Як сялянку з Узлян, якая стала Героем Сацыялістычнай Працы, муж раўнаваў да Танка

«Мама нiкому нiколi не адмаўляла»

Захапляльны і павучальны лёс свінаркі з пухавіцкіх Узлян Софіі Купрыянаўны Паўловіч вачыма яе дачкі


СВІНАРКА Софія Купрыянаўна ПАЎЛОВІЧ (на здымку) з Пухаўшчыны сваю Зорку атрымала разам з будучым двойчы Героем Васілём Канстанцінавічам Старавойтавым, тады яшчэ дырэктарам саўгаса “Раднянскі” Клімавіцкага раёна. У шэсцьдзясят шостым на рэспубліку абрынуўся сапраўдны “зарапад”: вышэйшай ўзнагароды тады ўдастоены некалькі даярак з розных раёнаў і свінарка з Лепельскага — Ганна Васільеўна Мазала, не менш знакаміты старшыня калгаса імя Кірава са Случчыны Сяргей Дзмітрыевіч Лямешчанка, легендарны камунар Эмануіл Натанавіч Модзін. А з даяркай племсаўгаса “Чырвоная Зорка” з Клеччыны Марыяй Сцяпанаўнай Рудко яны сустракаліся на пасяджэннях Вярхоўнага Савета БССР — абедзьве былі дэпутатамі з 1963 па 1967 год.

Дзве Сонечкі і Валянціна


На вуліцы Цэнтральнай ва Узлянах сёння застаўся адзіны старажыл, які працаваў разам з Софіяй Купрыянаўнай у калгасе імя Куйбышава, — яе сусед Іван Антонавіч Кукарэка:

— Ведаю, у райкаме доўга раіліся, каго падаць на ўзнагароду.  Трэба  ж   і паказчыкі, і бездакорная біяграфія. У Соні ўсё сышлося. І калгас наш у той час займаў першыя месцы па ўсім. Працавалі шэсць брыгад, тры фермы, сеялі збожжа, лён, саджалі бульбу і гародніну, каб для жанчын занятак быў.

Старшыня Іосіф Гілеўскі кемлівы быў кіраўнік, да людзей уважлівы, шмат будаваў — 70 кватэр работнікі атрымалі. Пасля таго як у васьмідзясятых яго адправілі на пенсію, ніхто ў нас і сабачай будкі не паставіў. Ён з энтузіястаў, пакінуў Мінск і разам з сям’ёй перабраўся ў нашу вёску. А я працаваў і брыгадзірам, і аграномам, і загадчыкам фермы.

У Соні свінаматкі па 13—14 парасят прыносілі. Увішная была жанчына, і дзеці ў яе такія ж. У мяне на ферме працавалі дзве Сонечкі — Паўловіч і Кукарэка — ды Валя Пятрова. Купрыянаўна разумела, што без іх дапамогі і яна б не атрымала высокую ўзнагароду, і была па-мудраму ўдзячнай. Сябровак не забывала, на пенсіі таксама.

А за два гады да смерці наказала дзецям: “Не ведаю, хто з нас першай памрэ, аднак на маё пахаванне каб сябровак пазвалі”.

Паўтары тоны мукі на плячах


У брэжнеўскія часы ўзмацніўся ўзнагародны дождж, што пачаўся пры Сталіне і працягваўся пры Хрушчове, — ордэны і медалі давалі па разнарадцы, у закаўказскім калгасе імя Берыі наогул налічвалася 40 Герояў Сацыялістычнай Працы, аднак гэта званне па-ранейшаму лічылася асабліва пачэснай ступенню адзнакі, а людзі, якія яе атрымлівалі, мелі рэальныя заслугі. Шмат хто з зорканосных старшынь калгасаў на слыху, а вось простыя працаўнікі заставаліся ў цяні, і цяпер наўрад ці хто помніць іх прозвішчы, тым больш іх лёсы, на самай справе не менш захапляльныя.

У вайну Соня мыла бінты для партызанаў атрада, дзе ваяваў яе брат Вінька. Сушыла на гарышчы, каб ніхто не бычыў. Аднаго разу немец высачыў яе, але пашкадаваў і не выдаў, а толькі папярэдзіў: “Дзеўка, убяры бінты і больш так не рабі”.

Удзяцей засталося няшмат грамат маці. Астатнія ўзнагароды ў абласным архіве.

Пры адступленні фашысты спалілі палову Узлян, і Соня з маці зіму жылі ў зямлянцы. Калі вярнуўся брат, паставілі невялічкі зруб на адзін пакой — пятнаццацігадовая дзяўчына цягала бярвенні нароўні з дужым юнаком. А потым з парога сваёй новай хаты хацела падацца ў Мінск, дзе чакалі маладых, каб падымаць сталіцу з руін. Маці блаславіла:

— Ідзі, дачушка! У цябе жыццё наперадзе, — і заплакала.

Ну хіба магла Соня пакінуць яе адну? Браты на фронце, у Вінькі свая сям’я. Узяла вілы і назаўтра пайшла на калгасны двор. Старыя мужыкі здзівіліся: “Што ты будзеш рабіць, дзіця?” Дзяўчына хацела адно, каб не прагналі.

У калгасе пакінулі і ўсяму навучылі. Навукай той і жыла, а потым і дзецям перадала. Хоць жартавалі на вёсцы, што Соня ад работы сонца не бачыць, але ж яе паважалі за самастойнасць і цягавітасць, за дабрыню.

— Да нас заўсёды прыходзілі пазычаць грошай, — узгадвае старэйшая дачка Галя, якая цяпер вясной і летам гаспадарыць у матчынай хаце. — Мама добра зарабляла і нікому не адмаўляла. Ужо ў сталым узросце часта перадавала прадукты маёй першай настаўніцы Сцепанідзе Аляксандраўне Дубовік, у якой не вельмі склаўся лёс. З ёй таксама сябравала. Ніколі нікога не абгаварыла. Да мамы цягнуліся, асабліва калі стала дэпутатам. За ўдаву з Шалягоў, у якой сын загінуў і муж памёр, прасіла, і той новы дом калгас збудаваў.

Выпраўляючыся на сесію Вярхоўнага Савета, апранала лепшы касцюм, а муж Валодзя раўнаваў: для каго так убіраецца? Ёй жа ў прэзідыумах даводзілася сядзець разам з Васілём Шавурам, Максімам Танкам, сустракацца з Пятром Машэравым. Муж, схаваўшы супярэчлівыя пачуцці, усё ж заставаўся на некалькі дзён за кухарку ды няньку. Дзяцей накорміць, у школу на кані падвязе, падлогу памые, на ферме за жонку ўправіцца.

“Так што у мамінай Зорцы палова бацькава”, — прамяніцца ад успамінаў твар малодшай дачкі Валі. Яна пасля заняткаў разам з сястрой выпраўлялася даглядаць свіней. Нікому больш Купрыянаўна не давярала сваіх гадаванцаў. Спачатку з кормакухні цягнулі ваганетку з варанай бульбай, пакуль прымітыўная механізацыя не надакучыла калгасу вечным рамонтам. Кухню закрылі і перайшлі на сухое кармленне: паўмяшка камбікорма за плечы... і ідзеш уздоўж кармушак. Потым другі, трэці мяшок і так бясконца. Паўтары тоны мукі штодня з млына прывозілі, і ўсю трэба было раздаць.

Затое калі мама прыязджала з Мінска, было сапраўднае свята. Дочкам то боцікі, то сукенку прыгожую прывозіла, смачнай каўбаскі.

Летам статак усёй вёскай ганялі на Ушанку ў летні лагер. Дзецям такі занятак быў даспадобы ў адрозненне ад бруднай работы па ўборцы клетак. Пасля раняшняга кармлення Софія Купрыянаўна пакідала дзяўчат дзяжурыць на лаўцы. Свінаматак, якія знаходзіліся ў загарадзі, асабліва пільнаваць не трэба, і таму малыя вартаўнікі паспявалі збегаць у лес па грыбы ды ягады.

Часам маці магла папярэдзіць: “Дома не чакайце на ноч, дзве свінні паросяцца”.

Не ўмела прасіць за сябе


Вясной шэсцьдзясят шостага да іх у хату завітала цэлая дэлегацыя з раёна. Дзеці доўга ціха сядзелі на печы, чакалі, пакуль шаноўныя госці выйдуць з-за стала ў адзіным пакойчыку: маці адзначала прысваенне ёй Героя Сацыялістычнай Працы. Тым і запомнілася важная падзея.

Неўзабаве сям’я перабралася ў новы дом, які перавезлі з Асееўкі. Трэба было будыніну менавіта перавезці, бо Купрыянаўна перабірацца ў Мінскі раён не згаджалася — у гаспадарцы яе паважалі, запрашалі выступаць у школу, у Мар’іну Горку на ўрачыстасці. Валя Кукарэка, якая сябравала з яе дочкамі, прыходзячы да суседзяў, бачыла, як цётка Соня нешта запісвае перад такімі выступленнямі. “Ну чаму я, простая свінарка, магу навучыць? Што казаць? — хвалявалася яна і ў роспачы махала рукой. — Ай, буду гаварыць, як ёсць!” Аратар з яе атрымліваўся шчыры і мудры — умела сказаць сваімі словамі, ад душы.

Часта па казёнцы, як называлі вузкую прасёлачную дарогу, што вяла паўз поле і ад дома старшыні напрасткі да новай свінафермы, дзе ўжо былі лепшыя ўмовы, але ж таксама шмат ручной працы, прыходзіў Іосіф Антонавіч Гілеўскі:

— Ну што, дзяўчаты, будуць прывагі? Не падвядзеце?

— Стараемся, Антонавіч, стараемся.

На новай ферме свініна аказалася дарагой, нерэнтабельнай, патрэбны былі добрыя прыбаўленні ў вазе, каб перакрыць затраты, і тады Софію Купрыянаўну ад парасят перавялі на адкорм. За дзве пяцігодкі яна адна адкарміла 15,5 тысячы галоў — лічба дакладная, занатавана ў кнізе пра Герояў, якую выдалі ў знак ушанавання гэтых людзей. За што атрымала ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі.

Затое сама ў старшыні ніколі нічога для сябе не прасіла. І не таму, што не дадуць. Прывыкла ўсё сваімі рукамі здабываць. Пра адзін такі выпадак расказала дачка Галіна. Неяк засуха папаліла траву, і хатняя жывёла засталася амаль без сена. Муж узлаваўся: “Зося, папрасі ў Гілеўскага пару вазоў”. А яна лагодна так да яго: “От, Валодзя, неяк пераб’ёмся”.

Усякую жывёліну любіла, дома трымала карову, а то і дзве, свіней, птушку, прадавала парасят — да трохсот калгасных рублёў дадатковы заробак. “Зімой, бывала, занясе ў хлеў старую коўдру, пачухае свіней за вушамі, пагаворыць з імі, укрые, і тыя спяць аж да раніцы, — смяецца з колішніх матчыных дзівацтваў дачка Валя. — Яны ў нас рахманыя былі”.

Не скарыстала і бясплатны штогадовы праезд у два канцы на любым відзе траспарту: кніжачка з адрыўнымі талонамі так і засталася цэлай. Калі дзеці выпраўлялі маму адпачыць у які санаторый, у адказ кожны раз чулі: “Адчапіцеся ад мяне, нікуды я не паеду”.

Абедзьве дачкі Героя Сацыялістычнай Працы перанялі матчыну працавітасць. Галіна — былы гандлёвы работнік, Валянціна па адукацыі швачка, вяла свой невялікі бізнес, ды па стане здароўя прадала.

Асаблівая гордасць бабулі — любімы ўнук Дзяніс. Яна з дзедам навучыла яго рабіць усялякую сялянскую справу, як некалі яе саму ў калгасе, — касіць, араць, каня запрэгчы. Сёння Дзяніс Аляксандравіч Матусевіч загадвае Пухавіцкім тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і як дарагую рэліквію захоўвае бабуліну Залатую Зорку Героя Сацыялістычнай Працы.

klimovich@sb.by

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter