«Я ведаю, у якой ты бялізне і колькі тумбачак у тваёй спальні»: што такое сталкінг і як не стаць яго ахвярай

Манія праследавацеля

Многія думаюць, што сталкеры — па-іншаму праследавацелі — выбіраюць сабе ў якасці ахвяр толькі знакамітасцей. Аднак праўда ў тым, што аб’ектам нейчага навязлівага захаплення могуць стаць не толькі актрысы, спявачкі і мадэлі, але і звычайныя людзі. Аказаўшыся ахвярай праследавання ў рэальным жыцці — а гэта могуць быць высочванне, непажаданыя візіты і званкі, а таксама надакучлівыя спробы «пагаварыць» і пагрозы, — чалавек адчувае сябе безабаронным. Карэспандэнт «Рэспублікі» даведалася, як пры неабходнасці засцерагчы сябе ад сталкераў і на чыім баку закон.

Cталкінг — з’ява не такая ўжо рэдкая.
фота fb.ru

Ён падышоў з-за вугла

Ганна была ахвярай сталкера на працягу года. У рэшце рэшт яна з’ехала жыць у іншы горад, і праследавацель страціў магчымасць за ёй сачыць.

— У 22 гады я пазнаёмілася ў сацсетках з Андрэем. Мы міла размаўлялі, ён ніколі не грубіяніў, але чамусьці ўжо праз пару дзён пасля знаёмства настойваў на сустрэчы. Я ўсяляк адмаўлялася, спасылаючыся на занятасць. Відавочна, гэта яму не падабалася, таму што пасля кожнай маёй адмовы ён пісаў дзіўнае: «не хвалюйся, я не маньяк» — і ставіў падморгваючы смайлік. Увогуле, так працягвалася каля трох тыдняў. І вось у адзін цудоўны дзень я выйшла з пад’езда свайго дома і ўбачыла яго. «Нарэшце я цябе знайшоў, магла б фатаграфавацца з больш удалага ракурсу», — была яго першая фраза. Аказалася, ён прагледзеў усе мае фота і шукаў дамы, падобныя на тыя, што траплялі ў кадр. У мяне быў здымак на дзіцячай пляцоўцы — падобных у горадзе дзясяткі. Андрэй абышоў усе, каб знайсці тую самую лакацыю з фота. Я спалохалася і адкрыта сказала, што ён мне не падабаецца, папрасіла спыніць зносіны. Але замест гэтага пачаўся кашмар: ён хадзіў па пятах, чакаў каля працы, у пад’ездзе, побач з кватэрамі сябровак. Прычым не заўсёды рабіў гэта адкрыта — я выпадкова заўважала, як ён выглядаў з-за вугла. Праз два месяцы мне падалося, што сачэнне спынілася, я наіўна меркавала, што чалавек пераключыўся на кагосьці іншага. Нават пачала сустракацца з хлопцам, здавалася, усё наладзілася. Але аднойчы, зірнуўшы ў акно, я зноў убачыла Андрэя — ён сядзеў ля пад’езда. Я была ў жаху, але ўзяла сябе ў рукі і спусцілася, каб пагаварыць. Але гаварыў у асноўным ён. Прычым страшныя рэчы накшталт: «Я ведаю, у якой ты бялізне і колькі тумбачак у тваёй спальні...»

У міліцыю Ганна не звярнулася, таму што баялася — следчыя палічаць яе вар’яткай. Але ў той жа дзень дзяўчына сабрала рэчы і з’ехала ў іншы горад, да сваіх бацькоў.

— Я выдаліла старонкі ў сацсетках, заблакіравала сім-карту, а крыху пазней знайшла працу за мяжой, куды і адправілася. Тады нарэшце ўсё спынілася — чалавек быццам бы знік. Цяпер я імкнуся не заводзіць блізкіх знаёмстваў у інтэрнэце і значна больш беражліва стаўлюся да фатаграфій, якія публікую.

Iм закон не пісаны?

Ягор Жылук, юрыст, абапіраючыся на заканадаўства, шакіруе сцвярджэннем — сталкінг злачынствам не з’яўляецца:

— У Крымінальным кодэксе няма артыкула «Праследаванне» — адпаведна, за гэта чалавека прыцягнуць да адказнасці нельга. Затое яго могуць аштрафаваць ці нават справа скончыцца зняволеннем за пагрозы ці замах на ўчыненне злачынства. Але ў любым выпадку неабходна даказаць састаў злачынства.

Дарэчы, прадстаўнікі МУС кажуць, што нярэдка атрымліваюць на тэлефон даверу званкі з просьбамі абараніць чалавека ад пагрозы. Як правіла, па дапамогу звяртаюцца жанчыны, якіх пасля разводу не пакідае ў спакоі былы муж — тэлефануе па начах або закідвае паштовую скрыню лістамі з абразамі.

— А вось пагроза — гэта ўжо крымінальна каральнае злачынства, — тлумачыць юрыст. — Жанчыне трэба напісаць заяву ў міліцыю, далей будзе падрыхтоўка справы да судовага разбору і суд. Такія дзеянні караюцца штрафам, папраўчымі работамі на тэрмін да аднаго года або пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў.

Ганна Найдзёнава, псіхолаг, заклікае ўсіх жанчын быць пільнымі:

— Мы жывём у патрыярхальным грамадстве, дзе мужчыне, у асноўным яны з’яўляюцца сталкерамі, дазваляецца агрэсіўна выказваць свае пачуцці ці дэманстраваць рэўнасць. Ёсць адна выразная грань: згода на камунікацыю або яе адсутнасць. Калі незалежна ад вашага жадання да вас набліжаюцца, спрабуюць увайсці ў кантакт, даведацца, дзе вы знаходзіцеся і што робіце, — гэта ўжо праследаванне. Да сталкінгу схільныя істэроідныя псіхапаты — яны, як пра-віла, сексуальна незадаволеныя. Адзін мой кліент пасля расставання з дзяўчынай пісаў і тэлефанаваў ёй кожныя 5 хвілін, сядзеў суткамі ля пад’езда. У выніку суд вынес яму прадпісанне, нешта накшталт забароны на набліжэнне.

Атрымліваецца, сталкінг — з’ява не такая ўжо рэдкая. Між тым таксама не варта кідацца ў крайнасці і першага сустрэчнага вінаваціць у дамаганнях. Калі вам непрыемны чыесьці неадчэпныя заляцаннi, паспрабуйце спачатку шчыра пагаварыць з чалавекам, без пагроз судом. Калі гэта не дапаможа, а вы пачняце адчуваць рэальную небяспеку — неадкладна звяртайцеся па дапамогу ў міліцыю і паспрабуйце выразна растлумачыць, што пагроза сапраўды існуе.

Хрысціна СКУРАТОВІЧ

kristina_skuratovich@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter