Свое личное дело минчанка открыла не в столице, а в деревне

Маленькая гаспадыня вялікага дома

Ідэя жыць у гармоніі з прыродай, весці здаровы лад жыцця і харчавацца экалагічна чыстымі прадуктамі была заўсёды блізкая Вользе Баранскай. Аднак да таго, каб заняцца аграэкатурызмам, яе падштурхнула не толькі гэта. Наяўнасць уласнага жылога дома ў сельскай мясцовасці, арганізатарскія здольнасці, а таксама субсідыя — дзяржаўная грашовая дапамога — вось тыя складнікі, дзякуючы якім з’явілася і актыўна развіваецца асабістая справа былой сталічнай хатняй гаспадыні, а цяпер — уладальніцы аграсядзібы, якая размясцілася ў вёсцы Лешніца Пухавіцкага раёна.

Утрыманне кабыл затратнае. Ды і догляд за імі патрабуе шмат фізічных сіл. Аднак для Вольгі БАРАНСКАЙ яны нібы абярэг.

Там цуды, там лясун блукае...

— Усё пачалося яшчэ ў 2010 годзе, калі набыла домік у вёсцы. Я мінчанка і пра такое моднае зараз паняцце, як даўншыфцінг, калі гараджане з’язджаюць жыць у вёску, у тыя часы не ведала, — распавядае Вольга Баранская. — Хацелася проста мець загарадны дом, каб перыядычна туды прыязджаць. Пры яго выбары мне важны быў не столькі будынак, колькі месца. Каб там знаходзіўся вадаём, лес. І такі куток я знайшла ў вёсцы Лешніца.

Яе назву старажылы тлумачаць па-рознаму. Адны лічаць, што тут жылі лесуны і чарнакніжнікі. Іншыя, што тут вельмі шмат ляшчыны — арэшніку. Знакаміты беларускі паэт Алесь Бачыла родам менавіта з Лешніцы, ён прысвяціў прыгажосцям тутэйшых мясцін шмат сваіх вершаў.

Новы дом пабудаваны ў 2017 годзе.
— У той год я набыла і сваю першую кабылу, — працягвае аповед суразмоўца. — Спачатку глядзела на гэту цудоўную жывёлу наіўнымі вачыма, не разумеючы, наколькі яе ўтрыманне адрозніваецца ад догляду за коцікамі. У выніку скарысталася паслугамі, дарэчы, вельмі дарагімі, для пастою прыватных коней у дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе верхавой язды ў суседняй вёсцы, таму што я ні фізічна, ні маральна не была гатовая да догляду за канём. І толькі праз тры гады на маім участку з’явілася стайня і я забрала сваю кабылу да сябе.

Аднак гэтай падзеі папярэднічала іншае — пачатак узвядзення новага дома, паколькі пасляваенная пабудова праз год пасля набыцця згарэла.

— Аднойчы хтосьці пацікавіўся: «Ці можна пакатацца на кані? Колькі гэта каштуе?» Потым іншы чалавек спытаў. А пакуль ты ніяк не аформлены, грошы браць не маеш права, — успамінае пра зараджэнне ідэі заняцца аграэкатурызмам Вольга.

У выніку, калі ў 2017 годзе новы дом быў здадзены ў эксплуатацыю, гаспадыня ў ім прапісалася і звярнулася ў мясцовае ўпраўленне занятасці па субсідыю. Як даведалася пра гэтую грашовую дапамогу?

— Я юрыст па першай адукацыі, таму без праблем чытаю і разумею заканадаўчыя акты, — адказвае Вольга Баранская. — Удзячна супрацоўніцам Пухавіцкага аддзела занятасці за дапамогу. Вельмі спадабалася вучыцца — нас, хто звярнуўся па субсідыю, накіроўвалі ў інстытут павышэння кваліфікацыі. Выдатныя выкладчыкі ў плане ведаў далі магутны рэсурс. І ўмацавалі веру ў сябе. Дарэчы, ёсць людзі, якія баяцца субсідыі, не разумеюць, што яе не трэба аддаваць. З боку дзяржавы гэта сапраўдная дапамога. Такі карт-бланш, які дае магчымасць развівацца. І абавязвае ён толькі да таго, каб чалавек не стаяў на месцы, не дэградзіраваў, а рухаўся наперад. Іншая частка людзей мяркуе, што можна ўзяць грошы і выдаткаваць на забавы, адпачынак ці нешта іншае. Такія гісторыі потым разглядаюцца ў судах, і людзі вяртаюць субсідыі з-за нямэтавага выкарыстання.

Для арганізацыі дзейнасці па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму Вольга Баранская атрымала субсідыю ў памеры 15-кратнай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму.

— На гэтыя грошы я набыла вялікі тэлевізар. На ім нашы госці могуць з любога носьбіта глядзець фатаграфіі, фільмы. А яшчэ духавую шафу, матрацы для гасцявых спальняў, — пералічвае пакупкі гаспадыня аграсядзібы. — Дарэчы, ніхто не абавязвае браць за грошы субсідыі выключна тавары нашых вытворцаў. А вось некаторыя банкі выдаюць крэдыты толькі на куплю беларускай прадукцыі.

ЭКАдзіва

— Зараз дзяржава праводзіць палітыку папулярызацыі аграэкатурызму. Аднак я назіраю, што ў слове «аграэкатурызм» многія прадпрымальнікі не бачаць ці не жадаюць заўважаць гэтыя тры літары «эка», — адзначае гераіня. — Калі прагледзець фатаграфіі існуючых аграсядзіб, якія здаюцца ў арэнду, то з дзесяці толькі адна-дзве пабудаваны з выкарыстаннем экалагічных матэрыялаў. Бо нашмат танней у будаўніцтва ўкласці мінімум, а атрымаць максімум, паставіць лазню кшталту «тэрмас», часткі якой замацаваны клеем з утрыманнем фармальдэгідных смол. Там нават знаходзіцца нельга, а людзі парацца. Сэнс наведваць такія сядзібы? Яшчэ нядаўна правяралі аграсядзібы на прадмет таго, чым яны займаюцца. Сапраўды прадастаўляюць паслугі ў сферы аграэкатурызму ці гэта гасцінічны бізнес? Бо калі людзі прымаюць на банкет па 100, 200 ці 300 чалавек, гэта зусім іншая дзейнасць. А падатак яны плацяць усяго адну базавую велічыню.

Спаніэль Куля пасля палявання.

На гэты год у Вольгі Баранскай вялікія планы. Яна задумала пабудаваць яшчэ адзін дом — гасцявы.

— Некаторыя спакойна ставяцца да адпачынку ў адным памяшканні з гаспадаром, бо ён і печ, і камін падпаліць, прыгатуе ежу, накрые і прыбярэ стол, — пералічвае бонусы гаспадыня. — А ёсць тыя, каму хацелася б пажыць асобна. Калі я пабудую гасцявы дом, то змагу запрасіць і гэтую катэгорыю адпачываючых. А пакуль для гасцей у мяне асобны паверх — на другім узроўні. Ёсць магчымасць размясціцца і на першым. Але да мяне, як правіла, прыязджаюць невялікія кампаніі. Гэта людзі, якія прытрымліваюцца здаровага ладу жыцця, хочуць есці экалагічна чыстыя прадукты. Таксама збіраюся да сваіх 22 сотак пад асабістую падсобную гаспадарку дадаць участак зямлі. Па нормах могуць выдаць да трох гектараў. Формы розныя — арэнда або выкуп ва ўласнасць па кадастравым кошце. Разглядаю апошні варыянт. У свой час я шмат дзе бывала і магу сказаць, што такіх магчымасцей, якія дае наша дзяржава грамадзянам у плане валодання зямлёй, я не сустракала ні ў Германіі, ні ў Іспаніі, ні ў Японіі. Напрыклад, у Токіа некаторыя дамы пабудаваны такім чынам, што з акна свайго дома можна пастукаць у акно іншага. Тое, што ў нас у краіне ёсць магчымасць набыць вялікі ўчастак ва ўласнасць, — гэта вялікі плюс.

Па другой адукацыі Вольга псіхолаг. Ёй падабаецца размаўляць, працаваць з людзьмі. Яна самастойна займаецца прасоўваннем сваіх старонак у сацсетках, дзе рэкламуе аграсядзібу. Наколькі гэта прыбытковы бізнес?

— Калі прыбраць кабыл, а цяпер іх у мяне дзве, то будзе больш прыбытковы, — канстатуе суразмоўца. — Утрыманне гэтых жывёл затратнае — гэта і корм, і аплата паслуг ветэрынара. Ды і догляд за імі патрабуе шмат фізічных сіл. Добра, што яны зарабляюць сабе на корм. Многія ставяцца больш па-спажывецку да коней. У мяне ж, жартуюць знаёмыя, жывёлы жывуць як у санаторыі. Але пакуль рука не падымаецца іх прадаць. Таму што яны нібы мой абярэг, ствараюць тут асаблівую аўру.

Фота з архіва гераіні матэрыялу

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter