Малое ды яшчэ дурное, ці Як адзінаццацігадовы “вадзіцель” Бабруйск скаламуціў

Гэта было ў канцы мінулага месяца. Па адной з цэнтральных вуліц Бабруйска імчаў “Фальксваген-Пасат”. Ён то некага абганяў, то рэзка тармазіў, рухаўся якімісьці рыўкамі. Усе, хто ў тую хвіліну быў на дарозе, трымаліся ад яго далей...
І калі аўтамабіль у чарговы раз “зрабіў” “Аўдзі-100”, яе вадзіцель міжволі глянуў, што ж гэта за зух такі? У яго ледзь дух не заняло: машынай кіраваў хлопчык, макаўка якога ледзь выглядала з-за руля, а ў салоне сядзела яшчэ двое малых... “Вось дык вось!—аж прысвіснуў. — Чакай аварыі! Нешта ж трэба рабіць!” Перш за ўсё па сотавым тэлефоне звязаўся з мясцовай ДАІ. Маўляў, так і так, толькі не спалохайце “вадзілу”. А сам прыбавіў газку і прыладкаваўся за “фальксвагенам”. Ішоў нейкі час услед за ім. Затым перамясціўся ў другі рад і працягваў рухацца паралельна. Дарагая была кожная хвіліна. З ходу спыніць — нічога на атрымаецца. Патрэбен быў зручны момант. І ён настаў. На рагу вуліц Мінскай і Крылова, дзе светлафор, “фальксваген” тармазнуў. І “сотка” — побач. Вадзіцель у адно імгненне выскачыў з яе і кінуўся да суседняй машыны. Руку прасунуў у адчыненае акно і — за ключ запальвання. Заглушыў рухавік. Усё так хутка зрабіў, што ў “фальксвагене” нічога не паспелі зразумець... А тут і ДАІ пад’ехала. Сталі разбірацца, хто ж такія гэты зух і ягоныя пасажыры. Аказваецца, з аддаленага шостага мікрараёна. Вадзіцелю, якога звалі Віталікам, — адзінаццаць гадкоў ад нараджэння, ён чацвёртакласнік гімназіі, а ягоныя сябрукі і таго меншыя. Гулялі ў двары дома. Ды, відаць, надакучыла. Вось і вырашылі пакатацца на “фальксвагене” (Віталік ведаў, дзе ключы ад машыны). Спачатку вакол дома, а потым і далей, ірванулі ў самы цэнтр горада. Напэўна, Віталікаў тата і ў сне ўявіць не мог, калі вучыў сына ваджэнню, што ён такое можа выкінуць... Але ж дзеці ёсць дзеці, за імі патрэбен пастаянны нагляд! Аб гэтым нельга забываць ні на хвіліну. Інакш... Добра яшчэ, што так шчасліва ўсё скончылася. Знайшоўся чалавек, які разрадзіў сітуацыю. (У ДАІ, праўда, пазнавата схамянуліся. Зараз шукаюць вадзіцеля “аўдзі”, каб заахвоціць яго). Ну а што да бацькоў Віталіка, то ім давядзецца плаціць штраф — за сваімі дзецьмі трэба глядзець.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter