І гэта, між іншым, толькі трэцяя частка калекцыі, якую з густам і любоўю стварае 28-гадовы шаўчэнказнавец з Валыні Руслан Цяліпскі.
Як расказаў на прэзентацыі сам фатограф-манументаліст, яшчэ ў юным узросце ён, захоплены творчасцю Кабзара, пачаў вывучаць і гісторыю прысвечаных яму помнікаў. Дзеля гэтага пабываў у шэрагу мясцін Украіны, іншых рэспублік Савецкага Саюза. І хоць сабраная тады фотакалекцыя помнікаў была невялікай, аднак зацікавіла нават супрацоўнікаў Кіеўскага дзяржаўнага музея імя Т.Р.Шаўчэнкі: яны і не ведалі пра некаторыя з экспанатаў. Адчуваючы грамадскую запатрабаванасць такой працы, Руслан і задумаў дзесяць гадоў таму гэты “манументальны” фотапраект.
Ён па-ранейшаму шмат ездзіць па свеце, знаходзіць і фатаграфуе прысвечаныя Кабзару знакі людской увагі: помнікі, ба-рэльефы, мемарыяльныя дошкі… Дарэчы, у Беларусі ўстаноўлена сем помнікаў Шаўчэнку, з іх два — у Мінску. На фотаздымках жа мы бачым вялікага сына Украіны не толькі ў агульнавядомым абліччы, але і… немаўлём на руках маці-мадонны, і хлопчыкам. Ёсць і вобразы-абагульненні, накшалт “Тарас-рэвалюцыянер” ці “Шаўчэнка-прарок”. І як своеасаблівы знак “неспакойнага часу” — помнік Кабзару, напаўразбураны ў перыяд перабудовы.
Зрэшты, “Тарасова доля” ў кожную эпоху мела свае асаблівасці. Была пара, калі стварэнне помнікаў Шаўчэнку нагадвала… гонку ўзбраенняў. Вось, для прыкладу, гісторыя з’яўлення помніка Тарасу Шаўчэнку ў Маскве. Гэта быў “адказ” Савецкага Саюза Злучаным Штатам Амерыкі. Даведаўшыся, што заакіянская ўкраінская дыспара сабрала ахвяраванні, каб устанавіць манумент Шаўчэнку ў Вашынгтоне, адказныя асобы ў Маскве захваляваліся. Як гэта: у амерыканскай сталіцы Кабзар будзе, а ў савецкай яго няма? Па камандзе самога Мікіты Хрушчова, тагачаснага першага сакратара ЦК КПСС, ён таксама з Украіны, быў абвешчаны ўсесаюзны конкурс скульптараў. У выніку ў 1964 годзе ў Маскве адкрыты помнік Тарасу Шаўчэнку. Знаўцы сцвярджаюць: на 8 дзён раней, чым у Вашынгтоне…
А колькі ўсяго ў свеце помнікаў Кабзару? Руслан Цяліпскі таго не ведае: “Можа, тысяча, а, можа, і болей. Думаю, яны ёсць усюды, дзе жывуць украінцы. Таму што для нашага народа Шаўчэнка — не проста паэт, мастак, грамадскі дзеяч. Гэта сімвал Украіны, яе гонар і сумленне”.
— Сённяшняя выстава — адкрыццё не толькі для вас, але і для мяне. Тарас Шаўчэнка пражыў нядоўгае жыццё, але стварыў вельмі магутнае энергетычнае поле, сіла якога адчуваецца і па гэты час. Прысутнасць Шаўчэнкі ў свеце — гэта ж прысутнасць Украіны, украінскага духа, — менавіта так выказаўся на адкрыцці выставы ў Мінску Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Украіны ў Беларусі Ігар Ліхавы.
Сама ж выстава ў нашай краіне працягнецца да лютага: яе пабачаць і ў іншых гарадах Беларусі.

Іда Ганчаровіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter