Мамiн верш

Гляджу з добрай зайздрасцю на сённяшнiх вучняў, i мне ўспамiнаецца  мая вясковая школа. Тая, якой была яна больш за шэсцьдзесят гадоў назад, у пасляваенныя часы. I мой першы ўрок...

Гляджу з добрай зайздрасцю на сённяшнiх вучняў, i мне ўспамiнаецца  мая вясковая школа. Тая, якой была яна больш за шэсцьдзесят гадоў назад, у пасляваенныя часы. I мой першы ўрок. 

Нашу школу адкрылi толькi ў 1945-м, падабралi больш-менш прыстойную для заняткаў хату ў суседняй вёсцы Боркi. Мы, вясковыя  хлапчукi, некалькi разоў нават збегалi да яе, вельмi карцела пагля-дзець, дзе ж будзем вучыцца. Нам ужо па восем—дзесяць гадоў, iншым i больш, мы пераросткi, а спазнiлiся ў школу з-за праклятай вайны. 

Асабiста я наогул апынуўся ў дзiўнай сiтуацыi: у школу яшчэ не пайшоў, а здорава чытаў. I кнiжкi, i розныя вершы на памяць навучыла мяне чытаць мая мацi, якая мела два класы адукацыi. Да таго ж у Першую сусветную вайну разам з другiмi жыхарамi Бярозаўшчыны, а гэта звыш 8 тысяч чалавек, мацi апынулася ў бежанцах. Доўгi час жыла каля горада Царыцына, i там ёй пашанцавала на тое, да чаго цягнулася  ўсё сваё жыццё, – на кнiгi. Калi вярнулася дамоў, на памяць ведала шмат вершаў рускiх паэтаў-класiкаў, якiя i расказвала мне. 

Такiм чынам, вершы, прывезеныя мамай з далёкага рускага горада Царыцына, сталi для вясковага беларускага хлопчыка найпершай дзiцячай калыханкай. Гадоў у шэсць i сам вывучыў некалькi з iх са слоў мацi. Асаблiва падабаўся мне вось гэты: «Ну пошел же, ради Бога, небо, ельник и песок, невеселая дорога. Эй, садись ко мне, дружок! Ноги босы, грязно тело, и едва прикрыта грудь, не стыдися, что за дело, это многих славный путь».

Канешне, тады я не ведаў, хто напiсаў гэты верш, як не ведала i мацi. Але ж менавiта ён найбольш глыбока кранаў дзiцячую душу, бо тое, пра што гаварылася, было да болю блiзкiм i зразумелым i самой мацi, i яе малому сыну, якiя жылi ў галечы, голадзе i холадзе. Простыя вершаваныя радкi, у якiх было столькi горкай рэчаiснасцi, так i засталiся цёплым водгукам у маiм розуме i сэрцы. I верш гэты я чытаў надзвычай чуллiва, быццам сам быў побач з тым добрым хлопчыкам, якога мужык падвозiў на фурманцы. Мацi, вядома ж, вельмi радавалася такому поспеху свайго дзiцяцi i часта казала: 

— Сынок, вось скончыцца вайна, пойдзеш у школу i на першым уроку прачытаеш гэты верш. 

— А калi настаўнiца не дазволiць? 

— Дазволiць, чаму ж не. Яшчэ цябе i пахвалiць, вось пабачыш... 

Словам, у мяне была на-дзвычай сур’ёзная падстава чакаць школу з выключнай нецярплiвасцю. I трэба ж здарыцца: на свой першы ўрок я спазнiўся. У тую вераснёвую ранiцу бацька пешшу пайшоў за 25 кiламетраў у раённы цэнтр Бярозу. Мацi папрасiла мяне зранку выгнаць на пашу карову, цвёрда паабяцаўшы, што зменiць мяне, каб паспеў у школу. 

Пагнаў карову, бо некаму было. Пасу, час iдзе, але як нi ўглядаўся ў бок нашай сядзiбы з надзеяй убачыць мацi, яна не паказвалася. Вядома ж,  затрымалi справы па сваёй хатняй гаспадарцы, якiх з ранiцы – толькi паспявай, а мо i iншае што-небудзь надарылася. 

Я ўжо бачыў, як вясёлай гурбой пайшлi ў суседнiя Боркi мае сябры з Пешак. Прыкiнуў, праз якi час яны будуць у школе, сам жа заставаўся са статкам. Падагнаў яго блiжэй да вёскi,  каб менш было мацi хадзьбы, бо ў школу бегчы я наважыўся адсюль, ад статку. А гэта кiламетры з два, так што трэба было берагчы кожную хвiлiну. 

Нарэшце ўбачыў: праз агароды, праз поплаў, напрасткi спяшаецца мацi. Прыбегла да мяне, працягнула апетытны акраец хлеба са свежага жыта i сказала: 

— Хлеб з’ясi па дарозе, бяжы хутчэй, каб менш спазнiцца. I абавязкова падымi на ўроку руку, вершык раскажы. 

Я i пабег, колькi хапала сiлы. Трэба сказаць, што нiчога, акрамя мамiнага акрайца хлеба, у мяне ў кiшэнi больш не было. Нi падручнiка, нi сшытка, зусiм пустыя рукi. Да таго ж яшчэ i босы, так што толькi трымай ногi. 

Калi адчынiў дзверы ў пакой, дзе змяшчалася ўся школа, то ўбачыў: тут парты стаяць цесна-цесна, ад сцяны да сцяны, а вучняў так много, што, здаецца, столькi i дзяцей не было ў дзвюх нашых вёсках. Усе яны, i настаўнiца таксама, уставiлiся на мяне. Вучнi хiтравата пасмейвалiся: што ж зараз будзе? Я спынiўся разгублены. 

— Ну вось яшчэ адзiн вучань, — спакойна сказала настаўнiца. – Як тваё прозвiшча, хлопчык? 

Я адказаў. Настаўнiца акiнула позiркам пакой i ветлiва запрасiла: 

— Вунь там у сярэднiм ра-дзе, за чацвёртай партай, ёсць свабоднае месца. Праходзь i садзiся. 

Паколькi ў мой момант у мяне было толькi адно жаданне – як найхутчэй пакiнуць месца, дзе стаяў у такой непрыемнай для самога сябе сiтуацыi, я i рвануў наперад. Шукаць вузенькi праход памiж партамi было некалi. I спрытна юркнуў пад першую парту. Так, як сiгаў у шырокую нару, якую мы рабiлi ў стозе сена, калi гулялi ў вайну. Карацей кажучы, пад партамi я хацеў дабрацца да свайго месца. 

Але ж не разлiчыў — моцна ударыўся галавой аб край парты. Вучнi засмяялiся з такой маёй прыгоды. Я ж, сцяўшы ад болю зубы, на карачках пад трыма партамi дабраўся да сваёй, сеў збянтэжаны. Настаўнiца ж тым часам сказала, каб мы папрасiлi ў сваiх бацькоў крыху грошай на сшыткi, якiя павiнны прывязцi ў школу. Пакуль жа пiсаць нiчога не будзем, бо няма нiякай паперы. Падручнiкаў нiякiх наогул у блiжэйшы час не чакаецца. 

— А сёння, дзецi, у нас бу-дзе вусны ўрок. Хто хоча што-небудзь цiкавае расказаць? – спытала настаўнiца, выклiкаючы па чарзе вучняў. 

Я помнiў наказ мацi, але з-за няўдалага падарожжа пад партамi зусiм страцiў смеласць. Нарэшце дайшла чарга i да мяне. 

— Я ўмею вершык. Можна расказаць? – спытаўся ў настаўнiцы. 

— Канешне можна. Расказвай. 

I я пачаў тое, чаму навучыла мяне мацi: “Ну пошел же, ради Бога...” Спачатку расказваў нясмела, цiха, а потым усё мацней i больш ўпэўнена. Мне ж так хацелася, каб верш спадабаўся настаўнiцы. Што ж датычыць вучняў, дык тут сыграла сваю ролю маёсамалюбства ў лепшым сэнсе слова: маўляў, вы смеяцеся, што я ўдарыўся аб парту? Ну i што, падумаеш, шышка на галаве. А раскажыце такi верш, якi ведаю я. Карацей, верш гэты павiнен быў рэабiлiтаваць мяне за недарэчны i смешны выпадак. 

Скончыў чытаць i па-глядзеў на настаўнiцу. 

— Малайчына, — прамовiла яна. – I адкуль жа ты так добра ведаеш верш паэта Някрасава? 

— Гэта мамiн верш, — мiжволi вырвалася ў мяне. – Яна мне яго чытала i навучыла. 

— Ну што ж, — усмiхнулася настаўнiца. – Няхай будзе мамiн, пакуль падрасцеш. 

Можа, ў некаторых чытачоў узнiкне пытанне, як гэта праз такi даўнi час аўтар помнiць падрабяз-насцi таго выпадку? Растлумачу: гэта ж быў першы ўрок, а ён звычайна запамiнаецца на ўсё жыццё. Па-другое, калi потым па школьнай праграме праходзiлi творчасць Мiка-лая Някрасава, я быў незвычайна ўражаны, даведаўшыся, што “мамiн” верш напiсаў менавiта ён. Ну i трэба мець на ўвазе: у першы клас я пайшоў, калi мне было ўжо дзесяць гадоў. Затрымала вайна, а яна вельмi рана рабiла дзяцей дарослымi... 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter