Мамчыны сынкі

Да якой пары вы будзеце насіць “жаночыя” трусы Некаторым маім прыяцелям шкарпэткі і трусы, самыя інтымныя прадметы гардэроба, набываюць жонкі. Яны перанялі гэтую пачэсную місію ад мам сваіх мужоў. Толькі калі для мам гэта была цалкам зразумелая функцыя: апранаць дзяцей, дык для жонак гэта, магчыма, мае яшчэ і сексуальны падтэкст. Аднак добра, калі вам пашанцавала са спадарожніцай жыцця, якая глядзіць на вас як на сексуальны аб’ект, а не толькі як на здабытчыка грошай. Тады яна, пэўна, парупіцца падабраць выдатную бялізну, што падкрэсліць лепшыя рысы вашага цела. Але, на жаль, многія жанчыны не “даганяюць” у мужчынскім стылі. Яны набываюць сваім палавінкам “фігавыя лісткі” з таго, што трапіцца першым на вочы ў ГУМе, і, купляючы, звернуць увагу не на фасон, а на цану.

Лічыцца, што трусы і шкарпэткі — гэта такая “дробязь”, што зважаць на яе асабліва не варта. Абы прыкрыць “ахілесавы пяткі” ды “прычыннае месца”. “Не, — сцвярджаюць сучасныя заканадаўцы моды, — істотна ўсё”.
Паглядзіце, як доўга і старанна выбіраюць сабе ліфчыкі і трусікі вашы каханыя ды жонкі ў крамах. Часам хочацца іх аблаяць за такую маруднасць, а то і паслаць к чорту ды пайсці піць піва з прыяцелямі. Пачакайце, паназірайце за імі — і перайміце гэты вопыт.
...Да таго часу, як я скончыў школу, большасць рэчаў мне таксама набывала мама. Або яшчэ горш — бабуля. Бабулю я вельмі моцна люблю, але яе густы даваенных і пасляваенных часоў, эпохі беднасці і ўсеагульнай эканоміі абумоўлівалі і мой, з дазволу сказаць, “стыль”: сціпла і безгустоўна. Гэта тычылася ўвогуле ўсёй вопраткі: кашуль, нагавіц, куртак.
Але ў той жа час, незадоўга да выпуску са школы, я трапіў у Польшчу, на семінар для журналістаў-пачаткоўцаў. Нас туды паехала цэлая гурба народу: з усіх куткоў Беларусі. І ў тым гурце мне надта спадабалася адна дзяўчына. Інга лічылася ў нашай “тусоўцы” асаблівай — гэткай “выкшталцонай” паненкай з заходняга горада Гродна. Яна апраналася і паводзіла сябе не як школьніца, а як сапраўдная жанчына. Яна ўпершыню адкрыла  для мяне свет моды. Будучы на вучобе ў Шчэціне (горад на мяжы з Германіяй), яна павяла мяне па буціках... выбіраць ёй станік. Яна так і казала на заходнебеларускі манер: “Станік”, хаця ад жанчын, што раней мяне атачалі ў сям’і, я чуў толькі пра “бюсцік”. Тое, што гаворка пра бюстгальтар, я зразумеў пасля, калі Інга выйшла з прымерачнай крамы ды запыталася: “Ну як?”. Маё маладое цела ашалела...
Я зразумеў, што валэндацца з Інгай варта было не толькі таму, што я быў у яе закаханы (а яна ў мяне, ахламона, не), але і каб пабачыць станік і тое, што ён сабой упрыгожваў...
Праўда, калі праз некалькі год ужо мама запрасіла мяне ў “Мілавіцу” шукаць ёй бюстгальтар, я паставіўся да гэтай ідэі абыякава. Мяне цікавіла суседняя крама, дзе я з большай цікавасцю разглядаў мужчынскія пальчаткі, шапкі, шкарпэткі ды штаны. Я ўжо пачынаў дбаць пра сябе, падгле-дзеўшы, як гэта робіць Інга.
Мінулі гады, і сярод маіх знаёмых таксама адбыліся трансфармацыі. Хтосьці з іх стаў заўзятым моднікам. Адзін, хаця і трансфармаваўся са стройнага красуна ў мужыка-мядзведзя, па-ранейшаму захаваў шарм маладосці, эфектна падкрэсліваючы свае найлепшыя якасці стылёвым
адзеннем, карыстаючыся дарагімі парфумамі ды абуткам лепшых марак.
Другі ж мой даўні знаёмы надоўга застаўся мамчыным сынком. Неяк узімку я сустрэў яго на вуліцы ў шапачцы, якую насілі ў канцы мінулага стагоддзя члены бандыцкіх групіровак. Хлопцу, які падобны да Брэда Піта, яўна не пасаваў ваўняны чорны “шлем”. Яго шыкоўная прычоска прасілася на волю або, прынамсі, патрабавала іншага галаўнога ўбору. Не стрываўшы, я заўважыў сябру:
— Ты ж як лох у гэтай кепурцы!
“Лох” не пакрыўдзіўся. Яго будысцкі светапогляд загадваў дбаць пра душу і дазваляў клапаціцца пра цела і знешні  выгляд у апошнюю чаргу. Ідэалогія яго жыцця абгрунтоўвала і прычыну, па якой мінскі Брэд Піт заўсёды хадзіў у чорным.
Днямі мне зноў спаткаўся “чалавек у чорным” на яго роднай Ракаўскай вуліцы. “Што здарылася, што ты гэтак расфранціўся?” — не ўтрымаўся я, каб не спытацца наконт перамен у вонкавым выглядзе сябра, чыё адзенне раптам расквецілася рознымі колерамі. “Я застаўся адзін дома, — прызнаўся друг. — Бацькі з’ехалі на іншую хату, і я вырашыў навесці парадак у мазгах, заняцца сабой”. З мамчынага сынка
выйдзе сталічны стыляга, падумаў я і ўсцешыўся, што ў нашым цудоўным горадзе на аднаго прыгожага чалавека, здаецца, стане болей.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter