Малiўнака

Сяджу гэта я, браткі, нібы той іржавы цвік у спарахнелай дошцы. І нічога мне не хочацца. І нікога мне не хочацца. І жыццё, падаецца, калі не скончылася, то раптам спынілася. Бо што гэта за жыццё, калі за акном усяго некалькі градусаў марозу, зіма заканчваецца, заўтра выхадны, і ўсе лепшыя людзі Мінска і ўсіх шасці абласцей таўкуцца ў чэргах за жыўцом і матылём. А табе, хто гэтага дня чакаў як збавення, яшчэ з серады сніў, як яно ўсё там, на возеры, будзе – дуля з макам. Машына сапсавалася, а хаўрусніку майму, з якім не адну сотню метраў лёду прасвідравалі, жонка, якая любы ягоны крок убок прыраўноўвае да спробы ўцёкаў з усім адсюль вынікаючым, вызначыла “круты” маршрут – да цешчы і назад. Таму вось і сяджу, тужлівы і гаротны, і з такой скрухай уздыхаю, што яшчэ трошкі і, як той бабёр, заплачу. Цяпер вы разумееце, як запела душа, як жыццё раптам заіграла, заіскрылася ўсімі сваімі фарбамі, калі сябра па рабоце сказаў, што едзе на рыбу, і ў машыне ёсць месца. Яна, душа, значыць, гэтак жа радасна пела, калі я свідраваў лунку, калі крыху дрыжачымі рукамі чапляў першага матыля, калі стоена чакаў, пакуль мармышка з ім пераадолее адзінаццаць бясконцых метраў вады і ляжа на дно якраз пад носам вялізнай рыбіны, якая гэту мармышку і схопіць. І калі на восьмай хвіліне бясконцага чакання паплавочак раптам пайшоў уверх, я напяўся, як струна, каб не ўпусціць той момант, калі ён ляжа на бок – так бярэцца лешч, недзе ззаду пачуўся да болю знаёмы і самы агідны ў свеце гук... Я кінуў вуду, мацюгнуўся, як боцман з карабля, што ідзе на дно, і прыпаліў цыгарэту. — Малінаўка прыляцела, — растлумачыў я здзіўленаму такой метамарфозай сябру і паказаў на птушку, якая нахабна падскоквала непадалёку. – Усё, клёву не будзе. Калі вы думаеце, што нехта з’ехаў з глузду і не ведае, што малінаўка ў нашых краях зімой не жыве, слухайце сюды. Гады, мо, са тры таму, акурат напрадвесні, паехалі мы з сябрам на Нёман лавіць шчупакоў. З ночы яшчэ паставілі стаўкі, добра, і, мусіць, занадта добра павячэралі, крыху паспалі і ранічкай пашыбавалі на лёд. Яно, канешне, калі галава хворая, калі ў цябе агульная млявасць і сухасць у роце, якая там, па шчырасці, рыба. Таму мы хуценька выцягнулі на лёд звера-шчупака, які ўзяўся на маю стаўку, і порстка сталі сцяліць газетку, рэзаць каўбасу, сала, цыбулю. Адкаркавалі літровую сувенірную бутэльку дабрэннага каньяку і... І вядома, што робіцца з чалавекам, які кідае кроплю-другую пэўнага кшталту вадкасці на старыя, так бы мовіць, дрожжы – паснулі прама на лёдзе. Я прачнуўся ад таго, што сонца, якое ўжо вісела нізка над небакраем і залівала чырванню ўсё наўкол, свяціла прама ў вочы. Было зварухнуўся, ды зразумеў, што кажушок-“чабурашка” са штучнага футра прымёрз, халера на яго, да лёду. — Ціха, ты, — прашыпеў прама ў вуха сябра, – не бачыш, малінаўка прыляцела. Я ўжо амаль намерыўся сказаць яму ўсё, што думаю наконт тых, хто адпіў рэчыва, якое ва ўсіх прыстойных лю-дзей называецца мазгамі, але ж глянуў туды, куды паказваў сябра, і здранцвеў. Акурат перада мной, на нашым “стале” стаяла і да нечага прыслухоўвалася дзівоснай прыгажосці птушка. Кожнае яе пёрка гарэла, пералівалася ў промнях зімовага сонца зіхоткім малінавым колерам, па самой птушцы, калі яна грацыёзна пераступала з лапкі на лапку, быццам бы прабягалі чырвоныя агеньчыкі. — Сапраўды, малінаўка, — зачаравана, але, мусіць, занадта гучна прашаптаў я. Бо “малінаўка”, раптам узмахнула магутнымі крыламі, перакуліла, скулу б ей у бок, яшчэ не ўвагнаную ў дно пляшку, гучна сказала: “Кар-р-р!”, узнялася ў паветра і здзек-ліва закружылася над нашымі дурнымі галовамі. — Ёлупень ты, Воўчык, ёлупень. Шэрую варону, гэтага пацука з крыламі, гэтага прусака з кіпцюрамі, за малінаўку трымаў, — ушчуваў я, але без асаблівага імпэту (абое – рабое), сябра. Далей мы ўсё рабілі моўчкі. Моўчкі згарнулі расшкамутаную паперыну з рэшткамі ежы. Моўчкі пастаялі на растрыбушаным прыгажуном-шчупаком, які з дакорам гля-дзеў на нас выдзеўбанымі вачніцамі. Моўчкі пасмакталі рудога ад разлітага каньяку лёду і скрывіліся, быццам паспрабавалі клёцак, што дзядзька Антось варыў на бярозавіку (памятаеце: “Ну, дзядзька, як на смак, прызнайся? Паскуства, брат, і не пытайся”). Гэтак жа моўчкі, стомленыя і панурыя брылі да хаты. Калі я ўжо злаўчыўся, каб пераскочыць вымоіну і ўскараскацца на бераг, калі ўжо быў у паветры, дзесьці над галавой зноў пачулася: “Кар-р-р!”, і я шухнуў у сцю-дзёную зімовую вадзіцу. Як уражанне? Паспрабуйце босым, прабачце на добрым слове, азадкам сесці на гарачую патэльню... Вось з тае пары ўсіх варон любога полу і ўзросту, а таксама крумкачоў і крумкачых я і называю “малінаўкамі” і, як той казаў, на дух іх не прымаю. Яны, пачвары разбэшчаныя, гэта быццам бы разумеюць. І ёсць у мяне такая думка, помсцяць бо... Тыдні са тры таму я, лічы, гадзін пяць прачэсваў Мінскае мора ў пошуках хоць якой, дробненькага акунька ці вазгрывага ярша, рыбкі. Марны лёс! І сам сабе не паверыў, калі закінуўшы блешню ў апошні, так, дзеля адчэпнага, раз, выцягнуў паўкілаграмовую (у маім дзяцінстве ў нашых мясцінах іх чамусьці называлі “польскімі”) плотку. Яно, можа быць, злавiў бы і яшчэ, ды рыбакі, каб ім добра было, гэта ўсё бачылі і, бы тыя пінгвіны, адзін за адным пацягнуліся ў мой бок. Ну і якая, скажыце, рыба, што сябе паважае, будзе стаяць і слухаць, як у яе над галавой вішчаць буры ды гучна перагаворваюцца нейкія двухногія істоты? Рыба сышла. Пайшоў за скрынкай і я. І толькі за паўсотню метраў ад таго месца, дзе на снезе яшчэ падскоквала мая плотачка, нешта нібы ў спіну штурхнула. Я азірнуўся якраз для таго, каб убачыць, як “малінаўка”, (а хто ж яшчэ) падымаецца, каб ёй крылы паадсыхалі, у паветра з маёй рыбінай у дзюбе. Я зароў, як вар’ят і, трасучы бурам, нібы тубылец дзідай, кінуўся на пачвару, якая нахабна села ў колькіх метрах ад мяне. Скончылася гэта, з дазволу сказаць, паляванне тым, што я за нешта зача-піўся, праехаўся тварам па жорсткім, бы наждак, снезе, пабіў дубэльты і звіхнуў руку. Трэба казаць, што “малінаўка” за ўсім гэтым уважліва сачыла, раз-пораз адрываючыся ад бясплатнага відовішча, каб у чарговы раз дзеўбануць маю плотку. Вось пасля ўсіх гэтакіх прыгод я і ўпэўніўся, калі побач са мной раптам з’яўляецца “малінаўка”, нічога добрага не будзе. Ні клёву, ні другога чаго. У іншых будзе, у мяне – не. Вось чаму і на гэты раз я кінуў вуды, як толькі пачуў знаёмае: “Кар-р-р!”. Не, праклён лёсу адолець я ўсё ж стараўся. Але здаўся пасля таго, як чарговы (пяты па ліку!) лешч, якога я ўжо, лічы, выцягнуў і які, калі меркаваць па тым, як цяжка ён ішоў, важыў кілаграмы са два, скруціў са свайго хваста (далібог, не маню) і паказаў мне вялізную дулю... Спустошаны, са сапсаваным ушчэнт настроем я цягнуўся да хаты. Дайсці да пад’езда заставалася метраў, мо, з дзесяць, калі прама мне на дубэльты пляснулася нешта гарачае, вадкае і брыдкае. Я падняў галаву. На тонкай, адной на ўсю акругу, бярозцы сядзела “малінаўка” і раскрывала дзюбу, каб зноў сказаць...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter