“Пакажыце яшчэ раз!” Святочны рэпартаж з радзільнага дома

Малыш, ты мяне хвалюеш

Распашонкі, цёплыя пялёнкі, чэпчык, падгузнік, коўдра, стужка... Першае, на што звяртаем увагу, зайшоўшы ў мінскі гарадскі клінічны радзільны дом № 2, дык гэта на спіс неабходнага для выпіскі нованароджаных. А пасля — на блізкіх, якія чакаюць сваіх родных. Усе з кветкамі, шарамі і нават падарункамі.

У цэнтры – Кацярына ЯРАШЭВІЧ і яе сынок Аляксандр, справа – Ірына ЛІТВІНКА з дачкой Лізай, злева – Наталля КАНЦАВЕНКА з сынам. Як яго назавуць, яшчэ думае ўся вялікая сям’я.

«Не здымаю палец са спускавой кнопкі, бо не хачу прапусціць момант», — трымаючы ў руках фотаапарат, не адводзячы погляду ад дзвярэй, кажа дзяўчына Яна. Яна ў кампаніі вялікай сям'і чакае сваю родную сястру і яе малога. Дзверы расчыняюцца, мы адыходзім: сваякі расплываюцца ва ўсмешках, падыходзяць да новаспечанай мамы. Віншаванні, слёзы, усмешкі... У такія моманты разумееш: як добра жыць! Як добра, што ёсць дзеці, ёсць мамы. Ой, хопіць! Карэспандэнты не плачуць!

Паліто — у гардэроб, на ногі — бахілы, а на сябе — халат. У поўнай экіпіроўцы мы гатовыя знаёміцца з тымі, хто на днях нарадзіў маленькіх грамадзян. Ідучы за намеснікам галоўнага ўрача па арганізацыйна-метадычнай рабоце Наталляй Дармаян, трапляем у аддзяленне нованароджаных. Цішыня ды супакой: малыя спяць, падціснуўшы свае ручкі, і толькі адзін хлопчык крэкча і капрызнічае. Але не крычыць, не будзіць іншых. Як жа салодка яны спяць! Цікава, каго больш: хлопчыкаў ці дзяўчынак?

Вось ужо дзе падаруначак! Гэтыя маленькія беларусы і беларускі нарадзіліся напярэдадні Дня маці.

— У сярэднім аднолькавая колькасць. Кожны дзень толькі ў нашай радзільні з'яўляюцца па 15—20 немаўлят, — Наталля Дармаян ужо праводзіць да тых, хто нарадзіў на днях. Дарэчы, толькі за дзевяць месяцаў гэтага года ў Мінску нарадзіліся больш за 16 тысяч дзяцей! — Цяпер стала папулярным нараджаць трэцяе дзіця. Нават амаль у сорак гадоў.

Ці будуць тут віншаваць матуль са святам? Вядома! Учора сюды завіталі актывісты БРСМ, а ў панядзелак і ўвесь медперсанал павіншуе. Тым часам мы падышлі да пасляродавага аддзялення. У палаце пяць матуль. І ўсе нарадзілі ў адзін дзень!

Што цікава: медперсанал радзільнага дома складаецца больш з жанчын, і амаль ва ўсіх – дочкі.

— Я першая ў 1.30 нарадзіла — усіх за сабой пацягнула, — жартуе Наталля Канцавенка, гладзячы свайго хлопчыка. Вага яго — 4110 грамаў, рост — 54 сантыметры. Волат! — У мяне пайшоў, я таксама была немаленькай. Толькі яшчэ не назвала яго. Мабыць, Міхаіл ці Канстанцін. Гляджу на яго, думаю.

У шчаслівай мамы гэта другое дзіця. Дома з татам дачка Юлія, якой тры гадкі.

— У нас у сям'і адны дзяўчынкі, а тут нарэшце хлапчук з'явіўся, вось я сваёй маме падару ўнука, — усміхаецца Наталля.

Пытаюся, можа, з мужамі нараджалі? Партнёрскія роды сёння ў модзе. Усе кажуць — не: «Мужчыны, яны зараз... пяшчотныя».

Пазнаёмімся з мамай, што стала на гэтым тыдні шматдзетнай. У 9.23 раніцы 10 кастрычніка яна нарадзіла хлопчыка Аляксандра.

Яна НАГОРНАЯ: «На выпіску для любімай сястры і нованароджанага пляменніка зрабіла сваімі рукамі «торт» з падгузнікаў».

— Вага яго 3930 грамаў, а рост — 53 сантыметры, — на памяць ведае Кацярына Ярашэвіч «параметры» сына. У яе, дарэчы, 14 гадоў старэйшай дачцы, а другому сыну — пяць. — Адчуваю сябе выдатна!

Самая малодшая ў палаце дзяўчына, якая нарадзіла свайго першынца, 21-гадовая Марыя Невясёлая, нягледзячы на прозвішча, вельмі нават радасная — у яе пад бокам ляжыць сынок:

— Калі ўбачыла яго, зразумела, што вельмі рада! Я — маці! Чаму цяпер са мной ляжыць? Ён усё плакаў, плакаў, даводзілася часта ўставаць, а паклала побач — супакоіўся.

Што пажадаць мамам ў сённяшняе свята? Галоўнае – здароўя ім і іх дзеткам!

27-гадовая Ірына Літвінка таксама стала мамай упершыню — у яе дачка: «Назвала Лізай, таму што мара ў бабулі была назваць так дзяўчынку. Я вось гляджу на яе... Такая маленькая, прыгожанькая... Я яшчэ не зусім зразумела, што стала мамай! Спадзяюся, будзе падобная на мяне.

Урачы кажуць: у адзін дзень нараджаецца больш дзяўчынак, у другі – хлопчыкаў. У сярэднім, і тых, і тых аднолькавая колькасць.

А ніхто і не супраць. Матулі ўсе прыгожыя! Дарэчы, вось яшчэ адна малая ў гэтай палаце салодка спіць. Назвалі яе Злата. Мама Вольга Скірук рада яе з'яўленню:

— У сям'і ў нас крыху больш за год таму з'явіўся хлопчык — Яраслаў. А вось і дзяўчынка! Такая спакойная, маленькая, не тое, што сынок. Нават жывоцік зараз быў мініяцюрным. Цяжарнасць таксама выдатна прайшла. Калі ўбачыла малую, падумала: шчасце! І адразу ж сказала ўрачам: «Пакажыце яшчэ раз!»

Антон і Анна САВІНСКІЯ на выпісцы з радзільнага дома: «Не можам нагледзецца на нашага Арцемія! Гэта лепшы падарунак у жыцці».

Усе дамы чароўныя! Вось што робіць мацярынства з жанчынай. І гэта нягледзячы на тое, што відаць: мамай быць няпроста, ім так хочацца пасля родаў адпачыць... Але, здаецца, пра сон трэба забыцца — усё самае цікавае ў іх толькі пачынаецца. Першыя крокі, першыя словы. Напэўна, нават больш правільна сказаць, наперадзе галоўнае слова — «Мама». Нованароджаныя немаўляты нам што-небудзь на гэты конт пракаменціруюць? Не, салодка спяць. Ну і добра. Хай мамы сёння таксама адпачнуць. Са святам вас, нашы любыя!

Фота Аляксандра СТАДУБА, Аліны КАСЕЛЬ
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter